Дата рождения:
27.11.1938 Старое Сяло, в., Веткаўскі раён, Гомельская вобласць
Краткая справка:
жывапісец, графік, мастак манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны
Варианты имени:
Літвінава Зоя Васілеўна
Имена на других языках:
Litvinava Zoya Vasilyeuna (не определен); Литвинова Зоя Васильевна (русский);
5391 символ
Справка
Зоя Васільеўна Літвінава – найбольш яркі прадстаўнік беларускага мастацтва, чые творы нясуць у сабе ідэі сучаснага еўрапейскага мастацтва і ў той жа час нацыянальную адметнасць.
Нарадзілася яна ў в. Старое Сяло Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Дзяцінства прыпала на цяжкі ваенны і пасляваенны час. У 1961 г. скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава і адразу пачала ўдзельнічаць у рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выстаўках. Маладая таленавітая мастачка паступіла ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на тэатральна-дэкаратыўнае аддзяленне, але потым перавялася на манументальнае аддзяленне. Яе педагогамі былі вядомыя беларускія мастакі Г. Вашчанка, А. Кішчанка, У. Стальмашонак. Пачала паглыблена вывучаць старажытнарускае і візантыйскае мастацтва, мастацтва ранняга і позняга Адраджэння і Новага часу. Скончыла інстытут у 1967 г.
Вучоба на манументальным аддзяленні адыграла станоўчую ролю ў творчым развіцці З. Літвінавай, пра што сведчаць маштабныя роспісы. Адметнасцю з’яўляецца тое, што яна працавала ў жывапіснай тэхніцы энкаўстыкі – роспіс гарачым воскам з дабаўленнем пігментаў, які не паддаецца ўздзеянню вільгаці і паветра і можа захоўвацца тысячагоддзямі. У гэтай тэхніцы ва ўсім свеце працуюць лічаныя мастакі, бо яна даволі складаная. Сярод работ – энкаўстыкі “Стары і новы Вільнюс” (1976) у кінатэатры “Вільнюс” і “Мая Радзіма” (1977) у Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў (абедзве ў Мінску, у суаўтарстве з С. Катковай), “Арфей”, “Дзень нашага жыцця” (абедзве 1984) у санаторыі “Беларусь” у Місхоры (Украіна), размалёўка капліцы Святой Марыі ў г. Хапфгартэне (1997) і храма г. Аберндорфа (2003) у Аўстрыі. Сярод станковых работ у васковым жывапісе – нацюрморты “Дзяўчына ў чорным берэце” (1974) і “Партрэт дзяўчыны” (1977). Манументальным творам уласціва глыбокае разуменне спецыфікі гэтага віду мастацтва і тэхнікі выканання.
Жывапіс для З. Літвінавай – гэта ўнікальны сродак для ўвасаблення духоўнай рэчаіснасці, якая існуе вакол нас, але нябачная вокам. Яна традыцыйны мастак, але ў творчасці не спынялася, спрабавала ісці далей. Палатно і алей застаюцца тымі матэрыяламі, дзе З. Літвінава арганічна сябе адчувае. Мастачка, якая вельмі актыўна і глыбока працуе з колерам, цікава сваім непадабенствам да іншых. Раннія творы напоўнены пераважна зялёнымі, карычневымі, цяжкімі і змрочнымі фарбамі – “Мая Беларусь”, “Сустрэча з мінулым” (абедзве 1972), “Мадонна” (1977) і інш. З часам жывапіс набываў больш яркія фарбы, станавіўся больш святланосны. Яна стала ствараць іншае асяроддзе для астатніх колераў, бо колер для мастака – носьбіт эмоцыі, энергіі. У сувязі з гэтым З. Літвінава і пачала выкарыстоўваць золата: яно прымушае па-іншаму, больш актыўна адносіцца да суседства колераў у карціне. Золата – гэта не толькі носьбіт духоўнай субстанцыі, але і асаблівага роду ўмоўнасці. Мастачка ўводзіць яго як элемент сонца, энергетыку духу. Побач з золатам кладзецца такі колер, які вытрымлівае гэты моцны, яркі энергетычны акцэнт, – “Цвіценне” (1988), “Аўтапартрэт” (1989), “Блакітная прастора” (1991), “Зімовы стан” (1993), “Знакі руху” (1995), “Афрыканскія кветкі” (1997), “Подых веера” (1998), “Яблык Арымана” (2009) і інш. Ёсць у З. Літвінавай палотны з геаметрызаванымі формамі (“Сустрэча” (1998), “Танец” (1998), “Расстаноўка акцэнтаў” (2001), “Рытмы” (2001), “Рытмы вертыкалей” (2003), “Ступені вызвалення” (2003), “Кантрасты геаметрыі” (2004)), якія адлюстроўваюць глыбокае ўнутранае напружанне, пабудаванае на логіцы, стрыманасці, асаблівай выразнасці. Не толькі колер, але і ўсё рашэнне палатна вымагаюць поўнай аддачы, канцэнтрацыі ў сабе, што і выліваецца ў напружанне і энергію. Мастачка звяртаецца да гледача на мове фігуратыўных і абстрактных формаў, часам іх сумяшчае, ствараючы кампазіцыю і сістэму ўмоўнай прасторы. Для абстрактных карцін характэрна больш філасофскае асэнсаванне. У апошніх работах мастацкае бачанне З. Літвінавай стала абвострана эмацыянальным, канцэпцыя каларыту набыла завершанасць, а канструктыўна-пластычныя вырашэнні палотнаў – вывераную логіку і ўражальную манументальнасць. У сваёй творчасці яна звяртаецца да біблейскіх тэм, тэм кахання, чалавечай адзіноты. Творчыя прыёмы знаходзяць у палотнах навізну і дзіўную моц ператварэння вобразаў. Мастачкай таксама былі напісаны партрэт М. Багдановіча (1974, 1982), акварэлі “Палескія дубы”, “Спрадвечнае”, “Паром каля Петрыкава”, “Гуканне вясны” (усе 1980), габелены “Квітней Беларусь” (1979, у суаўтарстве з С. Сакаловым), “У дынамічнай прасторы” (1991), “Дабравешчанне” (1997). Яе палотны, акварэлі, габелены, малюнкі ўвасабляюць глыбінныя аўтарскія фантазіі і мары пра ідэальную рэальнасць.
Сёння творы заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1992) захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, Траццякоўскай галерэі (Масква), Дзяржаўным Рускім музеі (Санкт-Пецярбург), музеях Рыгі, Новасібірска, Бішкека, а таксама ў галерэях і прыватных калекцыях. Яна пастаянна выстаўляецца ў Італіі, Аўстрыі, Германіі, Даніі, Францыі. У 2005 г. была ўзнагароджана ордэнам Міністэрства культуры Францыі за заслугі ў галіне мастацтва. Яркая і разнастайная творчасць З. Літвінавай злучае ў сабе адкрыцці выяўленчага мастацтва XX ст. з тым, што павінна сцвердзіцца ў стагоддзі новым.