Дата рождения: 04.04.1814 Стралічава, в., Хойніцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти: 05.10.1875
Краткая справка: дыпламат, мовазнавец, даследчык Японіі і Кітая, арыенталіст, натураліст, лаўрэат Дзямідаўскай прэміі Пецярбургскай АН (1858)
Имена на других языках: Гошкевич Иосиф Антонович (русский); Гошкевич Осип Антонович (русский);
У гісторыі ўсходазнаўства вядома шмат выдатных вучоных, якія пакінулі яркі глыбокі след у айчыннай і сусветнай культуры. Вялікі ўклад у вывучэнне Далёкага Усходу зрабіў ураджэнец Беларусі Іосіф Антонавіч Гашкевіч – першы расійскі консул у Японіі, вучоны-натураліст, арыенталіст.
Нарадзіўся ён у сям’і небагатага сельскага святара. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер Гомельская вобласць). Пасля заканчэння царкоўнапрыходскай школы адукацыю працягваў у Мінскай духоўнай семінарыі. У ліку двух лепшых выпускнікоў быў накіраваны на вучобу ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, якую скончыў у 1839 г., атрымаў званне магістра багаслоўя, але святарскага сану не прыняў і ў якасці перакладчыка быў залічаны ў склад Рускай духоўнай місіі ў Пекіне.
У Кітаі І.А. Гашкевіч правёў дзесяць гадоў. Ён даследаваў культуру гэтай краіны, вывучаў карэйскую, японскую, маньчжурскую і кітайскую мовы. З’яўляючыся апантаным аматарам прыроды і калекцыянерам, сабраў багаты энтамалагічны матэрыял. Яго ўнікальная калекцыя насякомых захоўваецца ў Заалагічным музеі Заалагічнага інстытута Расійскай акадэміі навук. Вялікую каштоўнасць прадстаўлялі астранамічныя і метэаралагічныя справаздачы, якія вучоны адпраўляў у Галоўную астранамічную (Пулкаўскую) абсерваторыю. Сабраныя ў Кітаі матэрыялы паслужылі падставай для серыі публікацый у пецярбургскіх навуковых зборніках, сярод іх – артыкулы “О шелководстве”, “Императорское, или благовонное, пшено (скороспелое) юй-дао-ми, сень-дао-ми”, “Хонкон (Гонконг), из записок русского путешественника” і інш. Асобны артыкул даследчык прысвяціў гісторыі і тэхналогіі вырабу тушы, румян і бяліл. Навуковы свет высока ацаніў працы І.А. Гашкевіча.
Пасля вяртання з Кітая вучоны некалькі гадоў працаваў у Міністэрстве замежных спраў Расійскай Імперыі. У 1852 г. у Пецярбургу фарміравалася дыпламатычная місія ў Японію пад кіраўніцтвам адмірала Я.В. Пуцяціна. Са згоды імператара Мікалая І у яе склад быў уключаны І.А. Гашкевіч (бадай, адзіны на той час знавец японскай мовы). Дыпламатам неабходна было вырашыць шэраг складаных задач: адкрыць японскія парты, заключыць дагавор аб сяброўстве і гандлі, узгадніць пытанне аб мяжы паміж краінамі. Дзесяць месяцаў спатрэбілася экспедыцыі, каб дасягнуць берагоў Японіі. Фрэгат “Палада”, на якім здзяйснялася падарожжа, пабываў у партах Еўропы, Азіі, Афрыкі. Гэта плаванне бліскуча апісана ў літаратурных нарысах «Фрегат “Паллада”», аўтарам якіх з’яўляецца І.А. Ганчароў – вядомы рускі пісьменнік, а таксама ўдзельнік падарожжа.
Японцы ўспрынялі візіт рускіх дыпламатаў насцярожана, і перагаворы зацягнуліся. Толькі ў 1855 г. быў заключаны першы руска-японскі дагавор, які стаў пачаткам афіцыйных міждзяржаўных адносін. У яго падпісанні прыняў актыўны ўдзел І.А. Гашкевіч. За гады, праведзеныя ў экспедыцыі Я.В. Пуцяціна, ён выканаў вялікі аб’ём навукова-даследчых работ: назіраў за раслінамі і жывёламі, займаўся геалогіяй, склаў карту бухт, заліваў і астравоў усходняга берага Карэі і інш. У час знаходжання ў Японіі асабліва блізкія адносіны склаліся ў І.А. Гашкевіча з будыйскім бонзам Тацібана но Каасай, які дапамог вучонаму здзейсніць даўнюю мару – скласці “Японско-русский словарь”, што быў выдадзены ў Пецярбургу ў 1857 г. (адзначаны прэстыжнай Дзямідаўскай прэміяй і Залатым медалём Пецярбургскай акадэміі навук).
У 1858 г. І.А. Гашкевіч быў прызначаны першым расійскім консулам у Японію. Консульства размясцілася на поўначы краіны ў г. Хакадатэ (востраў Хакайда). Навукова-асветніцкая і дыпламатычная дзейнасць Іосіфа Антонавіча была скіравана на тое, каб далучыць японцаў да еўрапейскай культуры. Чалавек усебакова адукаваны, ён з’яўляўся сапраўдным правадніком славянства ў гэтай краіне. Пад кіраўніцтвам І.А. Гашкевіча служачыя пасольства навучылі японцаў шыць еўрапейскае адзенне, фатаграфаваць, выпякаць хлеб, гатаваць малочныя прадукты і саленні; пазнаёмілі з асновамі мараплавання, суднабудавання, фартыфікацыі і артылерыі, медыцыны. Важнае значэнне надаваў ён распаўсюджванню ў Японіі рускай мовы. З гэтай мэтай у Хакадатэ была створана консульская школа, дзе навучалася да дзесяці японскіх хлопчыкаў. Руская школа існавала таксама ў г. Нагасакі. Каб палепшыць авалоданне мовай, І.В. Махаў (дыякан консульства) склаў руска-японскую азбуку.
Першы расійскі консул вярнуўся ў Пецярбург у 1865 г.: з 50 гадоў жыцця 24 былі праведзены ў чужых краінах. Спачатку ён служыў у Міністэрстве замежных спраў Расійскай Імперыі, потым па стане здароўя выйшаў у адстаўку. Набыў невялікі маёнтак Малі ў Віленскай губерні (цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобласці), дзе працягваў займацца ўсходняй філалогіяй: напісаў фундаментальную працу “О корнях японского языка”, якая была выдадзена пасмяротна ў Вільні ў 1899 г. Вучоны пакінуў пасля сябе багатую навуковую спадчыну: работы па японазнаўстве, калекцыі і гербарыі, унікальную бібліятэку, што ўключае больш за 1340 ксілагравюр і старадрукаў, 47 лістоў геаграфічных карт (захоўваецца ў фондах Інстытута ўсходазнаўства Расійскай акадэміі навук).
Уклад І.А. Гашкевіча ў справу збліжэння Расіі і Японіі цяжка ацаніць. У гэтай краіне і сёння ўшаноўваецца памяць пра першага рускага консула: у Хакадатэ пастаўлены помнік, працуе тут і музей вучонага. Імя І.А. Гашкевіча ўвекавечана на геаграфічнай карце свету: у гонар дыпламата названы заліў у Паўночнай Карэі. Не забыты даследчык і ў Беларусі. Існуе таварыства “Памяць пра І.А. Гашкевіча”, створаны японска-беларуска-рускі фонд. У в. Малі ўстаноўлены памятны знак, адна з вуліц Мінска названа яго імем, а ў г. Астраўцы ў 1994 г. узведзены помнік. Імя славутага сына Беларусі ўключана ў спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2014–2015 гг.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.