Дата рождения:
27.06.1784 Пінскі павет, Брэсцкае ваяводства
Дата смерти:
04.04.1846 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Краткая справка:
літаратуразнавец, педагог, публіцыст, крытык, перакладчык, тэарэтык паэзіі і красамоўства
Варианты имени:
Бароўскі Лявон
Имена на других языках:
Borowski Leon (польский); Боровский Лев Севастьянович (русский); Боровский Леон (русский);
2578 символов
Справка
Леан Бароўскі, гісторык літаратуры, тэарэтык паэзіі і красамоўства, перакладчык, нарадзіўся на Піншчыне. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Пастаўскай гімназіі. У 1801 г. паступіў у Галоўную Віленскую школу, адначасова працаваў там сакратаром і бухгалтарам. Скончыў навучанне з вучонай ступенню кандыдата філасофіі (1803). У 1807–1811 гг. быў настаўнікам рыторыкі, паэтыкі, грэчаскай і лацінскай моў у Свіслацкай і Віленскай гімназіях, з 1814 г. выкладаў паэтыку і красамоўства ў Віленскім універсітэце. У 1816 г. Л. Бароўскі атрымаў вучоную ступень магістра філасофіі. У далейшым прызначаны ад’юнктам (1818), экстраардынарным (1821) і ардынарным (1823) прафесарам універсітэта. У 1833–1842 гг. ён прафесар гісторыі літаратуры, практычнай і тэарэтычнай гамілетыкі ў Віленскай духоўнай акадэміі. Вучоны быў бліскучым прамоўцам: яго лекцыі, насычаныя аналізам літаратуры і дасціпнымі каментарыямі, выклікалі вялікую цікавасць. З’яўляўся таксама членам таварыства шубраўцаў і Віленскай масонскай ложы. У 1842 г. выйшаў у адстаўку ў чыне стацкага саветніка.
Літаратурную дзейнасць Л. Бароўскі пачаў у 1806 г. Пераклаў на польскую мову камедыі Ж-Б. Мальера «Скупы» (1806) і «Жанчыны-філосафы» (1826), фрагменты з твораў Лукрэцыя, У. Шэкспіра, Дж. Мільтана, Дж. Байрана; выдаў паэму І. Красіцкага «Манахамахія» (1818) з уласнымі навуковымі каментарыямі. Доўгі час з’яўляўся членам Віленскага цэнзурнага камітэта. Супрацоўнічаў з часопісам «Dzieńnik Wileński» («Віленскі веснік»), дзе друкаваў свае даследаванні і рэцэнзіі. У 1815–1826 гг. там былі змешчаны артыкулы «Самалюб: камедыя У. Нямцэвіча», «Аб уплыве даўніх і новых замежных узораў на развіццё густу», асобныя раздзелы манаграфіі «Заўвагі пра паэзію і красамоўства з пункту погляду іх падобнасці і адрознення» (асобным выданнем выйшла ў Вільні ў 1820 г.) і інш. Леан Бароўскі – аўтар падручніка «Рыторыка ў пытаннях і адказах для павятовых школ» (1824), біяграфічнага нарыса «Звесткі пра жыццё і творы прафесара Эўзебіуша Славацкага». У сваіх працах ён даследаваў мастацкую культуру і літаратурную мову ў іх гістарычным развіцці, выкладаў уласную літаратурна-эстэтычную канцэпцыю. Вучоны крытычна ставіўся да канонаў класіцызму, што стрымлівалі творчую свабоду мастакоў, пісьменнікаў і аратараў, рабіў акцэнт на творчую фантазію і арыгінальнасць мастацкага таленту.
Педагагічная дзейнасць і творчая спадчына Л. Бароўскага аказалі значны ўплыў на фарміраванне светапогляду пачынальнікаў літаратуры эпохі рамантызму Ю. Славацкага, А. Міцкевіча, Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, Р. Падбярэзскага і інш.