Дата рождения:
19.07.1869 ці 1867 Дубейкава, в., Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
06.11.1940 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Краткая справка:
дзеяч беларускага нацыянальнага руху, архітэктар, будаўнік, педагог, паэт
Варианты имени:
Вітан-Дубяйкоўскі Лявон Іванавіч; Дубейкаўскі Лявон Іванавіч; Дубяйкоўскі Лявон Іванавіч
Имена на других языках:
Витан-Дубейковский Леон Иванович (русский);
4900 символов
Справка
Лявон Іванавіч Вітан-Дубейкаўскі ўвайшоў у гісторыю нашай краіны як таленавіты архітэктар, адзін з пачынальнікаў сучаснай нацыянальнай дойлідскай школы, грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся ён у в. Дубейкава Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (зараз Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці) у збяднелай шляхецкай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Мсціслаўскім гарадскім вучылішчы. Пасля некаторы час працаваў пісарам, аднак зацікавіўся будаўніцтвам і марыў узводзіць храмы. У 17-гадовым узросце паступіў у Школу будаўнічых рамёстваў у Варшаве, навучанне ў якой з-за недахопу сродкаў сумяшчаў з працай на будоўлях. Пасля яе заканчэння вярнуўся на радзіму і заняўся будаўнічымі і рэстаўрацыйнымі работамі. Ужо з пачатку 1890-х гг. кіраваў аднаўленнем касцёлаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве і інш. У час працы над рэканструкцыяй касцёла ў Смалянах (зараз аграгарадок у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці) пазнаёміўся з вядомым расійскім архітэктарам Л.Ф. Даўкшам, які аказаў значнае ўздзеянне на яго далейшую прафесійную дзейнасць. Акрамя архітэктуры ў гэты перыяд зацікавіўся літаратурай на роднай мове: шмат чытаў, збіраў і апрацоўваў беларускі фальклор, напісаў сацыяльна-вострыя творы, скіраваныя супраць царызму, вайны, антыгуманных сацыяльных умоў (байка «Цягне воўк – пацягнуць воўка!» (1892), верш «Бура» (1893) і інш.).
З 1896 г. Л.І. Вітан-Дубейкаўскі жыў у Смаленску, дзе кіраваў будаўніцтвам каменнага касцёла. У 1897 г. ён адкрыў у горадзе будаўнічую кантору «Таварыства Л. Дубейкаўскі і Ко», якая выконвала будаўнічыя, інжынерна-праектныя, бетонныя і рэстаўрацыйныя работы, а праз год – фабрыку жалезабетонных вырабаў, першую ў Паўночна-Заходнім краі. У гэты ж перыяд завяршыў будаўніцтва каменных цэркваў у г. п. Манастыршчына і г. Ярцава, каменнага дома скарбніцы ў г. Вязьма (зараз усе ў Смаленскай вобласці, Расія), будынка гарадской пошты ў Смаленску. У 1903 г. для павышэння кваліфікацыі паступіў у Санкт-Пецярбургскі інстытут цывільных інжынераў, дзе праз год атрымаў званне інжынера-будаўніка. Пасля рэвалюцыі 1905 г. Л.І. Вітан-Дубейкаўскі прадаў фабрыку і выехаў у Парыж для працягу адукацыі. У 1907–1909 гг. вывучаў еўрапейскае дойлідства ў Французскай акадэміі архітэктуры. Атрымаўшы дыплом архітэктара-мастака, некаторы час працаваў у прыватным архітэктурна-будаўнічым бюро, потым стварыў уласную праектную фірму па будаўніцтве прамысловых і жылых дамоў у Варшаве. Па яго праектах тут былі пабудаваны фабрыка братоў Рынгаў і шэраг даходных дамоў. Значнай працай таксама стала стварэнне праекта прыватнага дварцовага ансамбля ў стылі еўрапейскага мадэрну. Адначасова ў перыяд 1912–1915 гг. архітэктар выкладаў будаўніцтва ў Варшаўскай сярэдняй прамыслова-тэхнічнай школе інжынера Пятроўскага. Пасля Першай сусветнай вайны Л.І. Вітан-Дубейкаўскі некаторы час жыў у Расіі, потым вярнуўся ў Беларусь. Удзельнічаў у беларускім нацыянальна-культурным руху, садзейнічаў дзейнасці клуба «Беларуская хатка», чытаў папулярныя лекцыі па будаўніцтве на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні і Гродне, клапаціўся аб дзіцячых прытулках.
З 1922 г. Л.І. Вітан-Дубейкаўскі працаваў у Вільні, вёў прыватную архітэктурную практыку. Сярод праектаў гэтага перыяду: Відзаўская Успенская царква (1922) і Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл (1924) у Віцебскай вобласці. Кіраваў таксама перабудовай факультэта мастацтваў Вiленскага ўнiверсітэта, пабудаваў шэраг прыватных дамоў і ўласную сядзiбу ў Вiльнi, рэстаўрыраваў манастыры бернардзінцаў і францысканцаў. Як архітэктар вылучаўся сваім новым метадам апрацоўкі дрэва і арыгінальнымі драўлянымі пабудовамі: комплекс лясніцтва ў Шумску (зараз Украіна), сядзіба падляснічага ў Кене (каля Вільні), дача Сталыгваў у Ажарове (каля Варшавы) і інш. У 1925 г. архітэктар заснаваў і ўзначаліў у Вільні мулярскую школу, у якой вялася падрыхтоўка будаўнікоў-муляраў і цесляроў. Праявіў сябе як кваліфікаваны і таленавіты педагог, умелы адміністратар. Каб зарабляць грошы для падтрымкі школы і навучэнцаў ён разам са сваімі выхаванцамі выконваў заказы на будаўніцтва гандлёвых складоў, майстэрняў, храмаў і інш. Такім чынам у 1927–1929 гг. быў пабудаваны драўляны касцёл у мястэчку Дрысвяты (зараз вёска ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці). Шмат часу архітэктар прысвяціў грамадскай дзейнасці: быў старшынёй парафіяльнай рады касцёла Святога Мікалая ў Вільні, супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры, дапамагаў у выданні газеты «Беларускі фронт» і інш. У 1934–1938 гг. кіраваў аднаўленнем Марыянскага манастыра ў Друі (зараз аграгарадок у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці). У 1940 г. напісаў працу «Эвалюцыя і рэформа драўлянага будаўніцтва» (засталася ў рукапісе), у якой спрабаваў распрацаваць тэорыю беларускага нацыянальнага дойлідства. Асабістыя дакументы Л.І. Вітан-Дубейкаўскага, у тым ліку рукапісы твораў, захоўваюцца зараз у архівах Мінска, Вільнюса і Нью-Ёрка.