Дата рождения:
02.02.1929 Сянно, г., Віцебская вобласць
Дата смерти:
20.11.1998
Краткая справка:
жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Имена на других языках:
Gomanau Uladzimir Kirylavitch (не определен); Гомонов Владимир Кириллович (русский);
3507 символов
Справка
Дзейнасць Уладзіміра Кірылавіча Гоманава з'яўляецца неад'емнай часткай беларускага мастацтва. Майстар рэалістычнага жывапісу, ён пакінуў вялікую спадчыну, прасякнутую жыццёвай праўдай, маляўнічасцю, паэзіяй, любоўю да ўсяго светлага і прыгожага.
Нарадзіўся У. Гоманаў у г. Сянно Віцебскай вобласці. Яго бацька служыў у органах дзяржаўнай бяспекі і быў пераведзены з Беларусі ў Туркестан, потым сям'я пераехала ў Крым. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны маці з Уладзімірам (у маі 1941 г.) вярнуліся на радзіму. У пасляваенны час У. Гоманаў працаваў мастаком і кіраўніком самадзейнасці ў Сенненскім раённым доме культуры. У 1956 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1962 г. Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (дыпломная карціна «Працоўны рытм»). Яго педагогамі былі вядомыя жывапісцы Х. Ліўшыц, А. Мазалёў, У. Сухаверхаў, В. Цвірка. З 1962 г. У. Гоманаў пачаў удзельнічаў у мастацкіх выстаўках. З 1963 па 1978 г. выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. У 1967 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў. У 1990 г. атрымаў званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі».
Творчасць У. Гоманава фарміравалася ў канцы 1950-х – пачатку 1960-х гг. Ён працаваў у розных жанрах станковага жывапісу: пісаў сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, пейзажы, партрэты, нацюрморты. Вялікае значэнне надаваў шчырасці пачуццяў, дасканаламу вывучэнню жыцця. Мастак прытрымліваўся традыцый перадзвіжнікаў і імкнуўся вывучаць і знаходзіць у натуры самае характэрнае, тыповае, раскрываць псіхалагічны стан герояў. Гэта праявілася ў партрэтах «Кузьма Лукіч» (1963), «Пракопыч» (1964), «Стары беларус» (1965) і іншых, напісаных у ранні перыяд творчасці. Паступова У. Гоманаў адыходзіў ад прамога ўплыву перадзвіжнікаў, выпрацоўваў уласны почырк. На стварэнне мастацкіх твораў яго натхняла паэзія Я. Купалы. Купалаўскія вобразы знайшлі адлюстраванне ў манументальным палатне «А хто там ідзе?» (1969, трыпціх). Мастак часта прыязджаў у Сянно. Вынікам гэтых паездак сталі палотны «Ветэраны» і «Мы даяркі» (1975), «Свята ў полі» (1978), «Камбайнеры» (1981), «Жняя» і «Мой родны кут» (1982) і інш. Ён з'яўляецца аўтарам пейзажаў «Прыпяцкія плёсы» і «Восеньскі матыў» (1976), шэрага нацюрмортаў. Геаграфія палотнаў не абмяжоўваецца толькі Беларуссю, аб гэтым сведчыць серыя «З эцюднікам па Еўропе» (1986). Асобае месца ў творчасці У. Гоманава займаюць тэматычныя карціны. Сярод лепшых – «Апошні бой Заслонава» (1964), «На сценах старажытнага Слуцка» (1973), «Крыжы зямлі» (1995), «Божа, дапамажы» (1996) і інш. Высокім майстэрствам выканання вылучаюцца палотны, прывечаныя К. Каліноўскаму («Чорная пятля», 1989), беларускаму першадрукару («Свет Скарыны», 1991), паэту М. Багдановічу («Крыніца», 1981) і («Магіла Максіма Багдановіча ў Ялце», 1991).
Апошнія гады жыцця У. Гоманаў прысвяціў прапагандзе выяўленчага мастацтва. Па яго ініцыятыве ў Лідзе была арганізавана мастацкая галерэя, якой жывапісец падараваў шэраг уласных твораў. Такіх галерэй у Беларусі было арганізавана больш за дзесяць. Уладзімір Гоманаў марыў аб стварэнні мастацкага музея і ў Сянно, але заўчасная смерць (20 лістапада 1998 г.) перашкодзіла гэтаму. Праз год (4 снежня 1999 г.) у Сянно пачала працаваць галерэя, дзе былі прадстаўлены палотны У. Гоманава. З 2013 г. яна размяшчаецца ў левым крыле першага паверха краязнаўчага музея. Творы мастака знаходзяцца ў музеях Беларусі і за яе межамі, у тым ліку ў Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі і іншых краінах.