Дата рождения:
20.03.1954 Бабчын, в., Хойніцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
27.11.2021
Краткая справка:
паэт, перакладчык, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1986), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2013), Міжнароднай літаратурнай прэміі "Алаш" Саюза пісьменнікаў Казахстана (2018)
Варианты имени:
Мятліцкі Мікалай Міхайлавіч
Имена на других языках:
Метлицкий Микола (русский); Метлицкий Николай Михайлович (русский);
3919 символов
Справка
Паэзія Міколы (Мікалая Міхайлавіча) Мятліцкага – вельмі прыкметная і арыгінальная з’ява сучаснай беларускай літаратуры.
Мікола Мятліцкі нарадзіўся ў в. Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Паэтычныя здольнасці праявіліся рана: ужо ў чацвёртым класе хлопчык напісаў першы верш. Спробы пяра заўважыла і падтрымала настаўніца рускай мовы і літаратуры, па парадзе якой ён даслаў вершы ў хойніцкую раённую газету “Ленінскі сцяг”, дзе яны былі надрукаваны.
У 1971 г. М. Мятліцкі паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Правучыўся год і па стане здароўя быў вымушаны аформіць акадэмічны водпуск. Восень і зіму працаваў у хойніцкай раённай газеце “Ленінскі сцяг”. Па справах рэдакцыі аб’ездзіў і абхадзіў пешшу родныя мясціны: пабываў у кожным паселішчы, пазнаёміўся з цікавымі людзьмі, што знайшло пазней адлюстраванне ў творчасці. Даволі часта М. Мятліцкі наведваў в. Глінішча – радзіму свайго земляка І. Мележа, якому прысвяціў некалькі вершаў. Ва ўніверсітэт вярнуўся ў 1973 г. і адразу ўключыўся ў творчае жыццё філалагічнага факультэта: стаў старастам літаратурнага аб’яднання “Узлёт”, якім кіраваў вядомы паэт, выкладчык, прафесар А. Лойка. У 1977 г. была выдадзена кніжка “Вёсны”, дзе дэбютавалі ўніверсітэцкія паэты (з 20 аўтараў зборніка 11 сталі вядомымі літаратарамі), у тым ліку М. Мятліцкі. У студэнцкія гады ён друкаваўся ў газетах, часопісах “Полымя”, “Беларусь”, “Нёман” і інш. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1977 г. быў запрошаны ў рэдакцыю штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. З 1983 г. працаваў рэдактарам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У 2002–2014 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”.
Сцвярджаць сябе ў беларускай літаратуры М. Мятліцкі пачаў як паэт вёскі, які апяваў яе краявіды: калашэнне спелага жыта, шум хвой, пах жывіцы, россып зорак на родным палескім небе; маляваў драматычныя вобразы яе людзей: удоў і былых франтавікоў. Боль мінулай вайны гучыць у першай кнізе маладога паэта “Абеліск у жыце” (1980). Праз год ён стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. Два наступныя зборнікі “Мой дзень зямны” (1985; прэмія Ленінскага камсамола БССР, 1986) і “Ружа вятроў” (1987) складаюць вершы антываеннай накіраванасці, насычаныя трывогай за будучыню. У паэтычнае мысленне яшчэ маладога аўтара трывала ўвайшоў вобраз Хірасімы (вершы “Роздум уначы”, “Як гэта проста…”, “Не дайце на згубу сябе і жыццё…” і інш.).
Дзень 26 красавіка 1986 г. трагічна раскалоў свет, змяніў адлік часу і правёў мяжу ў нацыянальнай літаратуры – да і пасля Чарнобыля. Яна прайшла і праз сэрца М. Мятліцкага, які адным з першых з непадробным болем і скрухай загаварыў пра бяду роднага краю. Паэтычны летапіс Чарнобыля пачаў з палескага цыкла вершаў, што склаў зборнік “Горкі вырай” (1989). Тэма адабранага катастрофай роднага краю атрымала працяг у кнігах “Шлях чалавечы (1989), “Блаславенне” і “Палескі смутак” (абедзве 1991). Вершы, надрукаваныя ў іх, аб’яднаны адзінай тэмай – любоўю да роднага Палесся, зямлі, якая, на жаль, стала радыяцыйнай. Сапраўдным помнікам роднай вёсцы і яе жыхарам з’яўляецца паэтычны зборнік “Бабчын” (1996; Дзяржаўная прэмія Беларусі, 1998) – кніга-рэквіем, хроніка пакут землякоў. Летапіс палескай бяды знайшоў працяг у кнігах паэзіі “Хойніцкі сшытак” (1999), “Мой боль вырастае да зор…” (2016).
Хваляваннем за лёс чалавека ў сучасным грамадстве, за свет, у якім жывём, прасякнуты вершы наступных зборнікаў: “Жыцця глыбінныя віры” (2001), “Замкнёны дом” (2005), “На беразе маім” і “Цяпло буслінага крыла” (абодва 2010), “Чалавек падымае неба” (2012), “Прысутнасць” (2017), “Бяссмертнік” (2019), “Існасць” (2020), “Абярэг” (2022). Мікола Мятліцкі з болем нагадваў: у век навукова-тэхнічнага прагрэсу ад прафесійных ведаў, сумлення і духоўнасці залежаць лёсы сённяшніх і наступных пакаленняў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г., актуалізаваны ў 2014 г.