Беларускі хірург, вучоны, стваральнік навуковай школы гепаталогіі Леанід Вікенцьевіч Аўдзей нарадзіўся ў г. Вілейка Мінскай вобласці ў сям'і рабочага. Скончыўшы сярэднюю школу ў 1947 г. паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. З 1953 па 1956 г. Л. В. Аўдзей працаваў загадчыкам хірургічнага аддзялення і галоўным урачом Пастаўскай раённай бальніцы, дзе праявіліся яго прафесійныя і арганізатарскія здольнасці. У 1956–1959 гг. быў аспірантам кафедры факультэцкай хірургіі Мінскага медыцынскага інстытута. Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю на тэму «Хирургическое лечение холецистита», у 1959 г. прысуджана вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук. Працаваў на кафедры факультэцкай хірургіі спачатку асістэнтам, потым дацэнтам. У 1968 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Компенсация функциональных и морфологических изменений печени и желчных путей при хирургическом лечении холецистита». У 1970 г. Л. В. Аўдзею прысвоена вучонае званне прафесара. У 1970–1977 гг. загадваў 2-й кафедрай шпітальнай хірургіі Мінскага медыцынскага інстытута. На базе 2-й клінічнай бальніцы Мінска арганізаваў аддзяленне клінічнай гепаталогіі (1970), якое стала рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам па вывучэнні хірургічных метадаў лячэння паталогіі гепатабіліярнай сістэмы. Адначасова ён з'яўляўся галоўным хірургам Міністэрства аховы здароўя БССР (1968–1977). У гэты перыяд Л. В. Аўдзей акрамя выкладчыцкай вёў плённую арганізацыйную работу па павышэнні якасці аказання дапамогі насельніцтву пры вострых хірургічных захворваннях; падрыхтоўцы, рацыянальным размеркаванні хірургаў; укараненні ў практыку перадавых метадаў хірургічнага лячэння і прафілактыкі.
Навукова-даследчая работа вучонага была накіравана на вывучэнне хірургічных метадаў лячэння паталогіі гепатабіліярнапанкрэатычнай сістэмы. У мэтах павышэння кампенсатарных функцый печані прапанаваў інтэнсіўную інфузійную тэрапію, якая шырока ўвайшла ў клінічную практыку. Упершыню ў Беларусі распрацаваў і ўкараніў у практыку: еюнавезікаплексію пры партальнай гіпертэнзіі; дэкапсуляцыю печані з аментагепатаплексіяй пры цырозе печані; дрэнажаванне грудной лімфатычнай пратокі пры цырозе печані. Мадэрнізаваў аперацыю па дэнервацыі пячоначнай артэрыі пры хранічным халестатычным гепатыце; распрацаваў тактыку вядзення рэканструктыўнай і паўторнай аперацый на жоўцевых пратоках; удасканаліў фіксацыю дрэнажу ў брушной поласці і інш. Адначасова працаваў над дыягностыкай хірургічных захворванняў, у тым ліку з выкарыстаннем апаратуры з валаконнай оптыкай. Вывучаў пытанні анестэзіялогіі і рэанімацыі; працягласці і інтэнсіўнасці да- і пасляаперацыйнага вядзення хворых; гнойнай хірургіі; хірургічнага лячэння захворванняў страўніка і дванаццаціперснай кішкі.
Леанід Вікенцьевіч Аўдзей – аўтар каля 150 навуковых прац, у тым ліку манаграфій «Клиника и хирургическое лечение холецистита» (1963), «О медицинской деонтологии» (1969), «Ошибки в диагностике и лечении острых заболеваний органов брюшной полости в сельских районах» ( у суаўтарстве, 1974), «Фармакотерапия и профилактика боли»( у суаўтарстве, 1976) і інш. Пад яго кіраўніцтвам выканана 5 доктарскіх і 31 кандыдацкая дысертацыі. Таксама прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні Рэспубліканскага з'езда хірургаў. Удзельнічаў у Міжнародным кангрэсе хірургаў у Маскве (1971). З'яўляўся старшынёй Беларускага навуковага таварыства хірургаў (1968–1977), членам прэзідыумаў праўленняў Усесаюзных навуковых таварыстваў хірургаў і гастраэнтэролагаў, Міжнароднай хірургічнай асацыяцыі, рэдакцыйных калегій часопісаў «Вестник хирургии» і «Клиническая хирургия». Заслугі вучонага адзначаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.