Беларускі вучоны-геолаг Валянцін Аляксандравіч Вахрушаў нарадзіўся ў в. Спірыдонаўская Вілегародскага раёна Архангельскай вобласці (Расія) у сялянскай сям'і. У 1938–1940 гг. вучыўся на геолага-глебавым факультэце Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым у 1940–1941 гг. на геолага-разведачным факультэце Ленінградскага горнага інстытута. У гады Вялікай Айчыннай вайны працягнуў вучобу на Урале. Скончыўшы ў 1943 г. Свярдлоўскі горны інстытут, інжынер-геолаг В.А. Вахрушаў застаўся ва Уральскім рэгіёне. Працаваў геолагам Рэжнікельзавода, дзе займаўся пошукамі і разведкай нікелевых руд, неабходных у гады вайны. У 1946 г. паступіў у аспірантуру Уральскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Потым перавёўся ва ўніверсітэт г. Растоў-на-Доне, дзе скончыў вучобу і ў 1949 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па праблемах пошукаў карысных выкапняў кор выветрывання. У 1949–1953 гг. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце геалогіі Кіргізскага філіяла АН СССР. Потым навуковая і працоўная дзейнасць В.А. Вахрушава звязана з Сібірскім аддзяленнем АН СССР. Да 1969 г. з'яўляўся навуковым супрацоўнікам аддзялення. У 1962 г. абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную мінералогіі, геахіміі і ўмовам утварэння жалезарудных радовішчаў Алтайска-Саянскай вобласці. У гэты перыяд заняўся выкладчыцкай дзейнасцю, да 1978 г. загадваў кафедрай мінералогіі і петраграфіі Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1971 г. яму прысвоена званне прафесара, а з 1976 па 1978 г. сумяшчаў пасаду загадчыка кафедры і загадчыка рудна-мінералагічнай лабараторыі Інстытута геахіміі Сібірскага аддзялення АН СССР.
З 1978 г. навуковая і выкладчыцкая В.А. Вахрушава звязана з Беларуссю, дзе ён да 1988 г. быў загадчыкам кафедры мінералогіі, петраграфіі і геахіміі геалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Потым чытаў лекцыі на кафедрах інжынернай геалогіі, геалогіі і разведкі карысных выкапняў, геаграфіі.
Сфера навуковых інтарэсаў вучонага разнастайная: мінералогія і геахімія кор выветрывання, жалезарудных і залатарудных радовішчаў. Вывучаў карысныя выкапні кор выветрывання, умовы ўтварэння жалезарудных радовішчаў Алтайска-Саянскай вобласці. Упершыню вылучыў скарнава-рудную фармацыю як самастойны генетычны тып залатарудных радовішчаў. Суаўтар адкрыцця новага мінералу – шабыніту.
Ён – аўтар больш за 100 навуковых прац і 6 манаграфій. Сярод іх – «Рудные формации и генезис эндогенных месторождений Алтайско-Саянской области» (у суаўтарстве, 1968), «Рудные минералы изверженных пород и их значение при петрологических исследованиях» (1973), «Минералогия и геохимия железорудных месторождений юга Сибирской платформы» (у суаўтарстве, 1976), «Рудные минералы изверженных пород» (1980), «Архитектура и искусство глазами минералога» (1988), «Камень. Человек. Время» (1991) і інш. Яго навукова-папулярныя кнігі аб камянях-самацветах і камянях-захавальніках чалавечай памяці з цікавасцю чытае ўжо не адно пакаленне моладзі і вядучых прыродазнаўцаў. У 2005 г. была завершана праца над манаграфіяй «Камень в делах человеческих». Вучоны ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, у 1994 г. стаў ганаровым прафесарам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.