Дата рождения:
04.05.1799 Мір, г. п., Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
09.08.1856
Краткая справка:
вучоны ў галіне філасофіі, пісьменнік
Имена на других языках:
Bochwic Florjan (польский); Бохвиц Флориан (русский);
1996 символов
Справка
Фларыян Бохвіц – выдатны мысліцель ХІХ ст., імя якога нашым сучаснікам амаль не вядома. Аднак філасофскія і педагагічныя ідэі, выказаныя ім больш чым за два стагоддзі таму, працягваюць заставацца актуальнымі і сёння.
Нарадзіўся ён у мястэчку Мір (зараз гарадскі пасёлак у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Ад маці атрымаў строгае рэлігійнае выхаванне. Пачатковую адукацыю працягваў у школе пры кляштары дамініканцаў у Нясвіжы, дзе на вельмі высокім узроўні выкладаліся прыродазнаўчыя дысцыпліны. Потым вучыўся на юрыдычным факультэце Кіеўскага, а па некаторых звестках, і Віленскага ўніверсітэтаў. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі працаваў у Навагрудку, быў членам мясцовай асацыяцыі адвакатаў. У 1838 г. Ф. Бохвіц адмовіўся ад прафесійнай дзейнасці і набыў маёнтак Вошкаўцы ў Навагрудскім павеце (цяпер Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Займаўся гаспадаркай і дабрачыннай дзейнасцю, сабраў каштоўную бібліятэку з багатай калекцыяй часопісаў. Яго маёнтак стаў месцам сустрэч мясцовай інтэлігенцыі, у час якіх вяліся інтэлектуальныя размовы, абмяркоўваліся навінкі літаратуры, падзеі культурнага жыцця.
Літаратурная праца стала асноўным заняткам Фларыяна Бохвіца. Першы твор – “Сутнасць маёй думкі. На памяць жонцы і дзецям” – быў выдадзены ў Вільні ў 1838 г. на польскай мове без указання прозвішча аўтара. Крытыка станоўча прыняла яго, таму перавыданне, якое выйшла ў наступным годзе, пісьменнік апублікаваў пад сваім імем. Таксама стаў аўтарам кніг “Сутнасць маёй думкі аб мэтах існавання чалавека” (1841), “Асновы маіх думак і пачуццяў” (1842), “Думкі пра выхаванне чалавека” (1847). У працах даследаваў маральныя і педагагічныя праблемы. Сваю сістэму выхавання і навучання ён пабудаваў на прынцыпах асветы і рэлігійнай маралі, адстойваў прыярытэт рэлігіі ва ўсіх чалавечых думках і справах, заклікаў паважаць бацькоў, падкрэсліваў каштоўнасць інстытутаў шлюбу і сям’і. Галоўнай мэтай выхавання лічыў удасканаленне розуму і пачуццяў.