Сусветна вядомым вучоным, буйным спецыялістам у галіне атамнай энергетыкі, ядзернай і радыяцыйнай бяспекі быў Васіль Барысавіч Несцярэнка.
Нарадзіўся ён у г. п. Чырвоны кут Луганскай вобласці (Украіна). У 1958 г. скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча імя Баўмана (цяпер Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт) і стаў працаваць навуковым супрацоўнікам Інстытута рухавікоў АН СССР. У 1963 г. як спецыяліста ў галіне ядзернай энергетыкі В. Б. Несцярэнку запрасілі ў Мінск для развіцця адпаведнага абарончага навукова-тэхнічнага напрамку ў якасці загадчыка лабараторыі Інстытута цепла- і масаабмену НАН Беларусі. З 1965 па 1990 г. навуковая дзейнасць звязана з Інстытутам ядзернай энергетыкі НАН Беларусі ( з 1965 г. з'яўляўся намеснікам дырэктара, з 1977 г. дырэктарам, з 1987 г. загадчыкам лабараторыі). Адначасова, у 1971–1987 гг. быў галоўным канструктарам перасовачных атамных электрастанцый (ПАЭС), што ствараліся ў Інстытуце ядзернай энергетыкі для ваенных аб'ектаў у інтарэсах краіны. Як галоўны канструктар В. Б. Несцярэнка здзяйсняў каардынацыю і навукова-тэхнічнае кіраўніцтва з буйнейшымі арганізацыямі іншых краін, на якія была ўскладзена распрацоўка асобных вузлоў ПАЭС. У 1987 г. створана ПАЭС «Памір» вопытнага ўзору, якая прайшла энергетычны пуск і дала электраэнергію.
У красавіку 1986 г., калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, В. Б. Несцярэнка адным з першых апынуўся там і разам з іншымі вучонымі праводзіў вывучэнне радыяцыйнай абстаноўкі над аварыйным чацвёртым энергаблокам. Гэта непазбежна прывяло да атрымання ім вялікай дозы радыяцыйнага апрамянення, што затым адмоўна адбілася на стане яго здароўя. І тады вучоны прыняў рашэнне прысвяціць сваё далейшае жыццё і навуковую дзейнасць пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы, распрацоўцы і рэалізацыі ахоўных мер для захавання здароўя насельніцтва і, перш за ўсё, дзяцей, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях. Пад кіраўніцтвам В. Б. Несцярэнкі Інстытут ядзернай энергетыкі быў пераключаны на кругласутачную працу па вымярэннях радыяцыйнага забруджвання велізарнай колькасці проб глебы з усёй Беларусі для складання сумесна з іншымі арганізацыямі карт радыяцыйнага забруджвання тэрыторыі краіны ў выніку чарнобыльскай катастрофы. У 1990–1994 гг. вучоны з'яўляўся старшынёй Аб'яднанага экспертнага камітэта Беларусі, Расіі і Украіны па праблеме чарнобыльскай катастрофы. Каб знайсці тэхнічную і матэрыяльную падтрымку па рашэнні чарнобыльскіх праблем, В. Б. Несцярэнка наладжваў міжнародныя сувязі з шэрагам грамадскіх і дабрачынных арганізацый і пасольстваў розных краін – Германіі, Францыі, Ірландыі, Японіі, Іспаніі, Канады, Італіі, Славакіі, Літвы, Украіны і Расіі. Улічваючы неабходнасць тэрміновага вырашэння задач у галіне радыяцыйнай бяспекі ў 1990 г. быў створаны Інстытут радыяцыйнай бяспекі «Белрад», які ўзначаліў В. Б. Несцярэнка. Пад яго кіраўніцтвам за два гады на забруджаных тэрыторыях арганізавана магутная сістэма радыяцыйнага кантролю мясцовых прадуктаў харчавання, што давала магчымасць адрасна і рэгулярна вызначаць ступень забруджвання і адпаведна рабіць адэкватныя ахоўныя меры. У інстытуце быў наладжаны масавы выпуск неабходных вымяральных прыбораў і падрыхтоўкі спецыялістаў. У 1997 г. В. Б. Несцярэнкам створаны новы напрамак працы – вымярэнне ўтрымання радыеактыўнага цэзія-137 у арганізме жыхароў забруджаных рэгіёнаў Беларусі. Таксама былі арганізаваны і абсталяваны лабараторыі спектраметрыі выпраменьвання чалавека. Гэта дазволіла скласці карты забруджвання цэзіем-137 13 раёнаў Гомельскай вобласці, а таксама распачаць неабходныя ахоўныя меры па вывадзе радыенуклідаў з арганізма, у прыватнасці шляхам выкарыстання пекцінавых прэпаратаў. Пачалася вытворчасць сухога пекцінавага вітамінізаванага прэпарата «Витапект-2», які забяспечвае зніжэнне ўтрымання цэзію ў арганізме на 30–40%. З 2008 г. па ініцыятыве В. Б. Несцярэнкі была арганізавана мабільная лабараторыя для адначасовага вымярэння на месцах назапашвання радыенуклідаў у арганізме дзяцей і ў прадуктах харчавання, што дазволіла яшчэ больш павялічыць адраснасць адпаведных ахоўных мер.
Вучоны займаўся даследаваннямі ў галіне ядзернай энергетыкі і радыяцыйнай бяспекі. Ён з'яўляўся адным з аўтараў прымянення дысацыіруючых цепланосьбітаў у ядзернай энергетыцы. Правёў цыкл даследаванняў па вывучэнні новых хімічна рэагавальных цепланосьбітаў, распрацоўцы і стварэнні метадаў разліку цеплафізічных уласцівасцей, цеплаабмену, газадынамікі і тэхналогіі дысацыіруючых газаў, па аналізе цыклаў і схем ядзерных энергетычных установак, выяўленні тэхніка-эканамічных характарыстык АЭС з рэактарамі на хуткіх нейтронах. Навукоўцу належаць больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 15 манаграфій («Физико-технические основы применения диссоциирующих газов как теплоносителей и рабочих тел атомных электростанций» (1971), «Быстрые реакторы и теплообменные аппараты АЭС с диссоциирующим теплоносителем» (1978, разам з А. А. Міхалевічам, Б. Я. Твяркоўкіным), «Теплообмен в ядерных реакторах с диссоциирующим теплоносителем» (1980, разам з Б. Я. Твяркоўкіным), «Кинетика и механизм термических и радиационно-термических процессов в теплоносителе N2О4 – NО» (1989, разам з Г. В. Нічыпар), «Масштабы и последствия катастрофы на Чернобыльской АЭС для Беларуси, Украины и России» (1996), «Чернобыльская катастрофа: радиационная защита населения» (1997), «Чернобыльская катастрофа: причины и последствия» ( у 4 ч., 1992–1993 (на рус.), 1997 (на англ.)) і інш.). Вучоны з'яўляецца аўтарам 320 вынаходніцтваў.
Доктар тэхнічных навук (1968), прафесар (1969), член-карэспандэнт НАН Беларусі (1972), заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі (1979) за распрацоўку біятэхналогіі і стварэнне прамысловай вытворчасці рызатарфіну з ужываннем радыяцыйнага спосабу стэрылізацыі субстрата і ўкараненне прэпарата ў сельскую гаспадарку рэспублікі атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі (1986). Вучоны таксама ўзнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.