Краткая справка:
лётчык-выпрабавальнік, генерал-лейтэнант авіяцыі, удзельнік нацыянальна-вызваленчай барацьбы Кітая супраць японскіх захопнікаў (1937), савецка-фінляндскай вайны (1939–1940), вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1938), узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кутузава, Суворава і Б. Хмяльніцкага (усе ІІ ст.), двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны І ст.
Имена на других языках:
Благовещенский Алексей Сергеевич (русский);
2940 символов
Справка
Аляксей Сяргеевіч Благавешчанскі нарадзіўся ў Брэсце. З 1914 г. жыў у Курску, дзе скончыў прамыслова-эканамічны тэхнікум. У 1927 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэтычную школу і Барысаглебскую ваенную школу лётчыкаў. Да 1933 г. служыў у Беларускай ваеннай акрузе, у 1933–1937 гг. – у складзе ВПС Ціхаакіянскага флоту. У верасні-снежні 1937 г. Аляксей Благавешчанскі – лётчык-выпрабавальнік знішчальнікаў І-15 і І-16 у Навукова-даследчым інстытуце ВПС. У снежні 1937 – жніўні 1938 г. – удзельнік вайны ў Кітаі, дзе камандаваў знішчальнай авіяэскадрылляй і авіягрупай савецкіх лётчыкаў. У час баявых вылетаў збіў асабіста 7 і ў складзе групы 16 самалётаў праціўніка.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з японскімі войскамі, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 лiстапада 1938 г. Аляксею Сяргеевічу Благавешчанскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна.
У 1938–1939 гг. Аляксей Благавешчанскі працаваў у НДІ ВПС, скончыў курсы пры Акадэміі Генеральнага штаба. У час савецка-фінскай вайны 1939–1940 гг. камандаваў знішчальнай авіяцыйнай брыгадай. З красавіка 1940 – да студзеня 1941 г. служыў у Закаўказскай ваеннай акрузе. У 1941–1942 гг. замяшчаў камандуючага ВПС Далёкаўсходняга фронту. У 1942–1945 гг. у якасці камандзіра знішчальнага авіяцыйнага корпуса Аляксей Благавешчанскі ваяваў на Калінінскім, Волхаўскім, Заходнім, Бранскім, 1-м Прыбалтыйскім, 3-м Беларускім і 1-м Украінскім франтах. Удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда, Ржэўска-Вяземскай, Арлоўскай, Невельскай, Гарадоцкай, Віцебска-Аршанскай, Мінскай, Віленскай, Ковенскай, Сандамірска-Сілезскай і Ніжнесілезскай наступальных аперацыях. За час вайны здзейсніў 48 баявых вылетаў, удзельнічаў у паветраных баях, быў цяжка паранены.
У верасні 1945 – ліпені 1947 г. узначальваў Вышэйшую афіцэрскую школу паветранага бою ВПС у Люберцах (Маскоўская вобласць). У 1947–1949 гг. – памочнік камандуючага арміі ў Баку (Азербайджан). З чэрвеня 1949 г. – начальнік Упраўлення выпрабаванняў самалётаў, у сакавіку 1952 – ліпені 1959 г. – начальнік НДІ ВПС. Аляксей Благавешчанскі прымаў удзел у выпрабаваннях рэактыўных знішчальнікаў Ла-15, МіГ-15, МіГ-17, МіГ-19 і інш. З 1962 да 1985 г. працаваў у ВКБ А.М. Тупалева. Генерал-лейтэнант авіяцыі, лётчык-выпрабавальнік 1-га класа.
Аляксей Сяргеевіч Благавешчанскі ўзнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1938, 1953), ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1938, 1940, 1947), ордэнамі Суворава 2-й ст. (1943), Кутузава 2-й ст. (1944) і Багдана Хмяльніцкага 2-й ст. (1945), двума ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ст. (1943, 1985) і двума ордэнамі Чырвонай Зоркі (1936, 1944), медалямі, узнагародамі іншых краін.
У пасёлку Чкалаўскі (Маскоўская вобласць) на доме, у якім жыў А.С. Благавешчанскі, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.