Адным з буйнейшых скульптараў апошняй чвэрці ХІХ – першай трэці ХХ стст. з’яўляўся Ілья Якаўлевіч Гінцбург. Ён увайшоў у гісторыю рускага мастацтва як майстар жанравых фігур і партрэтных статуэтак дзеячаў культуры.
Нарадзіўся І. Гінцбург у Гродна ў сям’і пісьменніка-талмудыста. Пасля смерці бацькі пераехаў з роднымі ў Вільню, дзе захапіўся выразаннем з тачыльных камянёў. Пры дапамозе сцізорыка і завостраных цвікоў вырабляў невялікія прадметы, фігуркі людзей і жывёл, якія часам прадаваў. Дзіцячае захапленне не падтрымлівала маці, якая ў будучым бачыла сына рабінам.
Першым працы хлопчыка ўбачыў і ацаніў вядомы скульптар М. Антакольскі, які наведваў Вільню ў 1870 г. Пры яго дапамозе Ілья ў адзінаццацігадовым узросце прыехаў у Санкт-Пецярбургу і пасяліўся ў майстэрні, дзе мог назіраць за працай свайго апекуна, развіваць і ўдасканальваць свой талент. Праз некаторы час пад кіраўніцтвам М. Антакольскага юны скульптар упрыгожыў арнаментам трон статуі Івана Грознага, выканаў бюст губернатара К. Граота і інш. Пасля заканчэння рэальнага вучылішча (1878) І. Гінцбург паступіў на скульптурнае аддзяленне Імператарскай Акадэміі мастацтваў (Санкт-Пецярбург). Яго настаўнікамі былі вядомыя майстры А. Бок, М. Лаверэцкі, І. Падазёраў і інш. Адначасова наведваў заняткі ў Школе малявання таварыства падтрымкі мастакоў. У 1886 г. І. Гінцбург атрымаў залаты медаль і званне класнага мастака І ступені за кампазіцыю “Плач прарока Іерэміі на руінах Іерусаліма”. На працягу года праходзіў стажыроўку ў Еўропе. У далейшым шмат падарожнічаў, удзельнічаў у міжнародных выстаўках у Парыжы, Сэнт-Луісе, Мюнхене, Берліне, Венецыі, Чыкага і інш. У 1918–1925 гг. выкладаў у скульптурным класе Петраградскіх дзяржаўных мастацкіх майстэрняў, у 1921–1923 гг. быў дэканам скульптурнага факультэта Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрняў.
Скульптурныя партрэты сталі асноўным напрамкам ў творчасці І. Гінцбурга. Безумоўнае падабенства, цудоўная лепка твараў і асобных дэталей – асноўныя рысы, характэрныя для яго работ. Скульптар стварыў галерэю статуэтак і бюстаў дзеячаў культуры і навукі ў іх паўсядзённай дзейнасці. Сярод іх – І. Шышкін, В. Сурыкаў, В. Верашчагін, П. Чайкоўскі, А. Рубінштэйн, М. Горкі, Ф. Шаляпін, Д. Грыгаровіч, У. Салаўёў і інш. Ён аўтар мастацкіх надмагілляў М. Антакольскага, М. Мусаргскага, У. Стасава. У галіне манументальнай скульптуры – помнікаў М. Гогалю, І. Айвазоўскаму, А. Пушкіну, Д. Мендзялееву, Г. Пляханаву. Зрабіў таксама шэраг жанравых кампазіцый. Сярод іх – “Малады музыкант”, “На арэлях”, “Дон Кіхот і Санча Панса”, “Хлопчык, які збіраецца купацца”, “Насільшчык, што нясе на плячы забітага звера” і інш. Працы І. Гінцбурга прадстаўлены ў многіх музейных зборах Расіі – Траццякоўскай галерэі, Рускім і Гістарычным музеях і інш.
Акрамя скульптуры, І. Гінцбург займаўся літаратурнай дзейнасцю, пісаў успаміны. Свае артыкулы друкаваў у перыядычных выданнях “Новости”, “Русское слово”, “Сын Отечества” і інш. У 1880 г. у часопісе “Мир Божий” была надрукавана яго аўтабіяграфія, у 1908 г. выйшла кніга ўспамінаў “Из моей жизни”.
Памёр скульптар у 1939 г., пахаваны ў Санкт-Пецярбургу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.