Вучоны ў галіне заалогіі і паразіталогіі Іларыён Рыгоравіч Галуза нарадзіўся ў в. Даргейкі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. Юнаком працаваў рабочым, канторшчыкам, табельшчыкам на будаўніцтве форта Чырвоная Горка пад Петраградам. З 1918 г. – у аддзеле народнай адукацыі выканкама Сенненскага павятовага Савета. У 1921 г. І. Р. Галуза паступіў у Петраградскі ветэрынарны інстытут, дзе пачаў займацца паразіталогіяй. Пасля заканчэння ў 1925 г. вучобы быў прыняты на працу ў Ветэрынарна-бактэрыялагічны інстытут. Тут былі напісаны першыя навуковыя артыкулы. З 1926 па 1930 г. працаваў у Ветэрынарна-бактэрыялагічным інстытуце Ташкента, спачатку асістэнтам, а потым загадчыкам аддзела. У 1930–1933 гг. вучыўся ў аспірантуры Заалагічнага інстытута АН СССР. Некаторы час працаваў старшым спецыялістам-заолагам паразіталагічнага сектара Таджыкскай базы АН СССР у г. Сталінабад (Душанбэ). У 1936 г. І. Р. Галузе прысуджана вучоная ступень кандыдата біялагічных навук. У 1937 г. стаў загадчыкам лабараторыі паразіталогіі Казахскага філіяла АН СССР ( Інстытут заалогіі АН Казахскай ССР). З гэтага часу і да канца жыцця ўся дзейнасць І. Р. Галузы звязана з Казахстанам. Пры непасрэдным удзеле вучонага быў арганізаваны Інстытут заалогіі і некалькі лабараторый. У 1943 г. І. Р. Галуза абараніў доктарскую дысертацыю і стаў прафесарам. У 1944–1945 гг. займаў пасаду намесніка старшыні Казахскага філіяла АН СССР. У 1945 г. вучонаму было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі Казахскай ССР. Працуючы загадчыкам кафедры заалогіі Казахстанскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1946–1947), І. Р. Галуза шмат зрабіў для падрыхтоўкі маладых спецыялістаў. У 1946–1951 гг. займаў пасаду акадэміка-сакратара Аддзялення біялагічных навук Казахскай ССР. З 1951 па 1967 гг. узначальваў Інстытут заалогіі АН Казахскай ССР.
Іларыён Рыгоравіч шмат зрабіў для развіцця заалагічнай навукі. Пад яго кіраўніцтвам былі створаны новыя напрамкі, адкрыты лабараторыі, створана эксперыментальная база, музей прыроды. Пры непасрэдным удзеле вучонага ў Казахстане праведзена некалькі фундаментальных даследаванняў па прыроднай ачагавасці хвароб, якія мелі не толькі навуковае, але і вялікае практычнае значэнне. За гэтыя работы І. Р. Галуза ў 1975 г. удастоены Залатога медаля АН СССР імя акадэміка Я. Н. Паўлоўскага. Яму належаць працы па вывучэнні фаўны і экалогіі кляшчоў – пераносчыкаў узбуджальнікаў кровапаразітарных хвароб жывёл і чалавека, распрацоўцы біялагічнага метаду барацьбы з імі. Вучоны выявіў прыродныя асяродкі лептаспірозаў і бруцэлёзу, прыродную ачаговасць таксаплазмозу, даказаў магчымасць перадачы ўзбуджальніка бруцэлёзу праз іксодавых кляшчоў. Вынікі адлюстраваны ў манаграфіі «Ландшафтная эпидемиология (эпизоотология)» (1975). Найбольш грунтоўнай стала пяцітомная манаграфія «Кровососущие клещи Казахстана» (1946–1953), дзе былі абагульнены дадзеныя амаль трыццацігадовых даследаванняў. За гэту фундаментальную работу ў 1951 г. І. Р. Галузе прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.
Сярод апублікаванага вылучаюцца «Чесотка овец и новейшие методы борьбы с ней» (1954), «Токсоплазмоз животных» (1965), «Диагностика токсоплазмоза» (1971), «Жизненный цикл токсоплазм» (1974) і інш. Іларыён Рыгоравіч быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», медалямі, ганаровымі граматамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.