Дата рождения:
17.08.1924 Шамава, в., Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
22.12.1989 Мінск, г.
Краткая справка:
вучоны ў галіне хірургіі, выдатнік аховы здароўя СССР, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ст., Славы ІІІ ст., Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі
Имена на других языках:
Астапенко Вадим Григорьевич (русский); Остапенко Вадим Григорьевич (русский);
3677 символов
Справка
Вялікая заслуга ў развіцці хірургіі Беларусі і хірургічных метадаў лячэння належыць Вадзіму Рыгоравічу Астапенку. Яго дзейнасць садзейнічала ўкараненню перадавых навуковых дасягненняў у медыцынскую практыку і паляпшэнню хірургічнай службы ў краіне.
Нарадзіўся ён у в. Шамава Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і фельчара. У 1941 г. скончыў сярэднюю школу. У гады акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з бацькам дапамагаў партызанам. Калі ў 1943 г. Мсціслаўскі раён быў вызвалены, пайшоў служыць у Чырвоную армію, прымаў удзел у аперацыі «Баграціён». Пасля дэмабілізацыі вучыўся ў Мінскім медыцынскім інстытуце (1947‒1953). У 1956 г. скончыў аспірантуру. У гэтым жа годзе стаў асістэнтам кафедры факультэтскай хірургіі інстытута. У 1957 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Профилактика и лечение послеоперационных осложнений у больных тиреотоксикозом». З 1962 па 1968 г. працаваў дэканам лячэбнага факультэта. У 1965 г. стаў дацэнтам. У 1972 г. яму прысвоена вучоная ступень доктара медыцынскіх навук за дысертацыю на тэму «Клинико-морфологические особенности и компенсация нарушенных функций при хирургическом лечении токсического зоба». У 1973 г. В.Р. Астапенка атрымаў вучонае званне прафесара. У 1975‒1978 гг. працаваў загадчыкам кафедры хірургіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. З 1978 па 1987 г. кіраваў кафедрай хірургічных хвароб Мінскага медыцынскага інстытута. Адначасова з’яўляўся галоўным хірургам Міністэрства аховы здароўя БССР (1977‒1986), аказваў кансультацыйную і арганізацыйную дапамогу па хірургічным лячэнні хворых.
Вадзім Рыгоравіч ‒ аўтар больш за 200 навуковых прац, прысвечаных метадам хірургічнага лячэння шчытападобнай залозы, язвавай хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гепатабіліярнай сістэмы, партальнай гіпертэнзіі ў хірургіі. Сярод іх ‒ «Хирургическое лечение тиреотоксикозов» (1961), «Практическое пособие по частной хирургии» (1968), «Заболевания щитовидной железы» (1970, у суаўтарстве), «Справочник хирурга» (1980, у суаўтарстве), «Ошибки и осложнения хирургии “острого живота”» (1982, у суаўтарстве), «Состояние и перспективы развития службы сорбционной детоксикации в Белорусской ССР», «Острые заболевания живота», «Хирургическая патология гепатобилиарной системы» (усе 1983, у суаўтарстве), «Практическое руководство по хирургическим болезням» (т. 1‒2, 1983‒1984, у суаўтарстве), «Справочник по диагностике и дифференциальной диагностике хирургических болезней» (1988, у суаўтарстве), «Руководство по гастроинтестинальной эндоскопии» (1990, у суаўтарстве) і інш. Вучоны ажыццяўляў навукова-практычную працу па аналізе стану хірургічнай дапамогі хворым вострымі захворваннямі органаў брушной поласці. Дзякуючы яму ў Беларусі наладжана функцыянаванне спецыялізаваных рэспубліканскіх цэнтраў: эндаскапічных даследаванняў, сарбцыйных метадаў дэтаксікацыі, хірургічнай гепаталогіі, партальнай гіпертэнзіі, хірургічнай гастраэнтэралогіі. Значным дасягненнем вучонага стала ўкараненне ў практыку новых метадаў абязбольвання і пасляаперацыйнага догляду хворых на таксічны валляк. Вадзім Рыгоравіч з’яўляўся членам рэдакцыйнай калегіі часопіса «Хирургия», рэдакцыйных саветаў часопісаў «Вестник хирургии», «Здравоохранение Беларуси». Пад яго кіраўніцтвам было абаронена тры доктарскія і дзевяць кандыдацкіх дысертацый.
Вучоны праявіў сябе як здольны арганізатар, быў старшынёй Праўлення навуковага таварыства хірургаў Беларусі, намеснікам старшыні Усесаюзнага таварыства хірургаў, членам праўлення Усесаюзнага і Рэспубліканскага таварыстваў эндакрынолагаў.
Вадзім Рыгоравіч узнагароджаны чатырма ордэнамі, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.