Дата рождения:
05.11.1904 Асецішча, в., Докшыцкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
07.11.1982 Францыя
Краткая справка:
французская мастачка, аўтар прац у манументальным і станковым жывапісе, манументальна-дэкаратыўным мастацтве, грамадская дзяячка, узнагароджаная ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровага легіёна, Мастацтваў і літаратуры
Псевдонимы:
Жаржэта Пэно; Пятрова
Фамилия в девичестве:
Хадасевіч Надзея Пятроўна
Варианты имени:
Хадасевіч-Лежэ Надзя
Имена на других языках:
Chodasievich-Leger Nadia (английский); Khodossievitch-Léger Nadia (французский); Ходасевич-Леже Надежда Петровна (русский); Ходасевич-Леже Надя (русский);
4483 символа
Справка
Надзея Хадасевіч нарадзілася у в. Асецішчы Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласці). Дзіцячыя гады правяла на радзіме маці ў вёсцы Зембін (цяпер Барысаўскі раён Мінскай вобласці). У Першую сусветную вайну разам з бацькамі пакінула Беларусь і апынулася ў Расіі. У 1918 г. наведвала мастацкую і балетную студыі ў расійскім Бялёве. З 1919 г. Н. Хадасевіч жыла ў Смаленску, вучылася ў У. Стржэмінскага і яго жонкі К. Кобра, пазнаёмілася з К. Малевічам і яго тэорыяй супрэматызму. Да 1920-х гг. адносяцца супрэматычныя кампазіцыі Н. Хадасевіч “Пачатак руху (Узлёт І)”, “Нацюрморт з вазай”, “Сонечны выбух” і інш.
Маладая мастачка вырашыла працягнуць мастацкую адукацыю ў Парыжы. Дарога ў сталіцу Францыі была доўгай: некалькі гадоў Н. Хадасевіч правяла ў Варшаве, дзе вучылася ў Школе вытанчаных мастацтваў. Каб мець магчымасць вучыцца няньчыла дзяцей, вырабляла шаночыя капелюшы. У 1923 г. Н. Хадасевіч стала жонкай студэнта Варшаўскай школы вытанчаных мастацтваў С. Грабоўскага. У канцы 1925 г. мастакі прыехалі ў сталіцу Францыі і сталі наведваць майстэрні А. Азанфана і Ф. Лежэ ў Акадэміі сучаснага мастацтва. У канцы 1920-х гг. Н. Хадасевіч-Грабоўская пачала выдаваць свой часопіс пра сучаснае мастацтва на французскай і польскай мовах (выйшлі толькі тры нумары), прымала ўдзел у калектыўных мастацкіх выстаўках. У пачатку 1930-х гг. стала выкладчыцай-асістэнткай у школе жывапісу Ф. Лежэ. У гэты час у яе творчасці адбываўся паступовы пераход ад абстрактнага мастацтва да фігуратыўнасці. У 1933 г. уступіла ў шэрагі Французскай камуністычнай партыі.
У гады Другой сусветнай вайны Н. Хадасевіч з’яўлялася актыўнай удзельніцай руху Супраціўлення. Пад псеўданімам Жаржэта Пэно была сувязной французскіх партызан, распаўсюджвала лістоўкі і тэксты радыёпаведамленняў. У 1944 г. стала членам Саюза савецкіх патрыётаў, займалася арганізацыяй выставак і аўкцыёнаў, сродкі ад правядзення якіх прызначаліся былым савецкім ваеннапалонным і дэпартаваным асобам. У гэты час вялікую ролю ў творчасці мастачкі адыгрываў жанр аўтапартрэта.
У 1952 г. Н. Хадасевіч стала жонкай Ф. Лежэ. На жаль, у жніўні 1955 г. мастак раптоўна памёр. Пасля яго смерці Надзея Пятроўна прыклала шмат намаганняў, каб ушанаваць памяць выдатнага мастака. У 1960 г. быў адкрыты музей Ф. Лежэ ў Біёце (Прыморскія Альпы), дзе мастачка размясціла 350 яго работ: кераміку, габелены, мазаіку. Яшчэ адзін музей мастака быў адкрыты Н. Хадасевіч-Лежэ ў Нармандыі. Мастачка не раз арганізоўвала персанальныя выстаўкі Ф. Лежэ ў Францыі, Польшчы, СССР. У 1950-я гг. яна працавала ў жанрах партрэта, нацюрморта і жанравай кампазіцыі. Ёй былі створаны партрэты лідараў камуністычнага руху Францыі і СССР, некалькі выяў Ф. Лежэ, “Нацюрморт з жоўтым самаварам”, “Нацюрморт з балалайкай”, жанравыя палотны “Гандлярка рыбай”, “Таджыкскія музыкі”, “Шахцёры”, “Будаўнікі”.
У канцы 1950-х гг. Н. Хадасевіч-Лежэ наведала СССР і перадала ў дар каля 2 тыс. факсімільных рэпрадукцый і злепкаў шэдэўраў сусветнага выяўленчага мастацтва. Калекцыя гэтых рэпрадукцый у 1970–1990-я гг. неаднаразова дэманстравалася ў абласных і раённых гарадах БССР. 30 рэпрадукцый былі падараваны Зембіцкай школе, Дзяржаўнаму мастацкаму музею БССР (цяпер Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь).
У 1950–1970-я гг. Н. Хадасевіч-Лежэ неаднойчы звярталася да тэмы мацярынства. Яна стварыла цэлы шэраг жывапісных аўтапартрэтаў, выяў сваёй дачкі Ванды, жонкі генеральнага сакратара Французскай камуністычнай партыі Ж. Вермерш-Тарэз. У 1960-я гг., аддаючы даніну павагі У. Стржэмінскаму і К. Малевічу, Н. Хадасевіч-Лежэ стварыла некалькі жывапісных супрэматычных карцін. У канцы 1960-х гг. мастачка зацікавілася манументальна-дэкаратыўным мастацтвам і стварыла мазаічныя партрэты Ю. Гагарына, Ж. Дзюкло, М. Шагала, П. Пікаса, У. Леніна, М. Кашэна, Н. Крупскай, У. Маякоўскага, М. Тарэза, Л. Брэжнева, К. Фурцавай і інш. У пачатку 1970-х гг. 72 манументальных мазаічных пано былі перададзены ў падарунак СССР. Мазаічныя партрэты Ф. Лежэ, П. Пікаса, М. Шагала, У. Леніна, Д.А. Канвейлера, а таксама рэпрадукцыі карцін П. Рэнуара, П. Брэйгеля Старэйшага, В. Ван Гога, П. Гагена захоўваюцца ў Зембіне. Тут знаходзіцца Музей народнай славы з карціннай галерэяй – філіял Барысаўскага аб’яднанага музея.
За вялікі ўклад у культуру двух краін Надзея Хадасевіч-Лежэ была ўзнагароджана ордэнамі Ганаровага легіёна (Францыя), Мастацтваў і літаратуры (Францыя), Працоўнага Чырвонага Сцяга (СССР).