Дата рождения:
23.10.1924 Іскозы, в., Дубровенскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
12.10.2014 Гродна, г.
Краткая справка:
мовазнавец, педагог, аўтар шматлікіх даследаванняў па розных галінах мовазнаўства, у т.л. дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў, слоўнікаў і г.д., выдатнік народнай асветы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ст., медалямі
Имена на других языках:
Лепешев Иван Яковлевич (русский);
5047 символов
Справка
Іван Якаўлевіч Лепешаў шмат зрабіў для развіцця беларускай мовы, захапляўся яе багаццем і мілагучнасцю.
Нарадзіўся І.Я. Лепешаў у в. Іскозы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. У 1940 г. скончыў восем класаў Ліцвінаўскай сярэдняй школы, здаў экстэрнам экзамены за дзявяты клас і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, але паспеў скончыць толькі першы курс. Вучобу перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Навучальную ўстанову скончыў у 1948 г. Некаторы час працаваў настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў розных школах. У 1959 г. скончыў філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы, у 1971 г. ‒ аспірантуру Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. З 1971 г. І.Я. Лепешаў працаваў на кафедры беларускай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (цяпер Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы). У 1973 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Фразеология в произведениях К. Крапивы», а ў 1985 г. ‒ доктарскую на тэму «Проблемы фразеологической стилистики и фразеологической нормы в современном белорусском литературном языке». У 1987 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара.
Іван Якаўлевіч ‒ аўтар больш за 620 навуковых прац, прысвечаных фразеалогіі, мове мастацкай літаратуры, розным аспектам культуры мовы і маўлення, марфалагічным, сінтаксічным, фразеалагічным нормам і выпадкам іх парушэння ў вуснай і пісьмовай мовах. Ім былі напісаны манаграфіі, слоўнікі, вучэбныя дапаможнікі, метадычныя распрацоўкі, навуковыя і публіцыстычныя артыкулы. Яшчэ ў пачатку даследчай дзейнасці вучоным падрыхтаваны навукова-метадычныя выданні па пытаннях выкладання мовы і літаратуры «Изготовление и использование таблиц по русскому языку» (1966) і «Литературно-краеведческий кружок» (1969). Першымі працамі ў галіне лексікаграфічнага і тэарэтычнага апісання літаратурнай фразеалогіі сталі «Фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы» (1973, у суаўтарстве), «Фразеалогія ў творах К. Крапівы» (1976). Спецыфіку мовы мастацкай літаратуры І.Я. Лепешаў раскрыў у кнізе «Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора» (1981). Гэта праца стала першым даследаваннем такога тыпу і першым дапаможнікам па адпаведнай навучальнай дысцыпліне. У ёй даюцца прафесійныя тлумачэнні разнастайных лінгвістычных з’яў, якія выкарыстоўваюцца ў мастацкіх творах.
Найбольш значнымі з’яўляюцца даследаванні вучонага ў галіне беларускай фразеалогіі. У «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» (1981) дадзена тлумачэнне і раскрыта паходжанне каля 450 фразеалагізмаў беларускай літаратурнай мовы. У 1993 г. выйшла другая значна дапоўненая частка слоўніка. Фразеалагізмы, сабраныя ў гаворках Гродзенскай і Віцебскай абласцей, увайшлі ў дыферэнцыяльны слоўнік «З народнай фразеалогіі» (1991). Даследаванням у сферы фразеалогіі прысвечаны працы «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы» (1984), «Фразеалогія сучаснай беларускай мовы» (1998), «У фразеалагічную скарбонку» (2004). Фундаментальным стаў «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» ў двух тамах (1993). Другое дапрацаванае і дапоўненае выданне выйшла пад назвай «Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы» (2008). Для яго аўтар адшукаў і выпісаў з твораў беларускай мастацкай літаратуры дзясяткі тысяч фразеалагічных цытат. Вучоны ўвёў у курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы асобныя раздзелы парэміялогіі і парэміяграфіі, у якіх вывучаюцца прыказкі як моўныя адзінкі. Тэорыя прыказак, іх семантыка, этымалогія, граматыка і стылістыка ўпершыню абгрунтаваны ў дапаможніку «Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства» (2006). У «Слоўніку беларускіх прыказак» (1996, 2002, 2006, у суаўтарстве) даследчык растлумачыў сэнс найбольш ужывальных прыказак, даў іх сітуацыйную і стылістычную характарыстыку, прадэманстраваў варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі. Выкарыстанне прыказак як моўных адзінак паказана на прыкладах з мастацкіх і публіцыстычных твораў. Некаторыя прыказкі дапоўнены даведкамі пра іх паходжанне. Яшчэ адной значнай працай з’яўляецца «Этымалагічны слоўнік прыказак» (2014), які стаў не толькі вынікам шматгадовых этымалагічных пошукаў вучонага, але і першым даведнікам такога тыпу ў славянскай лексікаграфіі.
Іван Якаўлевіч Лепешаў з’яўляецца аўтарам вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў і вучняў школ «Моўныя самацветы» (1985), «У слоўнікавую скарбонку» (1999), «Практыкум па беларускай мове» (2001, у суаўтарстве), «Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні» (2002), «Чаму мы так гаворым» (2003), «Практыкум па фанетыцы, арфаэпіі, графіцы і арфаграфіі» (2007, у суаўтарстве), «Культура маўлення» (2007), «Лінгвістычны аналіз тэксту» (2009). Атрымалі вядомасць навукова-папулярныя кнігі І.Я. Лепешава «Дазнанні» (2000), «У пошуках ісціны» (2007), «Літаратура, мова, гісторыя: надзённае» (2010), «Упоравень з часам» (2012), «Перад змярканнем» (2013).
Іван Якаўлевіч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга» і іншымі, знакам «Выдатнік народнай асветы», шэрагам ганаровых грамат.