Леанід Сяргеевіч Анцімонаў нарадзіўся ў в. Куляшы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў Рыжскае мастацка-рамеснае вучылішча № 17 (1952), Рыжскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1955), мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1963, цяпер Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава). У 1964–2005 гг. быў выкладчыкам графікі, жывапісу, малюнка, кампазіцыі на мастацка-графічным факультэце гэтага інстытута, дацэнт (1987–2005). Тут ён стварыў і ўзначаліў дзейнасць графічнай майстэрні, у якой студэнты вывучалі традыцыйныя тэхнікі гравюры – афорт, літаграфію, ксілаграфію, разам з педагогам звярталіся да выкарыстання малавядомых тэхнік: гравюры на кардоне і фанеры, дрэвавалакністай пліце. У творчую практыку студэнтаў Л. Анцімонаў прыўнёс і новыя эксперыментальныя праекты ў тэхніцы манатыпіі – акварэльнай манатыпіі, фларатыпіі, якія абагульніў потым у метадычных дапаможніках і праграмах. Прайшоў стажыроўкі на факультэце графікі ў Акадэміі мастацтваў Латвійскай ССР (1970), на кафедры графікі ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў прафесара В. Шаранговіча (1985–1986). За педагагічную дзейнасцць у 1984 г. ён узнагароджаны знакам “Выдатнік народнай асветы”. У 1987 г. Л. Анцімонаў стаў членам Беларускага саюза мастакоў.
Працаваў Л. Анцімонаў у розных графічных тэхніках (афорце, літаграфіі, ксілаграфіі, манатыпіі і г.д.), акварэлі, алейным жывапісе. “Творам мастака, – адзначае мастацтвазнаўца М. Цыбульскі, уласцівы філасофская трактоўка вобраза, паэтычная ўзнёсласць, полістылізм, выкарыстанне складаных тэхнічных прыёмаў, асацыятыўнасць колеру, эксперыментальны характар мастацкай мовы”.* Сярод рвбот: ”Акно” (1974), “Кветка папараці” і “Мефістофель” (1978), “Дрэва жыцця” (1980), трыпціх “Зямля, Месяц, Сонца” (1986),”Ахвярапрынашэнне” (1991); цыклы “Успаміны пра вайну” (1976), “Балада пра Чылі” (1976), “Твары і маскі” (1979), “Пунсовая кветачка” (1980), “Джаз” (1981), “Людзі і птушкі” (1980–1991), “Катастрофа” (1988–1991). Творы Л. Анцімонава надзвычай розныя. Яны могуць быць нефігуратыўнымі, фармальнымі кампазіцыямі і звыклымі рэалістычнымі краявідамі. Але ў аснове іх, як сцвярджаюць спецыялісты, ляжыць добры мастацкі густ, памножаны на высокі ўзровень прафесіяналізму. ”Леанід Анцімонаў – самаадданы прыхільнік традыцый высокай класікі і апантаны эксперыментатар”**, – падкрэслівае М. Цыбульскі, аўтар шматлікіх артыкулаў пра творчасць мастака, складальнік каталогаў яго выставак.
Мастацка-эксперыментатарская праца Л. Анцімонава прыцягнула ўвагу да яго творчасці. Ён стаў удзельнікам не толькі абласных і рэспубліканскіх выставак (з 1966 г.), але і міжнародных, якія праходзілі ў розных краінах Еўропы. Яшчэ падчас вучобы на мастацка-графічным факультэце ён з захапленнем любіў працаваць над малымі графічнымі формамі, у прыватнасці, экслібрысам. І з таго часу ён стаў пастаянным удзельнікам выставак кніжнага знака ў самых розных краінах – у Польшчы, Чэхіі, Швейцарыі, Італіі, Бельгіі, Англіі, Германіі, Аўстрыі, Венгрыі. У сярэдзіне 1990-х гг. ён на працягу трох гадоў выкладаў графіку ў Вышэйшай педагагічнай школе ў г. Зялёна Гура (Польшча).
Творы Л. Анцімонава знаходзяцца ў Віцебскім абласным мастацкім музеі, у прыватных калекцыях.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.
*Леанід Анцімонаў. Магія пошукаў і эксперыментаў : каталог выставы [аўтар уступнага артыкула М. Л. Цыбульскі]. – Віцебск, 2010. – С. 4.
**Там жа. С.6.