Дата рождения:
17.04.1919 Глінішча, былая вёска, Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
21.10.2008 Расія
Краткая справка:
ваенны дзеяч, кандыдат ваенных навук, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1945), узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны І-й ст., двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам "За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР" ІІІ-й ст., медалямі
Имена на других языках:
Гапеенок Николай Иванович (русский); Гапеёнок Николай Иванович (русский);
3261 символ
Справка
Мікалай Іванавіч Гапяёнак нарадзіўся ў вёсцы Глінішча Гарадоцкага павета Віцебскай губерні (цяпер Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці). Скончыў 4 класы школы ў роднай вёсцы. З 1931 г. жыў у горадзе Пецяргоф (цяпер у межах Санкт-Пецярбурга), дзе скончыў 9 класаў.
З верасня 1937 г. навучаўся ў Балашоўскай лётнай школе грамадзянскага паветранага флоту. З кастрычніка 1939 г. да лістапада 1940 г. вучыўся ў Балашоўскай ваеннай школе пілотаў. Пасля яе заканчэння малодшы лейтэнант Гапяёнак атрымаў накіраванне ў 202-і хуткасны бамбардзіровачны авіяцыйны полк (з сакавіка 1943 г. 81-ы гвардзейскі бамбардзіровачны авіяцыйны полк).
22 чэрвеня 1941 г. пачаўся баявы шлях М.І. Гапяёнка. У Вялікую Айчынную вайну лётчык знаходзіўся на Ленінградскім, Калінінскім, Волхаўскім, Паўночна-Заходнім, Варонежскім, Стэпавым, 1-ым і 2-ім Украінскім франтах, удзельнічаў у абароне Ленінграда, Курскай бітве, бітве за Дняпро, Берлінскай і Пражскай аперацыях.
У канцы 1943 г. група Гапяёнка прымала актыўны ўдзел у знішчэнні згуртавання чыгуначных эшалонаў на станцыі Знаменка непадалёк ад Кіраваграда. Нягледзячы на моцны артылерыйскі агонь, лётчыкі выдатна правялі аперацыю і знішчылі 50 вагонаў з войскамі і грузам, падарвалі буйны склад боепрыпасаў, разбурылі 30 службовых будынкаў і спынілі работу чыгуначнай станцыі на некалькі дзён.
18 ліпеня 1944 г. лётчыкі групы Гапяёнка нанеслі бомбавы ўдар па танках і аўтамашынах праціўніка каля Памаржан (Польшча). Нягледзячы на дрэнныя метэаралагічныя ўмовы і зенітны агонь праціўніка было знішчана 5 танкаў, 15 аўтамашын, разбурана 25 будынкаў.
У сакавіку 1945 г. падчас масіраванага налёту на аэрадром Ламсдорф (Германія) група, у склад якой уваходзіў М.І. Гапяёнак, выдатна выканала баявое заданне, знішчыўшы 21 самалёт праціўніка і склад з гаручым. Мікалай Гапяёнак асабіста знішчыў тры самалёты і дзве зенітныя ўстаноўкі праціўніка. Лётчык выдатна праявіў сябе ў баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі.
Да сакавіка 1945 г. М.І. Гапяёнак здзейсніў 165 баявых вылетаў для нанясення бомбавых удараў па жывой сіле і тэхніцы праціўніка.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 чэрвеня 1945 г. Мікалаю Іванавічу Гапяёнку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
24 чэрвеня 1945 г. М.І. Гапяёнак прымаў удзел у Парадзе Перамогі ў Маскве. Да снежня 1946 г. быў камандзірам авіяэскадрыллі 81-га гвардзейскага бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка. У 1951 г. скончыў Ваенна-паветраную акадэмію. У 1951–1952 гг. служыў у 66-ым гвардзейскім бамбардзіровачным авіяцыйным корпусе Прыбалтыйскай ваеннай акругі. Потым жыў у пасёлку Моніна Маскоўскай вобласці. Працаваў выкладчыкам Ваенна-паветранай акадэміі.
Палкоўнік, кандыдат ваенных навук, ваенны лётчык 1-га класа Мікалай Іванавіч Гапяёнак узнагароджаны ордэнам Леніна (1945), ордэнамі Чырвонага Сцяга (1943; 1945), Айчыннай вайны І-й ступені (1944; 1985), Чырвонай Зоркі (1943; 1956), ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» ІІІ-й ступені (1975), медалямі, замежнымі ўзнагародамі.
Мемарыяльныя дошкі ў гонар Героя ўстаноўлены на доме, у якім ён жыў (Моніна), на будынку школы, у якой ён вучыўся (Пецяргоф).