Імя Анатоля Іосіфавіча Валахановіча – пісьменніка, журналіста, гісторыка, краязнаўца, педагога – шырока вядома ў навуковых колах Беларусі.
Нарадзіўся ён у Мінску ў сям'і служачых. У 1961 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. На фарміраванне яго светапогляду найбольшы ўплыў аказалі М. Ермаловіч і Г. Каханоўскі. Працаваў настаўнікам гісторыі Барысаўскай сярэдняй школы, дырэктарам шэрагу школ Мінскай вобласці. У 1968 г. вярнуўся ў Мінск.
Багаты і змястоўны жыццёвы і творчы шлях А.І. Валахановіча. Як пісьменніку і гісторыку, надзвычай шмат яму дала праца рэдактарам у выдавецтве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1968–1975), загадчыкам рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве выдавецтва «Навука і тэхніка» (1975–1996), дзе А.І. Валахановіч актыўна ўключыўся ў працу па пошуку новых звестак з біяграфій тых ці іншых дзеячаў нашай гісторыі, як вядомых, так і напаўзабытых ці невядомых зусім. Працуючы з 1996 г. старшым навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, ён паказаў сябе добрым архівістам, шукальнікам папяровых скарбаў, адкрыў шмат невядомых імён, новыя факты з жыцця людзей, пра якіх, здавалася, ужо ўсё вядома. У 1975 г. А.І. Валахановіч стаў членам Саюза журналістаў Беларусі.
Ён аўтар больш за 450 навуковых прац і навукова-папулярных артыкулаў для энцыклапедычных тамоў, розных зборнікаў, часопісаў і газет. Маючы глыбокія веды, вучоны даследуе праблемы гісторыі, літаратуры, культуры і краязнаўства Беларусі, гісторыі хрысціянства ў Беларусі, распрацоўвае пытанні палітычных рэпрэсій 1920 – пачатку 1950-х гг. і г. д. Шмат сваіх артыкулаў даследчык прысвяціў выдатным дзеячам беларускай культуры – М. Ермаловічу, М. Улашчыку, К. Каганцу, Г. Каханоўскаму, У. Крыловічу, Ф. Аляхновічу, Д. Набароўскаму і іншым. Ён аўтар кніг «Партызанскі генерал з Амерыкі: пра начдыва І.Я. Траццяка» (1995), «Споведзь у надзеі застацца жывым: аўтабіяграфія Б. Тарашкевіча» (1999, у суаўтарстве з У. Міхнюком), «Уладзіслаў Галубок: першы народны артыст БССР» (2013). Пра вядомы сёння радавод графаў Чапскіх напісаў шэраг артыкулаў і кнігу «Графы фон Гутэн Чапскія на Беларусі» (2003). У кнізе «С верой в душе» (2012) даследуе пытанні зараджэння і развіцця хрысціянства на тэрыторыі Беларусі.
Анатоль Іосіфавіч з’яўляецца аўтарам і суаўтарам многіх навуковых і навукова-папулярных кніг, якія асвятляюць багатую мінуўшчыну нашай Бацькаўшчыны. Сярод іх «Дзяржынск: гісторыка-эканамічны нарыс» (1977), «Держинск: историко-экономический очерк» (1982), «Держинщина: прошлое и настоящее» (1986, у суаўтарстве з А. Кулагіным) і інш. Шмат яго артыкулаў змешчана ў кнігах гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць» – Дзяржынскага, Старадарожскага, Чашніцкага, Клічаўскага, Бабруйскага, Баранавіцкага, Кобрынскага, Слаўгарадскага і іншых раёнаў, а таксама г. Мінска. Створаная даследчыкам багатая творчая спадчына дае магчымасць зазірнуць у далёкае і недалёкае мінулае тых ці іншых гарадоў, паселішчаў, гістарычных мясцін роднага краю.
Вызначыўся А.І. Валахановіч і як актыўны грамадскі дзеяч. Ён уваходзіць у гісторыка-краязнаўчае аб’яднанне «Прылуцкая спадчына» і Мінскі гарадскі культурна-асветны клуб «Спадчына». За сваю шматгранную і плённую працу вядомы журналіст і краязнавец узнагароджаны знакам «Отличник печати СССР», медалямі і іншымі ўзнагародамі.