Дата рождения:
27.09.1939 Хмяльное, в., Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць
Краткая справка:
вучоны ў галіне генетыкі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1984)
Имена на других языках:
Савченко Владимир Кириллович (русский);
3209 символов
Справка
Беларускі вучоны ў галіне генетыкі Уладзімір Кірылавіч Саўчанка ўнёс значны ўклад у распрацоўку праблем геномікі, экалогіі, эвалюцыі, філасофіі навукі і біятэхнікі. Нарадзіўся ён в. Хмяльное Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. У 1953 г. пасля заканчэння сямігодкі паступіў у Буда-Кашалёўскі лясны тэхнікум, які скончыў у 1957 г. Потым вучыўся на факультэце лясной гаспадаркі Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С. М. Кірава. У 1962 г. паступіў у аспірантуру Інстытута біялогіі АН БССР. У 1966 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Генетическое изучение триплоидных гибридов сахарной свеклы и их родительских форм», а ў 1977 г. – доктарскую дысертацыю на тэму «Генетические процессы в полиплоидных популяциях». З 1978 па 1990 г. працаваў загадчыкам лабараторыі тэарэтычнай генетыкі Інстытута генетыкі і цыталогіі АН БССР. У перыяд 1980–1990 гг. з'яўляўся старшынёй Беларускага нацыянальнага камітэта па праграме ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». У 1987 г. стаў прафесарам, у 1989 г. – членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. З 1990 па 2002 г. працаваў галоўным праграмным спецыялістам ад Рэспублікі Беларусь у Адзяленні экалагічных навук сектара прыродазнаўчых навук Сакратарыята ЮНЕСКА ў Парыжы. У 2003–2007 гг. – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, у 2010–2018 гг. – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі. Таксама У. К. Саўчанка выбіраўся віцэ-прэзідэнтам і вучоным сакратаром Беларускага таварыства генетыкаў і селекцыянераў, працаваў членам Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА, членам прэзідыума Беларускага камітэта абароны міру. З'яўляецца членам Нью-Ёркскай акадэміі навук, Маскоўскага таварыства прыродазнаўцаў і Амерыканскай асацыяцыі развіцця навукі (AAAS).
Працуючы ў розных навуковых установах У. К. Саўчанка стаў буйным вучоным, даследаванні якога ўзбагацілі айчынную і сусветную навуку. Прапанаваў новыя метады генетычнага аналізу і сінтэзу, асноўныя палажэнні генетыкі паліплоідных папуляцый, выявіў генетычныя прычыны геномнага эфекту. Тэарэтычна абгрунтаваў і эксперыментальна распрацаваў канцэпцыю геномнай лабільнасці бісексуальных жывёл і асацыятыўнага адбору, вывучыў генетычныя працэсы ў папуляцыі пры працяглым адборы і правёў сістэмны генетычны маніторынг гэтых папуляцый. Метад сеткавых пробных скрыжаванняў знайшоў прымяненне ў селекцыйных цэнтрах СНД. Пры яго ўдзеле была арганізавана міжнародная Чарнобыльская экалагічная навуковая сетка ЮНЕСКА для міждысцыплінарных даследаванняў экалагічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Вучоны з'яўляецца аўтарам больш за 400 навуковых прац, у т. л. 14 манаграфій, 3 вынаходстваў. Сярод іх – «Генетика полиплоидных популяций» (1976), «Генетический анализ в сетевых пробных скрещиваниях» (1984), «Генетический анализ и синтез в практической селекции» (1986), «Геносфера: генетическая система биосферы» (1991), «Геогеномика: организация геносферы» (2009), «Ценогенетика: генетика биотических сообществ» (2010), «Глобальные изменения и судьбы цивилизации» (2015). У 1984 г. за цыкл работ па праблемах гетэрозісу У. К. Саўчанка атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі, таксама ўзнагароджаны медалямі і ганаровымі граматамі.