Дата рождения:
02.06.1869 Ёдчыцы, в., Клецкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
25.09.1919
Краткая справка:
прыродазнавец, геолаг, географ, хімік, заснавальнік чацвярцічнай геалогіі і палеаграфіі Еўрапейскай Поўначы і Запаляр'я
Имена на других языках:
Воллосович Константин Адамович (русский); Волосович Константин Адамович (русский);
3505 символов
Справка
Канстанцін Адамавіч Валасовіч, заснавальнік чацвярцічнай геалогіі і палеаграфіі Еўрапейскай Поўначы і Запаляр’я Усходняй Сібіры, нарадзіўся ў в. Ёдчыцы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Клецкі раён Мінскай вобласці) у сям’і свяшчэнніка. Некаторы час вучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі. У 1888 г. паступіў на факультэт прыродазнаўчых навук Варшаўскага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога ў 1892 г. атрымаў ступень кандыдата навук за работу па арганічнай хіміі «Об окислении коричневого спирта и получении фенол-глицерина». Працаваў у хімічнай лабараторыі Расійскай акадэміі навук, Лясным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу, займаўся даследчыцкай і выкладчыцкай дзейнасцю. У 1894 г. К.А. Валасовіч быў арыштаваны за ўдзел у студэнцкія гады ў рэвалюцыйным руху. Пасля двух гадоў зняволення адпраўлены на пасяленне ў г. Шэнкурск Архангельскай губерні тэрмінам на пяць гадоў. У ссылцы займаўся хімічнымі даследаваннямі, знаёміўся з арганізацыяй смалакурнай і шкіпінарнай вытворчасці. Пачаў вывучэнне геалагічнай будовы берагоў Паўночнай Дзвіны пад кіраўніцтвам прафесара геалогіі У.П. Амаліцкага, па даручэнні Заалагічнага музея Расійскай акадэміі навук у 1897 г. назіраў і апісваў жывёльны свет Белага мора. У перыядычным друку Варшавы і Санкт-Пецярбурга было апублікавана некалькі артыкулаў вучонага па геалогіі рускага Запаляр’я, на якія звярнуў увагу вядомы расійскі палярны даследчык таго часу Э.В. Толь. Па яго запрашэнні К.А. Валасовіч далучыўся да першай Рускай палярнай экспедыцыі на Новасібірскія астравы (1900–1902). Ён узначаліў дапаможны санны атрад, які даставіў на ўзбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна харчовыя прыпасы. У час экспедыцыі сабраў багатую палеанталагічную і геалагічную калекцыі, на аснове якіх у далейшым было падрыхтавана восем навуковых прац. У 1902–1903 гг. К.А. Валасовіч лячыўся ў Цюрыху (Швейцарыя). Пасля вяртання ў Расію апрацоўваў геалагічныя калекцыі, сабраныя Рускай палярнай экспедыцыяй, склаў першую геалагічную карту Новасібірскіх астравоў (1906).
У 1908–1910 гг. па даручэнні Пецярбургскай акадэміі навук К.А. Валасовіч узначальваў геолага-геаграфічныя экспедыцыі ў Запалярнай Якуціі. Пад кіраўніцтвам вучонага праводзіліся вывучэнне геалогіі Хараўлахскіх гор і нізоўяў Лены, метэаралагічныя вымярэнні і здымка берага Паўночнага Ледавітага акіяна паміж вытокамі рэк Яна і Індзігірка. Былі сабраны звесткі аб геаграфічных асаблівасцях краю і яго насельніцтве, калекцыі флоры, фаўны і акамянеласцей. У час экспедыцый К.А. Валасовіч знайшоў і ўпершыню сфатаграфаваў ледзяныя фірнавыя палі і кекуры – падобныя на слупы скалы прыроднага паходжання, якія нагадваюць каменны лес пасярод тундры. Вучоны збярог для навукі шкілет і рэшткі Ляхаўскага маманта. Зараз яны захоўваюцца ў Нацыянальным музеі прыродазнаўства ў Парыжы. Свае грунтоўныя геалагічныя назіранні даследчык надрукаваў у працы «Ленско-Колымская экспедиция 1909 года под начальством К.А. Воллосовича». Ён аўтар 16 навуковых публікацый, сярод якіх «Раскопки Санга-Юрахского мамонта в 1908 году» (1909), «Мамонт острова Большого Ляховского (Новосибирские острова)» (1915) і інш. Вучоны ўдзельнічаў у інжынерна-геалагічных работах па рэканструкцыі Архангельскага марскога порта, займаўся геалагічнымі даследаваннямі ў Паволжы, Кубані, Маскоўскай і іншых губернях. У апошнія гады жыў у г. Есентукі. У 1919 г. даследчык загінуў у чыгуначнай катастрофе каля Харкава. Яго імем названы мыс у архіпелагу Паўночная Зямля, некаторыя выкапнёвыя расліны і жывёлы.