Дата рождения: 28.01.1829 Рэчыца, г., Гомельская вобласць
Дата смерти: 1906 ці 1907
Краткая справка: юрыст, публіцыст, літаратуразнавец, гісторык, грамадскі дзеяч
Имена на других языках: Спасович Владимир Данилович (русский);
Уладзімір Данілавіч Спасовіч быў чалавекам шматграннага таленту, які праявіўся ў юрыспрудэнцыі, філасофіі, гісторыі, літаратуразнаўстве, псіхалогіі, публіцыстыцы. Але ў першую чаргу ён вядомы як выдатны крыміналіст, аўтар першага ў Расіі падручніка па крымінальнаму праву, прафесіянальны адвакат.
Нарадзіўся У.Д. Спасовіч у г. Рэчыца Мінскай губерні (зараз Гомельская вобласць) у сям’і ўрача. Дзяцінства і юнацкія гады прайшлі ў Мінску, куды сям’я пераехала ў 1831 г. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. У 1849 г. скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1851 г. абараніў на кафедры міжнароднага права магістарскую дысертацыю. У 1857–1861 гг. ён прафесар крымінальнага права Пецярбургскага ўніверсітэта. Знаёміў студэнтаў з прагрэсіўнымі філасофскімі і прававымі ідэямі. У знак пратэсту супраць жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў студэнцкага руху пакінуў у 1861 г. працу ва ўніверсітэце і некаторы час выкладаў крымінальнае права ў вучылішчы. З 1866 г. вёў адвакацкую дзейнасць, стаў адным з першых у Расіі прысяжных павераных. Выступаў абаронцам у буйнейшых палітычных працэсах таго часу. Як судовы прамоўца вызначаўся тонкім аналізам абставін справы і асобы абвінавачанага, майстэрскай распрацоўкай доказаў. Дзякуючы сваім прафесійным ведам, шырокай эрудыцыі і бліскучым здольнасцям ён стаў адным з лепшых расійскіх адвакатаў. Калегі называлі яго «каралём адвакатуры» і «першым адвакатам Пецярбурга». Аналізуючы паводзіны многіх сваіх падабаронных, ён зрабіў значны ўклад у распрацоўку праблем псіхафізіялогіі, выказаў і абгрунтаваў шэраг цікавых ідэй на пасяджэнні псіхіятрычнага таварыства пры Імператарскай Ваенна-медыцынскай акадэміі, членам якога з’яўляўся (з 1885 г.).
Уладзімір Данілавіч Спасовіч – аўтар навуковых прац па міжнародным, крымінальным і крымінальна-працэсуальным праве (пісаў на рускай і польскай мовах). Усе яны прасякнуты гуманізмам, павагай да асобы чалавека, да чужых думак і перакананняў. За кнігу «Учебник уголовного права» (1863) У.Д. Спасовічу была прысуджана вучоная ступень доктара права. Аўтар ставіў пытанне аб неабходнасці даследавання не толькі юрыдычнай прыроды злачынства і пакарання, але і сацыяльнай і маральнай прыроды гэтых з’яў. Выступаў супраць цялесных і асабліва жорсткіх пакаранняў, у тым ліку супраць смяротнай кары. У барацьбе са злачыннасцю У.Д. Спасовіч ускладваў вялікія надзеі на прававое і маральнае выхаванне, удасканаленне дзяржаўнага і грамадскага ладу. Вялікую ўвагу вучоны ўдзяляў аналізу маральных асноў крымінальнага працэсу, асабліва такім кардынальным пытанням, як спосабы ўсталявання ісціны ў судзе, роля суда прысяжных, пракурора і адваката ў судовым працэсе. Распрацаваў і абгрунтаваў уласную класіфікацыю судовых доказаў, згодна з якой асноўнымі лічыў не паказанні сведак, а рэчавыя доказы. Ён патрабаваў заканадаўчага замацавання і ўвядзення ў практыку судаводства прынцыпаў незалежнасці суда ад адміністрацыі, нязменнасці суддзяў, заснавання інстытутаў адвакатуры і пракурорскага нагляду, увядзення спаборнага, вуснага і галоснага судаводства, роўнасці перад законам з адменай усякіх пераваг. Большасць прапаноў і навуковых распрацовак былі пакладзены ў аснову судовых статутаў 1864 г. У 1885 г. ён выдаў працу «Источники чиншевого права на западной окраине Империи в “Саксонском зерцале” и его польских комментаторах», у якой змясціў тэксты нарматыўных прававых актаў, што закраналі чыншавае права. У 1898 г. выйшла з друку кніга «Новые направления в науке уголовного права», дзе У.Д. Спасовіч прааналізаваў развіццё крымінальнага права з 1864 па 1898 г.
Ён заўсёды праяўляў цікавасць да гісторыі і культуры заходнееўрапейскіх і славянскіх народаў. З’яўляецца аўтарам навуковых прац па гісторыі: «Новейшая история Австрии» (1872), «Жизнь и политика маркиза Велепольского» (1882), «Черногория и законник Богишича» (1889), «История польской литературы» (увайшла ў «Историю славянских литератур», 2-е выд., т. 1–2, 1879–1881; разам з А.М. Пыпіным). Напісаў літаратуразнаўчыя і крытычныя артыкулы, прысвечаныя творчасці А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Міцкевіча, Г. Сянкевіча, Дж. Байрана, У. Шэкспіра, руска-польскім літаратурным сувязям. Пераклаў з лацінскай мовы і выдаў у Санкт-Пецярбургу працу польскага гісторыка ХVI ст. С. Ажэльскага «Восемь книг бескоролевья с 1572 по 1576 г.» (Т. 1–3, 1856–1858), удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку збору законаў «Volumina Legum» («Валюміна Легум», 1859–1860). Ён супрацоўнічаў у часопісе «Вестник Европы». З удзелам У.Д. Спасовіча ў 1876 г. быў заснаваны часопіс «Ateneum» («Атэнэум») у Варшаве і ў 1882 г. часопіс «Kraj» («Край») у Санкт-Пецярбургу. У 1889–1902 гг. у 10 тамах былі выдадзены працы гісторыка. Ён з’яўляецца прататыпам адваката І.К. Фецюковіча ў рамане Ф. Дастаеўскага «Братья Карамазовы». Знакаміты мастак І. Рэпін напісаў партрэт У.Д. Спасовіча (1891, Дзяржаўны Рускі музей у Санкт-Пецярбургу).
Уладзімір Данілавіч Спасовіч, чыё імя стаіць поруч з імёнамі вядомых вучоных-правазнаўцаў А.Ф. Кісцякоўскага, М.Д. Сергіеўскага, М.С. Таганцава, унёс вялікі ўклад у станаўленне класічнай школы крымінальнага права ў Расіі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.