Дата рождения:
06.08.1904 Саннікі, в., Лепельскі павет, Віцебская губерня (цяпер Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласць)
Дата смерти:
08.10.1969
Краткая справка:
грамадскі, партыйны і дзяржаўны дзеяч, вучоны-гісторык, акадэмік НАН Беларусі, кавалер ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга
Имена на других языках:
Горбунов Тимофей Сазонович (русский);
3389 символов
Справка
Цімафей Сазонавіч Гарбуноў нарадзіўся 6 жніўня 1904 г. у в. Саннікі Лепельскага павета Віцебскай губерні (сёння Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька памёр рана, таму хлопцу давялося зведаць нямала пакут: з 8 гадоў Цімафей знаходзіўся на ўтрыманні блізкіх родзічаў, парабкаваў на заможных гаспадарках. З 15 гадоў працаваў рабочым на лесапільным заводзе ў в. Ніжняе Крывіна (Бешанковіцкі раён) і льнопрадзільнай фабрыцы “Дзвіна” ў Віцебску, далучыўся да камсамольскай і партыйнай работы, працаваў на адказных пасадах у Бешанковіцкім раёне.
У 1924 г. скончыў Віцебскую савецкую партыйную школу, у 1931 г. – Камуністычны ўніверсітэт Беларусі імя У.І. Леніна ў Мінску, у 1936 г. – гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў адказным рэдактарам мінскай газеты “Сельскохозяйственный рабочий”, рэдактарам раённай газеты “Бальшавік Барысаўшчыны”, уласным карэспандэнтам газеты “Правда” на Беларусі, рэдактарам газеты “Звязда” і інш. У 1937 г. Ц.С. Гарбуноў быў накіраваны на працу ў Дзяржаўнае выдавецтва БССР, дзе праявіў высокую кваліфікацыю і значныя журналісцкія здольнасці. Праз некаторы час прызначаны галоўным рэдактарам гэтага выдавецтва.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны Ц.С. Гарбуноў быў на палітычнай рабоце ў Чырвонай Арміі, актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. Пры яго падтрымцы паліторганы шэрагу франтоў выдавалі армейскія газеты “За Савецкую Беларусь”, “За свабодную Беларусь”, добра вядомы плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну!” і інш. (усяго выдаваліся 162 падпольныя газеты і шматлікая колькасць лістовак). У 1942 г. менавіта па ініцыятыве Цімафея Сазонавіча пры ЦК КП(б)Б створана Камісія па гісторыі Айчыннай вайны. Матэрыялы, сабраныя ёю, сталі асновай для адкрыцця ў Мінску ў 1944 г. Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
У пасляваенны час Ц.С. Гарбуноў працаваў рэдактарам часопіса “Наука и жизнь”, з’яўляўся намеснікам старшыні праўлення Усесаюзнага таварыства па распаўсюджванні палітычных і навуковых ведаў, на працягу 20 гадоў (1947–1967) выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (у 1955–1963 гг. займаў пасаду яго Старшыні). У гэты ж перыяд стаў актыўна даследаваць пытанні гісторыі ўтварэння БССР, уз’яднання беларускага народа ў адзінай дзяржаве, партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нацыянальна-вызваленчай і рэвалюцыйнай барацьбы беларускага народа. Напісаў больш за 20 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій. Сярод найбольш вядомых прац вучонага: “Освобождённая Западная Белоруссия” (1940), “Героическое прошлое белорусского народа” (1945), “Образование Белорусской Советской Социалистической Республики” (1949), “Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве” (1949), “Народы-братья: о связях белорусского народа с народами Прибалтики” (1961) і інш. Некаторыя з яго прац былі аб’яўлены нацыяналістычнымі, забаронены для выкарыстання ў бібліятэках, а асноўны тыраж знішчаны.
У 1959 г. Ц.С. Гарбуноў абраны членам Акадэміі навук Беларусі. Праз некаторы час стаў акадэмікам-сакратаром аддзялення грамадскіх навук Акадэміі, членам Прэзідыума, галоўным рэдактарам часопіса “Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук”. Быў узнагароджаны ордэнамі Леніна (1943), Чырвонага Сцяга (1944), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1954), медалямі.