Дата рождения:
23.03.1914 Зялёнкі, в., Мсціслаўскі павет, Магілёўская губерня (цяпер в. Казлоўка, Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць)
Дата смерти:
26.03.1982 Мсціслаў, г., Магілёўская вобласць
Краткая справка:
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1946), узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі
Имена на других языках:
Гончаров Яков Игнатьевич (русский);
2153 символа
Справка
Якаў Ігнатавіч Ганчароў нарадзіўся ў вёсцы Зялёнкі Мсціслаўскага павета Мінскай губерні (цяпер в. Казлоўка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігодкі ў 1929–1931 гг. працаваў старшынёй калгаса “Чырвоны партызан”.
У канцы 1931 г. стаў чырвонаармейцам. У 1937 г. скончыў Нерчынскую школу малодшых авіяцыйных спецыялістаў. У 1939 г. прымаў удзел у баях з японскімі войскамі на рацэ Халхін-Гол.
Першы баявы вылет як паветраны стралок-радыст здзейсніў 26 чэрвеня 1941 г. на самалёце СБ. У гэтым вылеце самалёт быў збіты, а Я.І. Ганчароў быў паранены. Пасля завяршэння лячэння стаў лятаць на бамбардзіроўшчыку Пе-2 у якасці начальніка сувязі авіяэскадрыллі. Ваяваў у складзе 99-га (з чэрвеня 1943 г. – 96-га) гвардзейскага бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка на Заходнім, Бранскім, Паўднёва-Заходнім, Сталінградскім, Данскім, Цэнтральным, Беларускім, 1-м Беларускім франтах, прымаў удзел у баях за Жытомір, Харкаў, Растоў-на-Доне, Сталінградскай і Курскай бітвах, вызваляў Беларусь, Польшчу і Германію.
За перыяд Вялікай Айчыннай вайны ім здзейснена больш за 200 баявых вылетаў на бамбардзіроўку баявой тэхнікі і жывой сілы, стратэгічных аб’ектаў, чыгуначных эшалонаў і войскаў праціўніка. За гэты час у паветраных баях Я.І. Ганчароў асабіста збіў 1 самалёт і 3 у групе. У вылетах заўсёды забяспечваў свае экіпажы бесперабойнай радыёсувяззю, асабіста падрыхтаваў 19 паветраных стралкоў-радыстаў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 г. Якаву Ігнатавічу Ганчарову было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
Пасля заканчэння вайны Я.І. Ганчароў працягваў службу ў Савецкай Арміі: лятаў на рэактыўных бамбардзіроўшчыках, займаўся падрыхтоўкай штурманаў, быў начальнікам сувязі палка. У 1951 г. скончыў курсы ўдасканалення афіцэрскага складу пры 1-м Маскоўскім вучылішчы сувязі. Узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі.
У 1954 г. выйшаў у запас і вярнуўся ў Беларусь, жыў і працаваў у г. Мсціслаў. Адна з вуліц гэтага горада названа ў гонар Героя.