Дата рождения:
16.12.1874 Куранец, в., Вілейскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
05.01.1914 Мінск, г.
Краткая справка:
жывапісец, рысавальшчык, аўтар партрэтаў, пейзажаў, бытавых кампазіцый
Псевдонимы:
Alpero
Имена на других языках:
Альперович Лев Абрамович (русский); Альперович Лейба Абрамович (русский);
3154 символа
Справка
Леў Абрамавіч Альпяровіч нарадзіўся ў мястэчку Куранец Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер вёска Вілейскага раёна Мінскай вобласці). Прыкладна ў 1882 г. сям’я Альпяровічаў асталявалася ў Мінску. У 1890–1892 гг. Л. Альпяровіч жыў у Вільні, вучыўся ў рысавальнай школе І. Трутнева. Потым на працягу чатырох гадоў займаўся малюнкам і жывапісам у “Рысавальнай школе і агульнаадукацыйным вучылішчы Адэскага таварыства вытанчаных мастацтваў”. Таленавіты юнак быў адзначаны малым сярэбраным медалём за малюнак з натуры, малым і вялікім бронзавымі медалямі за нацюрморт. У 1897 г. Л. Альпяровіч стаў вучнем Вышэйшага мастацкага вучылішча пры Імператарскай акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Гады вучобы былі цяжкімі і складанымі, аднак дзякуючы заступніцтву І. Рэпіна ў 1902 г. Л. Альпяровіч скончыў акадэмію, атрымаў званне мастака і вярнуўся ў Беларусь. У лютым 1906 г. у Мінску адбылася выстава, дзе былі прадстаўлены 37 яго творчых работ (партрэты, пейзажы, эцюды і інш.). У канцы гэтага ж года Л. Альпяровіч выехаў за мяжу, і некалькі гадоў жыў у Германіі. Пасля вяртання ў Мінск прымаў удзел у мастацкіх выставах, працаваў табельшчыкам, быў выкладчыкам малявання і чарчэння ў прыватным мужчынскім яўрэйскім рэальным вучылішчы. На жаль, у снежні 1913 г. (ст.ст.) мастак раптоўна памёр.
Леў Альпяровіч працаваў у жанры партрэта, пейзажа, бытавых кампазіцый. Вялікая колькасць яго работ мае характар эцюдаў. На розных этапах свайго жыцця мастак знаходзіўся пад уздзеяннем розных мастацкіх стыляў: рэалізму – “На каменяломні” (1905?), “Прачка” (канец 1900 х), “Вечар у сям’і” (канец 1900 – пачатак 1910 х); імпрэсіянізму і сімвалізму – “Бераг ракі” (сярэдзіна 1900), “Жанчына ля мора” (1905), “Пахаванне гімназісткі” (канец 1900 – пачатак 1910 х); рамантызму: “Берлін увечары. Над Шпрэе” (1906–1909), “Дамок” (канец 1900 – пачатак 1910 х).
Леў Альпяровіч з’яўляўся выдатным партрэтыстам. Яго жывапісныя і графічныя работы ўдала перадаюць не толькі знешняе падабенства мадэляў, але іх характар і ўнутраны стан: “Партрэт дзяўчыны ў чырвонай сукенцы” (першая палова 1900-х), “Жаночы партрэт” (канец 1900 – пачатак 1910 х), “Партрэт жанчыны ў белым” (канец 1900 – пачатак 1910 х), “Партрэт Ю.Ю. Клевера” (1907), “Партрэт М.Г. Бонч-Асмалоўскага” (1910?), “Дзяўчынка” (пачатак 1910 х гг.) і інш.
Пасля заўчаснай смерці мастака пра яго забыліся: падзеі Першай сусветнай і грамадзянскай войн, рэвалюцыйныя перастварэнні не спрыялі арганізацыі мастацкіх імпрэз. Толькі ў 1925 г. 20 твораў Л. Альпяровіча экспанаваліся на Першай Усебеларускай выстаўцы. У чэрвені 1939 г. мінскі скрыпач Ю. Жухавіцкі арганізаваў персанальную выстаўку творчай спадчыны Л. Альпяровіча, дзе дэманстравалася каля 200 яго работ. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны некаторыя жывапісныя і графічныя работы Л. Альпяровіча выстаўляліся ў Мінску, Маскве і Віцебску. У час вайны адна частка з іх знаходзілася ў Саратаве, другая была вывезена ў Германію. У наш час у фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Адэскага мастацкага музея знаходзіцца каля 50 работ Л. Альпяровіча.