Дата рождения: 08.03.1914 Мінск, г.
Дата смерти: 02.12.1987
Краткая справка: фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў навуковай школы фізіка-хімічных працэсаў гарэння, дэтанацыі і ўдарных хваль, акадэмік АН СССР, член Нацыянальнай акадэміі навук ЗША і Лонданскага каралеўскага таварыства, лаўрэат Ленінскай прэміі (1957), Дзяржаўнай прэміі СССР (1943, 1949, 1951, 1953), кавалер ордэна Леніна (1949, 1962, 1974), "Знак Пашаны"
Имена на других языках: Зельдович Яков Борисович (русский);
Значны ўклад у вырашэнне разнастайных пытанняў хіміі, ядзернай фізікі і касмалогіі ўнёс наш зямляк Якаў Барысавіч Зяльдовіч, адзін з заснавальнікаў навуковай школы фізіка-хімічных працэсаў гарэння, дэтанацыі і ўдарных хваль.
Нарадзіўся ён у Мінску ў сям’і адваката. У пачатку Першай сусветнай вайны бацькі пераехалі ў Петраград. Пасля заканчэння школы быў лабарантам Ленінградскага інстытута механічнай апрацоўкі карысных выкапняў. Займаўся самаадукацыяй, непрацяглы час вучыўся ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце і Ленінградскім політэхнічным інстытуце, аднак сістэматычнай вышэйшай адукацыі не атрымаў. З 1931 г. працаваў у Інстытуце хімічнай фізікі АН СССР, дзе дзякуючы сваім выключным здольнасцям да навуковай работы, быў прыняты ў аспірантуру. Займаўся пошукам эфектыўных рэчываў для процівагазаў. Развіў тэорыю адсорбцыі і ў 1936 г. бліскуча абараніў кандыдацкую дысертацыю па гэтай тэме. У якасці загадчыка лабараторыі інстытута вывучаў праблемы акіслення азоту ў гарачым полымі, якія сталі асновай яго доктарскай дысертацыі, абароненай у 1939 г. Адначасова працаваў над разлікам ланцуговай ядзернай рэакцыі дзялення ўрану (разам з Ю. Б. Харытонам), тэорыямі гарэння пораху і хуткасці распаўсюджвання полымя ў газавых сумесях, удасканаленнем унутранай балістыкі снарадаў «Кацюша» і інш. Вынікі даследаванняў выклаў у шэрагу манаграфій: «Теория горения и детонации газов» (1944), «Теория ударных волн и введение в газодинамику» (1946), «Окисление азота при горении», «Расчеты тепловых процессов при высокой температуре», «Тепловой взрыв и распространение пламени в газах», «Турбулентное и гетерогенное горение» (усе ў 1947 г., у суаўтарстве).
У 1948–1965 гг. Я. Б. Зяльдовіч з’яўляўся галоўным тэарэтыкам атамнага праекта СССР. У складзе рабочай групы пад кіраўніцтвам І. В. Курчатава прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні атамнай і вадароднай бомб. За гэты перыяд калектывам даследчыкаў было сканструявана больш за 40 відаў вырабаў для авіяцыі, артылерыі і ваенна-марскога флоту. За значныя навуковыя дасягненні вучоны быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы (1949, 1953, 1956), стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1943, 1949, 1951, 1953) і Ленінскай прэміі (1957). Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1945, 1964), Леніна (1949, 1962, 1974), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1984), Залатым медалём І. В. Курчатава – за адкрыцці ў ядзернай фізіцы (1974), медалямі. У 1958 г. выбраны акадэмікам АН СССР (член-карэспандэнт з 1946 г.).
З 1965 па 1983 г. Я. Б. Зяльдовіч працаваў у Дзяржаўным астранамічным інстытуце імя П. К. Штэрнберга, Інстытуце прыкладной матэматыкі, з 1983 г. – Інстытуце фізічных праблем АН СССР, адначасова з’яўляўся прафесарам фізічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яго даследаванні былі прысвечаны пытанням тэарэтычнай астрафізікі і касмалогіі. Вучоны распрацаваў і прапанаваў эксперыментальныя метады праверкі тэорый апошніх стадый эвалюцыі зорак і зоркавых сістэм, гравітацыйнага калапсу, працэсаў «гарачага Сусвету», паходжання магнітных палёў зорак і галактыкі, існавання гіганцкіх пустых абласцей у космасе і інш. Стаў адным з заснавальнікаў рэлятывісцкай астрафізікі – новай галіны ведаў, што вывучае чорныя дзіркі і працэсы, якія адбываюцца ў іх наваколлі. Сярод публікацый па гэтых тэмах – «Релятивистская астрофизика» (1967, у суаўтарстве), «Корона Пульсара, его колебания и излучение» (1968), «Рекомбинация водорода в горячей модели Вселенной» (1968, у суаўтарстве), «Гипотеза магнитной космологической неоднородности» (1969), «Эволюция плазмы» (1970), «Теория тяготения и эволюция звезд» (1971, у суаўтарстве), «Спонтанные процессы в вакууме» (1974), «Термодинамическое равновесие и тяжелые частицы вблизи черной дыры» (1975), «Турбулентное динамо в астрофизике» (1980, у суаўтарстве), «Физические основы строения и эволюции звезд» (1981, у суаўтарстве), «Драма идей в познании природы: частицы, поля, заряды» (1988, у суаўтарстве) і інш. Падрыхтаваў таксама некалькі навучальных дапаможнікаў і даведнікаў па фізіцы і матэматыцы.
Працы вучонага атрымалі прызнанне ва ўсім свеце. Ён быў выбраны членам некалькіх замежных акадэмій, навуковых таварыстваў і ўніверсітэтаў, адзначаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. У яго гонар названы астэроід. У 1978 г. у Мінску ўстаноўлены помнік. У 2019 г. на Студыі гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна» ў рамках праекта «Сто імёнаў Беларусі» быў зняты дакументальны фільм «Зяльдовіч. Тэорыя гарэння і выбуху» (рэжысёр А. Макаранка).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.