Юлія Міхайлаўна Чурко, даследчыца беларускай харэаграфіі, балетмайстар, таленавіты педагог, удумлівы крытык і пісьменніца, унесла значны ўклад у беларускае мастацтвазнаўства.
Нарадзілася яна ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і рабочага. З дзяцінства захаплялася музыкай, танцамі і пад уплывам роднай цёткі (вядомай балерыны народнай артысткі БССР А. В. Нікалаевай) паступіла ў Беларускае харэаграфічнае вучылішча, пасля заканчэння якога ў 1954 г. была прынята ў трупу Дзяржаўнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР. Удзельнічала ў шэрагу спектакляў класічнага і нацыянальнага рэпертуару, выканала сольныя партыі ў балетах «Баядэрка» Л. Мінкуса і «Падстаўная нявеста» Г. Вагнера. Працу ў тэатры Ю. М. Чурко сумяшчала з вучобай на завочным аддзяленні факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (скончыла ў 1960 г.). У 1961 г. пакінула сцэну і цалкам прысвяціла сябе вывучэнню беларускай харэаграфіі.
Навукова-даследчай работай Ю. М. Чурко пачала займацца з 1963 г. у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. У 1964 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Национальный балет на белорусской сцене», у 1972 г. доктарскую дысертацыю на тэму «Хореографическое искусство Белоруссии: (основные этапы и проблемы развития)». Яна вывучала гісторыю і тэорыю харэаграфіі, беларускага народнага і прафесійнага танцаў. Шырокае прызнанне атрымала педагагічная дзейнасць даследчыцы. З 1970 г. Ю. М. Чурко выкладала ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага, з 1972 г. была загадчыцай кафедры Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. З 1975 г. працавала ў Мінскім інстытуце культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). У гэтай навучальнай установе прафесар Ю. М. Чурко зрабіла шмат: заснавала і да 1995 г. узначальвала кафедру харэаграфіі, стварыла першую ў краіне навукова-даследчую лабараторыю беларускай танцавальнай творчасці, на працягу некалькіх гадоў арганізоўвала і разам са студэнтамі ажыццяўляла пошукавыя экспедыцыі па зборы і аднаўленні нацыянальнага харэаграфічнага фальклору. Адначасова з 1994 г. выкладала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе кіравала кафедрай харэаграфіі (з 1995 г.), створанай для падрыхтоўкі высокапрафесійных кадраў для балетных тэатраў.
Вынікам практычнай і навуковай работы Ю. М. Чурко сталі шматлікія артыкулы ў перыядычным друку, кнігі і манаграфіі па балеце, народна-сцэнічным танцы, фальклоры, мадэрн-танцы, музычным тэатры і інш. Сярод іх – «Белорусский балет» (1966), «Белорусский сценический танец» (1969), «Белорусский народный танец» (1972), «Белорусский балетный театр» (1983), «Белорусский балет в лицах» (1988), «Белорусский хореографический фольклор» (1990), «Вянок беларускіх танцаў» (1994), «Линия, уходящая в бесконечность» (1999), «Борис Эйфман. Восхождение» (2005), «Хореография в зеркале критики» (2010), «Pro танец» (2011) і інш. Усе работы вызначаюцца тонкім адчуваннем спецыфікі мастацкай творчасці, глыбінёй і маштабнасцю тэарэтычных абагульненняў, знаёмяць з гісторыяй і развіццём балетнага мастацтва Беларусі, раскрываюць разнастайнасць творчай індывідуальнасці майстроў сцэны. Плённая праца даследчыцы адзначана высокімі ўзнагародамі. У 1991 г. Ю. М. Чурко прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь», у 1996 г. яна стала лаўрэатам тэатральнай прэміі імя К. Крапівы. У 1998 г. атрымала Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь (у складзе аўтарскага калектыву) за кнігу «Музычны тэатр Беларусі, 1960–1990».
Разнастайную педагагічную і даследчую работу Ю. М. Чурко сумяшчала з творчай працай. Яна з’яўляецца сцэнарыстам дакументальных тэлевізійных фільмаў «Мяцеліца» (1973), «Стварэнне» (1979), «Свята на Палессі» (1981), напісала лібрэта да балетаў «Мефіста» У. Кандрусевіча і «Кругаверць» А. Залётнева (была таксама харэографам-пастаноўшчыкам апошняга разам з У. Івановым). Як пісьменніца Ю. М. Чурко дэбютавала кнігай прозы «Расставайтесь, любя», якая выйшла ў 2003 г. Мастацкія творы, што склалі яе змест, знаёмяць з жыццём артыстаў балета, з тым творчым асяроддзем, якое пісьменніца добра ведала сама. У наступных кнігах – «Многоцветие чувств» (2004), «Параллельные жизни» (2006), «Банзай!» (2009) – Ю. М. Чурко раскрывае чароўны свет балетнага мастацтва, расказвае пра людзей, якія яго ствараюць. Сведчаннем арыгінальнасці мыслення, яскравай эрудыцыі, невычэрпнай фантазіі пісьменніцы сталі кнігі «Жизнь наизнанку» (2010), «Жизнь как она есть» (2011), «Марионетка» (2013), «Маски-шоу» (2014).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.