Дата рождения:
04.02.1929 Новае Сяло, в., Талачынскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
15.08.1972
Краткая справка:
мастак, грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай сцэнаграфіі, стваральнік нацыянальнай тэматыкі ў беларускім мастацтве 1960-х гг.
Варианты имени:
Баразна Леанід Цімафеевіч
Имена на других языках:
Barazna Lyavon Tsimafeevitch (не определен); Борозна Леон Тимофеевич (русский); Борозна Леонид Тимофеевич (русский);
4525 символов
Справка
Лявон Цімафеевіч Баразна – даследчык беларускай культуры, этнограф, мастак, адзін з пачынальнікаў нацыянальнай тэмы ў беларускім мастацтве 1960-х гг. – нарадзіўся ў в. Новае Сяло Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў мясцовай школе. У гады акупацыі ў час Вялікай Айчыннай вайны быў партызанскім сувязным. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў служыў у арміі. У 1947 г. паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, якое скончыў у 1952 г. З 1963 па 1968 г. працягваў адукацыю ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленні прыкладнога мастацтва. Пасля заканчэння працаваў метадыстам у абласным Доме народнай творчасці ў Гродне, потым у 1966–1969 гг. галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР. У 1967 г. стаў членам Беларускага саюза мастакаў.
Яшчэ ў вучылішчы Л. Баразна захапіўся вывучэннем народнага беларускага мастацтва. У час экспедыцый у 1950–1960 гг. ён збіраў узоры адзення, ткацтва, замалёўваў арнаменты. Вынікам гэтай работы сталі альбомы «Беларускае народнае адзенне», «Беларуская народная вопратка», «Арнамент паўднёвай Беларусі», «Тканіны Гродзеншчыны». З 1963 па 1972 г. Л. Баразна плённа працаваў над стварэннем беларускага сцэнічнага касцюма. Паводле яго эскізаў былі зроблены касцюмы больш чым да 15 самадзейных калектываў песні і танца, хароў. Сярод іх – «Маладосць» Ваўкавыскага раёна, Смаргонскага ансамбля песні і танца імя М. Агінскага, ансамбля «Вішанька» Бераставіцкага раёна, вакальнага квінтэта саўгаса «Новае жыццё» Карэліцкага раёна, харавых калектываў «Лянок» Дзятлаўскага раёна і таварыства сляпых у Гродне, Пастаўскага аркестра народных інструментаў і інш. Сцэнічныя касцюмы Л. Баразны – адметны ўклад у беларускае прыкладное мастацтва. Яны вылучаюцца высокай культурай мадэліроўкі, выразнай і простай кампазіцыяй, гарманічнасцю колераў. Творчасць мастака атрымала высокую адзнаку. У 1963 г. ён быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Як жывапісец Л. Баразна працаваў у розных жанрах мастацтва. У раннім перыядзе творчасці ён стварыў серыю невялікіх пейзажных эцюдаў. Сярод іх – «Ваколіца. Шэры дзень» (1955), «Вясна», «Май», «На Сажы» «Надвячорак» (усе 1957), «Узлесак» (1958). З вялікай цеплынёй і жаданнем адлюстраваць унутраны свет чалавека напісаны «Партрэт маці» (1942), «Дзед» (1947), «Юнак» і «Местачковец» (1948), «Партрэт аднавяскоўца» (1949), «Стары селянін» (1956) і інш. Мастак захапляўся лірычнымі краявідамі. Яго натхнялі ціхія куточкі горада, астраўкі чыстай прыроды, старажытныя архітэктурныя помнікі, што было адлюстравана ў графічных творах «Стары Мінск» (1947), «Апусцелы хутар» (1956), «Каложа» (1959), «За Нёманам» (1960), «Вежа Навагрудскага замка» (1968) і інш. Усім гэтым работам уласцівы своеасаблівая сціпласць і стрыманасць рэалістычнай манеры пісьма. Такімі ж якасцямі характарызуюцца і раннія этнаграфічныя замалёўкі «Гаспадар», «Маладая ў вясельным уборы з вёскі Еланы на Гомельшчыны», «Дзяўчына з-пад Клецка» (усе 1957), «Сялянка ў чырвонай кофце», «Маладзіца», «Жанчына ў латушцы» (усе 1958) і інш. У наступны перыяд дзейнасці пад уздзеяннем народна-прыкладнога мастацтва і беларускай народнай творчасці манера пісьма Л. Баразны набыла іншыя якасці. Ужываючы чыстыя колеры, больш яркія фарбы, мастак скарыстоўвае імпрэсіяністычны метад пісьма і часта дасягае значнага каларыстычнага эфекту. У асобных працах гэтага часу – «Натуршчыца» (1971), «Партрэт старой кабеты» і «Вясковая дзяўчына» (1972) і іншых – дэманструе тонкае разуменне матэрыялу, выяўленчых сродкаў і тэхнікі. У апошнія годы жыцця Л. Баразна зрабіў для «Беларускай савецкай энцыклапедыі» малюнкі па гісторыі беларускага адзення ад ХІ да ХХ ст, падрыхтаваў таксама альбом «Гравюры Францыска Скарыны», які быў выдадзены ў 1972 г. (2-е выданне 1990 г.). У ім мастак з'яўляецца аўтарам уступнага артыкула, каментарыяў і тлумачэнняў да гравюр, заставак, віньетак, манаграм. Альбом Л. Баразны стаў значнай падзеяй у гісторыі беларускага скарыназнаўства другой паловы ХХ ст.
У 1972 г. мастака не стала (15 жніўня ён трагічна загінуў). У 1975 г. у Мінску адбылася персанальная выстаўка Л. Баразны, якая мела вялікі грамадскі рэзананс. У лютым 2010 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь ўрачыста адкрылася выстаўка «Лявон Баразна. Спадчына» (экспанавалася 90 твораў графікі і жывапісу, энцыклапедычныя выданні). Яна прадэманстравала новы погляд на спадчыну мастака, які жыццём і творчасцю даказваў адметнасць і ўнікальнасць народнай творчасці.