Краткая справка:
вучоны-юрыст, гісторык права, заснавальнік навуковай школы па вывучэнні гісторыі дзяржавы і права Беларусі, удзельнік падрыхтоўкі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г., аўтар шматлікіх навуковых прац, у т. л. манаграфій і навучальных дапаможнікаў
Варианты имени:
Юхо Язэп Аляксандравіч
Имена на других языках:
Юхо Иосиф Александрович (русский);
3570 символов
Справка
Значны ўплыў на развіццё айчыннай гісторыка-прававой навукі аказала творчая спадчына таленавітага вучонага, доктара юрыдычных навук, прафесара Іосіфа Аляксандравіча Юхо.
Нарадзіўся ён у сям’і работніка гарадской конкі ў Мінску. Пасля заканчэння школы ў 1938 г. паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут. У хуткім часе быў прызваны ў армію і залічаны курсантам у Горкаўскае вучылішча зенітнай артылерыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях пад Масквой, Сталінградам, на Паўднёва-Заходнім, Заходнім і 3-м Беларускіх франтах, быў паранены. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І ступені, медалямі.
Пасля вайны вучыўся ў Мінскім юрыдычным інстытуце. У 1949–1951 гг. быў народным суддзёй Варашылаўскага раёна Мінска. У 1954 г. скончыў аспірантуру Істытута філасофіі і права АН БССР і абараніў дысертацыю на тэму «Установление советской власти в Западной Белоруссии в 1939 году». З 1956 г. І. А. Юхо працаваў на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта дацэнтам, загадчыкам кафедры грамадзянскага права і працэсу, намеснікам дэкана факультэта, прафесарам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права. У 1963 г. ён распрацаваў праграму і ўпершыню пачаў выкладанне ва ўніверсітэце курса «Гісторыя дзяржавы і права БССР», што садзейнічала актывізацыі навуковых даследаванняў і прывяло да ўзнікнення нацыянальнай гісторыка-прававой школы. У 1980 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Общественно-политический строй и право Белоруссии в XVI веке». Выдатны педагог, І. А. Юхо выхаваў не адно пакаленне студэнтаў, падрыхтаваў шэраг кандыдатаў і дактароў навук.
У сваіх даследаваннях вучоны абагульніў і сістэматызаваў практычны і тэарэтычны матэрыял, прааналізаваў гістарычныя падзеі і факты, вызначыў перыядызацыю, навуковую тэрміналогію, галоўныя тэндэнцыі і заканамернасці ў развіцці нацыянальнага права і беларускай дзяржаўнасці і стаў адным з найбольш аўтарытэтных спецыялістаў у гэтай вобласці. Іосіф Аляксандравіч – аўтар больш за 200 навуковых прац, прысвечаных праблемам гісторыі дзяржавы і права Беларусі: «Правовое положение населения Белоруссии в XVІ в.» (1978), «За вольнасць нашу і вашу: Тадэвуш Касцюшка» (1990), «Крыніцы беларуска-літоўскага права» (1991), «Нарадзіўся я ліцьвінам…: Тадэвуш Касцюшка» (у суаўтарстве, 1994), «Дзяржаўнасць і права Беларусі са старажытных часоў да канца XVI ст. Ч. 1. Гістарыяграфія гісторыі дзяржавы і права феадальнай Беларусі» (1999), «Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі» (у суаўтарстве, 2001) і інш. Напісаныя ім вучэбныя дапаможнікі «Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі» (1992), «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі» (у 2 ч., 2000, 2003) і сёння з’яўляюцца запатрабаванымі студэнтамі юрыдычных спецыяльнасцей. Вучоны прымаў удзел у падрыхтоўцы шэрага энцыклапедычных выданняў, сярод якіх – «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (1989), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, Х–ХІХ стст.» (1995), «Асветнікі зямлі беларускай, Х – пачатак ХХ ст.» (2001), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (у 6 т., 1993–2003) і іншых, для якіх напісаў больш за 150 артыкулаў. Даследчык быў ініцыятарам выдання, адным з рэдактараў, перакладчыкаў, аўтараў артыкулаў і каментарыяў да энцыклапедычнага даведніка «Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік. Каментарыі» (1989).
У 1961–1964 гг. І. А. Юхо з’яўляўся намеснікам старшыні юрыдычнай камісіі пры Савеце Міністраў БССР. Удзельнічаў таксама ў распрацоўцы праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г., іншых заканадаўчых актаў. У 1996 г. вучоны быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.