Адным з пачынальнікаў беларускай псіхіятрыі і стваральнікаў Гродзенскай школы псіхіятрыі быў Генадзь Аляксеевіч Абухаў.
Нарадзіўся ён на чыгуначнай станцыі Сляпцоўская Сунжэнскага раёна ў Чачні. Пасля заканчэння сярэдняй школы не змог далей працягваць вучобу: пачалася Вялікая Айчыная вайна. З 1942 па 1945 г. ён быў радыстам батальёна Закаўказскага фронту. Пасля дэмабілізацыі Г.А. Абухаў паступіў у Паўночна-Асяцінскі медыцынскі інстытут, які скончыў у 1949 г. Вучыўся ў аспірантуры Маскоўскага інстытута судовай псіхіятрыі імя У.П. Сербскага (1949–1952). Пачаў сваю прафесійную дзейнасць урачом-псіхіятрам Падмаскоўнай псіхіятрычнай бальніцы (1952–1954). З 1954 па 1956 г. працаваў навуковым супрацоўнікам і вучоным сакратаром Навукова-даследчага інстытута псіхіятрыі Міністэрства аховы здароўя РСФСР. У гэты перыяд абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Клинические варианты псевдодеменции» (1955). У 1956 г. ён быў накіраваны ў Тэгеран, дзе да 1958 г. загадваў неўралагічным аддзяленнем у бальніцы Савецкага Чырвонага Крыжа. Потым быў назначаны загадчыкам аддзялення псіхіятрычнай клінікі «Касцюжэны» і па сумяшчальніцтве асістэнтам кафедры псіхіятрыі Кішынёўскага медыцынскага інстытута (1959–1962).
З 1962 г. жыццё і навуковая дзейнасць вучонага звязаны з Беларуссю. У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце была арганізавана кафедра псіхіятрыі, куды і запрасілі Г.А. Абухава. Спачатку ён дацэнт кафедры псіхіятрыі, потым загадчык кафедры, намеснік дэкана лячэбнага факультэта, дэкан. У 1973 г. Г.А. Абухаў абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Закономерности возникновения и течения ипохондрических синдромов в пограничной психиатрии». У 1974 г. ён атрымаў званне прафесара, а праз год яму было прысвоена званне заслужанага ўрача Беларусі. Вучоны займаўся даследаваннямі ў галіне пагранічнай псіхіятрыі і алкагольнага псіхозу.
Генадзь Аляксеевіч Абухаў з'яўляецца аўтарам больш за 120 навуковых прац, у тым ліку манаграфіі «Пневмоэнцефалография при шизофрении» (1968), некалькіх метадычных дапаможнікаў для студэнтаў і практычных урачоў. Вучонаму належаць таксама працы «О вреде алкоголя для здоровья человека» (1961), «Алкоголизм и его последствия» (1969), «Нервно-психические больные и их родственники» (1973), «Дифференциальная диагностика алкогольного и инфекционного гепатитов» (1991, з С.П. Валынцом), «Этюды психологии толпы» (2008) і інш. Ім быў перакладзены з нямецкай мовы на рускую падручнік «Психиатрия с элементами психотерапии» (1999, 2002).
Жыццёвы і творчы шлях Г.А. Абухава адзначаны баявымі ўзнагародамі, шматлікімі падзякамі і граматамі Міністэрства аховы здароўя СССР і Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва ўніверсітэта.