Дата рождения:
12.09.1929 Калюціна, в., Расонскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
22.09.2001
Краткая справка:
драматург, журналіст, сцэнарыст, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР (1984), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1988)
Имена на других языках:
Матуковский Николай Егорович (русский);
5029 символов
Справка
Мікалай Ягоравіч Матукоўскі належыць да таго пакалення беларускіх літаратараў, якія працавалі ў другой палавіне ХХ ст. Яго творчасць вызначаецца непаўторнай індывідуальнасцю, адметным стылем, уласным падыходам да асвятлення рэчаіснасці.
Нарадзіўся М. Матукоўскі ў в. Калюціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны вучыўся ў Матылёўскай школе. У гады акупацыі разам з маці, старэйшымі братамі і сястрой знаходзіўся ў партызанскай зоне. У лістападзе 1943 г. праз Віцебскія (Суражскія) «вароты» яны былі эвакуіраваны за лінію фронту ў г. Заходняя Дзвіна. Там М. Матукоўскі пачаў працаваць стажорам шафёра ў мясцовай МТС. У 1945 г. паехаў да брата ў Кішынёў. У 1947 г. вярнуўся ў Беларусь. Пасля заканчэння Тродавіцкай сярэдняй школы (1950) працаваў загадчыкам аддзела кадраў і аграработы Расонскага райкама камсамола, літсупрацоўнікам раённай газеты «Сацыялістычная праца», прапагандыстам Расонскага райкама партыі. З 1950 па 1956 г. вучыўся на завочным аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. У 1952–1960 гг. з’яўляўся літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела навукі і школ, аддзела літаратуры і мастацтваў у рэспубліканскай газеце «Звязда». У 1960–1964 гг. быў галоўным рэдактарам літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, потым галоўным рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР (1964–1966). З 1966 г. – уласны карэспандэнт, з 1970 г. – загадчык Беларускага аддзялення рэдакцыі газеты «Известия». З 1993 па 1995 г. працаваў у газеце «Рэспубліка». У 1995–1998 гг. з’яўляўся кіраўніком літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. У 1958 г. стаў членам Саюза журналістаў СССР. У 1971 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР.
Друкавацца М. Матукоўскі пачаў з 1950 г. Яго нарысы, фельетоны, вершы, публікаваліся ў расонскай раённай, полацкай абласной, а таксама ў рэспубліканскіх газетах. У артыкулах пісаў пра захаванне ўнікальнай флоры і фаўны («Белавежская пушча»), будучыню Палесся («Чаму знікаюць рэкі?» і «Палеская цаліна»), раскрываў недахопы ў сельскагаспадарчай вытворчасці («Раз картошка, два картошка...», «Дальні прабег бульбы», «Беларускі лён. Што з ім адбываецца?»), асвятляў пытанні эканомікі і маралі. Героямі яго нарысаў сталі славутыя кіраўнікі Героі Сацыялістычнай Працы У. Бядуля і В. Старавойтаў, пісьменнікі В. Быкаў, І. Мележ і А. Макаёнак, мастак М. Савіцкі, першы сакратар ЦК КПБ П. Машэраў, сотні знакамітых і звычайных людзей. Журналісцкую працу М. Матукоўскі сумяшчаў з літаратурнай дзейнасцю. Яго першая п’еса – камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (або «Уваскрасенне Дон Кіхота») – была напісана ў 1965 г. і праз год пастаўлена ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача ў Мінску. У 1967 г. у Магілёўскім абласным драматычным тэатры адбылася прэм’ера гераічнай драмы «Тры дні і тры ночы» (1966). У 1970 г. М. Матукоўскі прыняў удзел у рэспубліканскім конкурсе на лепшы драматургічны твор, на які прадставіў камедыю «Амністыя». Яна атрымала другую прэмію і прынесла аўтару сапраўдны поспех. Пасля прэм’еры ў Купалаўскім тэатры (1970) п’еса была ўключана ў рэпертуар многіх тэатраў краіны. Наступныя творы – «Апошняя інстанцыя» (1975) і «Наследны прынц» (1976) вызначаліся дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары. У 1984 г. М. Матукоўскі напісаў гераічную драму «Паядынак», якая была прымеркавана да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і прысвячалася подзвігу К. Заслонава. У гэтым творы аўтар з дакументальнай дакладнасцю адлюстраваў некаторыя старонкі барацьбы аршанскіх падпольшчыкаў. Шырокую вядомасць атрымала сатырычная камедыя М. Матукоўскага «Мудрамер» (1986). П’еса пастаўлена Купалаўскім тэатрам у 1987 г. (у 1988 г. адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР). Драма «Бездань» і камедыя-фарс «Калізей» былі напісаны М. Матукоўскім у 1992 г. У 1998 г. ён завяршыў п’есу «Зомбі, альбо Мудрамер-два», перапрацаваў для тэатральнай пастаноўкі вядомую казку З. Бядулі «Сярэбраная табакерка». У 1999 г. напісаў п’есу «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» В. Быкава). У драматургічных творах М. Матукоўскі раскрываў вострыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, асуджаў бюракратызм, безадказнасць, абыякавасць, асвятляў пытанні выхавання моладзі і сямейных узаемаадносін. Ён з’яўляецца таксама аўтарам дакументальнай аповесці «Мінск» (1982, пра Мінскае падполле 1941–1944 гг.) і кнігі публіцыстыкі «Чужая беда» (1987). Па сцэнарыях М. Матукоўскага зняты дакументальныя фільмы «Мінск – горад герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), мастацкія кінастужкі «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980).
П’есы М. Матукоўскага былі пастаўлены многімі тэатрамі былога Савецкага Саюза, адзначаны прызамі і ўзнагародамі. У 1977 г. драматургу прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры БССР», у 1984 г. ён атрымаў прэмію Саюза журналістаў СССР.