Дата рождения:
13.01.1919 Чаркасова, вёска, Аршанскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
20.06.1992 Украіна
Краткая справка:
ваенны дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1944), узнагароджаны ордэнам Леніна (1944), ордэнамі Чырвонага Сцяга (1942; 1944), ордэнам Аляксандра Неўскага (1945), ордэнамі Айчыннай вайны І-й ступені (1943; 1985), ордэнам Чырвонай Зоркі (1954), амерыканскім Крыжам лётных заслуг
Имена на других языках:
Завадский Владимир Георгиевич (русский);
2752 символа
Справка
Уладзімір Георгіевіч Завадскі нарадзіўся ў вёсцы Чаркасова Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і рабочага. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі працаваў у майстэрні чыгуначнай станцыі Орша.
У кастрычніку 1939 г. быў прызваны ў армію. Пасля заканчэння Энгельскага ваеннага авіяцыйнага вучылішча служыў малодшым лётчыкам-назіральнікам у палку бамбардзіроўшчыкаў, які размяшчаўся непадалёк ад Пінска.
У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны аэрадром палка быў атакаваны варожай авіяцыяй і панёс вялікія страты, а лётчыкі былі пераведзены ў Падмаскоўе. З лістапада 1941 г. Уладзімір Завадскі ваяваў на Заходнім фронце. Падчас абароны Масквы ён зняў на фотастужку вялікую колькасць фактаў перамяшчэння варожых войскаў. Перад пачаткам і ў ходзе Ржэўска-Сычоўскай аперацыі Завадскі зрабіў вялікую колькасць фотаздымкаў варожай абароны і дыслакацыі рэзерваў праціўніка, вылятаў на разведку інтэнсіўнасці руху ворага па Смаленскай шашы, чыгуначных вузлоў у Вязьме, Смаленску і Бранску.
У чэрвені 1943 г. лётны склад палка, у якім служыў Завадскі, прайшоў перападрыхтоўку і быў адпраўлены на Сцяпны фронт. Уладзімір Георгіевіч прымаў удзел у Белгарадска-Харкаўскай, Кіраваградскай, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Яска-Кішынёўскай стратэгічных наступальных аперацыях, з рызыкай для жыцця здабываў для камандавання разведданыя. Да 1 красавіка 1944 г. ён здзейсніў 115 вылетаў, сфатаграфаваў ваенныя аб’екты на плошчы ў 10 738 квадратных кіламетраў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 кастрычнiка 1944 г. за ўзорнае выкананне заданняў камандавання, мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні разведачных палётаў, Уладзіміру Георгіевічу Завадскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
У 1944–1945 гг. капітан Завадскі ўдзельнічаў у аперацыях па вызваленні Венгрыі, Аўстрыі і Чэхаславакіі і быў узнагароджаны баявым амерыканскім ордэнам. Усяго за час Вялікай Айчыннай вайны У.Г. Завадскі здзейсніў 230 баявых вылетаў і скончыў свой баявы шлях у Чэхаславакіі.
Пасля вайны працягваў службу ў асобным разведачным авіяпалку Адэскай ваеннай акругі. У 1954 г. удзельнічаў у шырокамаштабных вучэннях з прымяненнем ядзернай зброі ў Арэнбургскай вобласці.
З 1955 г. У.Г. 3авадскі ў запасе. У 1956 г. скончыў Харкаўскі інжынерна-эканамічны інстытут, працаваў эканамістам на машынабудаўнічым заводзе ў Першамайску Нікалаеўскай вобласці Украіны.
Узнагароджаны ордэнам Леніна (1944), двума ордэнамі Чырвонага Сцяга (1942; 1944), ордэнам Аляксандра Неўскага (1945), двума ордэнамі Айчыннай вайны І-й ступені (1943; 1985), ордэнам Чырвонай Зоркі (1954), медалямі, амерыканскім Крыжам лётных заслуг.
Іменем Уладіміра Завадскага названа вуліца ў Оршы.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».