Дата рождения:
23.01.1919 Якімаўка, в., Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
08.02.2008 Украіна
Краткая справка:
лётчык-назіральнік, Герой Савецкага Саюза (1945), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ст., двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, педагог, выдатнік адукацыі Украіны
Имена на других языках:
Коваленко Анатолий Яковлевич (русский);
3072 символа
Справка
Сотні савецкіх лётчыкаў здзейснілі гераічныя подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх быў і Каваленка Анатоль Якаўлевіч. Ён нарадзіўся ў в. Якімаўка Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці) у сям'і селяніна. У 1938 г. скончыў Гомельскі аўтамабільны тэхнікум. Працаваў механікам на аўтабазе ў мястэчку Таліца (цяпер горад у Свярдлоўскай вобласці). З 1939 г. служыў у Чырвонай Арміі. У 1940 г. скончыў Харкаўскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча. З чэрвеня 1941 г. у дзеючай арміі. Ваяваў на Заходнім, Крымскім, Паўночна-Каўказскім, Закаўказскім, Ленінградскім, 3-м Прыбалтыйскім і 1-м Беларускім франтах. 19 лістапада 1942 г. экіпаж А. Каваленкі выконваў чарговае баявое заданне: трэба было правесці налёт на Краснадарскі аэрадром і разбамбіць варожыя самалёты, якіх налічвалася каля 300. Адпраўляючыся на заданне, кожны ведаў, што аб'ект з такой колькасцю баявых машын надзейна ахоўваецца. Калі самалёт наблізіўся да аэрадрома, вораг сустрэў яго моцным зенітным агнём, аднак заданне экіпаж выканаў: было знішчана 7 варожых машын. Затым самалёт накіраваўся да яшчэ аднаго аэрадрома. Над станцыяй Северская яго атакавалі 11 варожых знішчальнікаў. Вопытнаму камандзіру ўдалося вырвацца з агнявога кальца і давесці машыну да г. Гарачы Ключ, аднак у паветры яна загарэлася. Спробы збіць полымя поспеху не мелі, даляцець да свайго аэрадрома было нерэальна, у кожнае імгненне самалёт мог узарвацца. І тады А. Каваленка прыняў даволі дзёрзкае рашэнне – пасадзіць яго на мора. Калі машына пайшла на пасадку, прагрымеў выбух. Узрыўной хваляй камандзіра адкінула на 60 м ад ахопленага агнём самалёта, і гэта выратавала яго (увесь экіпаж загінуў). Некалькі месяцаў А. Каваленка правёў у ваенным шпіталі ў г. Сочы. Потым быў зноў накіраваны на фронт.
Старшы лейтэнант А. Каваленка, з'яўляючыся лётчыкам асобнага разведвальнага авіяцыйнага палка, здзейсніў 173 баявыя вылеты. У паветраных баях збіў 7 самалётаў ворага. Знішчыў 7 танкаў, 10 гармат, 15 вагонаў і 30 аўтамашын з ваенным грузам, 50 агнявых пунктаў і 16 самалётаў на зямлі пры штурме аэрадромаў. Галоўным у службе А. Каваленкі была разведка. Лётчык сфатаграфаваў 900 чыгуначных эшалонаў ворага, выявіў 23 аэрадромы, 15 абарончых рубяжоў, каля 50 перапраў. Ён быў тройчы паранены, некалькі разоў яго самалёт збівалі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1945 г. за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, А. Каваленка быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Ён узнагароджаны таксама ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, а таксама шматлікімі медалямі.
У 1946 г. у званні капітана А. Каваленка быў звольнены ў запас. Жыў і працаваў у Херсоне. У 1951 г. скончыў Адэскі педагагічны інстытут. Да 1981 г. знаходзіўся на партыйнай, адміністрацыйнай і педагагічнай рабоце. Памёр 8 лютага 2008 г., пахаваны ў Херсоне. У Адэсе на будынку Адэскага нацыянальнага ўніверсітэта імя К.Д. Ушынскага ўстаноўлена мемарыяльная дошка.