Краткая справка:
французскі лётчык, заслужаны лётчык Францыі, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1945), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ст.
Имена на других языках:
Andre (не определен); Андре Жак (русский);
2806 символов
Справка
Французскі лётчык, заслужаны лётчык Францыі, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза Жак Андрэ нарадзіўся ў Парыжы ў сям'і вядомага авіятара і спартсмена. Вучыўся ва ўніверсітэце, скончыў лётную школу ў г. Бурж. Працаваў лётчыкам-інструктарам на французскіх авіяцыйных базах. У 1937 г. прымаў удзел у лёгкаатлетычным спаборніцтве Францыя – Германія, быў чэмпіёнам Еўропы па забегу на 400 м. 15 красавіка 1939 г. уступіў у ваенна-паветраныя сілы Францыі, прайшоў лётную перападрыхтоўку ў Этампе. З 1940 г. служыў у Паўночнай Афрыцы на тэрыторыі Сірыі, Алжыра. У 1943 г. ён разам з іншымі французскімі лётчыкамі-добраахвотнікамі вырашыў адправіцца на Усходні фронт. 22 снежня гэтага ж года прыбыў у склад знішчальнага авіяпалка «Нармандыя–Нёман» 1-й паветранай арміі. 30 ліпеня 1944 г. Ж. Андрэ збіў свой першы варожы знішчальнік FW-190. Хутка быў прызначаны камандзірам звяна. Расла колькасць збітых ім самалётаў. Аднойчы ў адным з баёў збіў 4 варожыя самалёты. Раніцай 16 студзеня 1945 г. адна з чацвёрак палка «Нармандыя–Нёман» пад камандаваннем Ж. Андрэ прыкрывала наступленне войскаў Чырвонай Арміі. Праз некаторы час з захаду з'явілася вялікая група варожых самалётаў, гружаных бомбамі. Чацвёрка Ж. Андрэ накіравалася ім насустрач. Камандзір заўсёды адрозніваўся рашучасцю, уменнем імгненна арыентавацца ў абстаноўцы. На вялікай хуткасці са зніжэннем адважная чацвёрка «Як-3» урэзалася ў строй праціўніка. І перш чым тыя паспелі зрэагаваць, 3 машыны загарэліся і ўпалі на зямлю. Астатнія, хаатычна скідаючы бомбы, разляцеліся ў розныя бакі. Калі вораг заўважыў, што перад ім усяго 4 «яка», яны накінуліся на іх. Разгарэўся паветраны бой, у якім поўнасцю раскрыліся баявыя якасці знішчальніка «Як-3» – яго манеўранасць і агнявая моц. Ні на імгненне не выпускаючы з-пад увагі адзін аднаго, гатовыя ў любы момант прыйсці на выручку, лётчыкі звяна Ж. Андрэ збілі яшчэ 3 варожыя самалёты і без страт вярнуліся на свой аэрадром. 8 красавіка 1945 г., у дні самых напружаных баёў пад Кёнігсбергам, лётчык збіў свой апошні варожы самалёт.
Жак Андрэ быў удзельнікам Віцебска-Аршанскай, Усходне-Прускай, Кёнігсбергскай аперацый. За час знаходжання на фронце зрабіў 113 баявых вылетаў, правёў 19 паветраных баёў, збіў 17 самалётаў праціўніка. Па ліку індывідуальных перамог ён стаў самым рэзультатыўным лётчыкам-знішчальнікам авіяпалка «Нармандыя–Нёман». Яму было прысвоена званне малодшага лейтэнанта. 4 чэрвеня 1945 г. за мужнасць, гераізм і воінскую доблесць, праяўленыя ў баях з нямецкімі захопнікамі, удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны і да 1969 г. Ж. Андрэ служыў у ваенна-паветраных сілах Францыі. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі.