Краткая справка:
музыказнавец, публіцыст, перакладчык, аўтар шматлікіх артыкулаў па актуальных пытаннях беларускага музычнага мастацтва
Псевдонимы:
Арфей; Арыён
Варианты имени:
Дрэйзін Юліян Мікалаевіч
Имена на других языках:
Дрейзин Юлиан Николаевич (русский);
3689 символов
Справка
Адной са знакавых асоб беларускай культуры 1920–1930-х гг. быў Юльян Мікалаевіч Дрэйзін – адзін з заснавальнікаў беларускага музыказнаўства і нацыянальнай школы мастацкага перакладу.
Нарадзіўся ён у г. Екацярынаслаў (цяпер г. Днепр, Украіна) у сям’і ваеннага ўрача. Вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі (скончыў у 1900 г.), некаторы час быў студэнтам медыцынскага і гісторыка-філалагічнага факультэтаў Юр’еўскага ўніверсітэта (цяпер Тартускі ўніверсітэт, г. Тарту, Эстонія). У 1905 г. перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. У час вучобы выдатна засвоіў гісторыю антычнасці, латынь, старагрэчаскую мову і літаратуру. Дзякуючы прыватным урокам ігры на скрыпцы, якія ён браў у прафесараў Маскоўскай кансерваторыі Г.М. Дулава і Б.В. Сібора, значна ўдасканаліў сваё музычнае майстэрства. Пасля заканчэння навучання (1908) быў накіраваны на працу выкладчыкам рускай і антычных моў, гісторыі антычнай культуры ў Магілёўскую мужчынскую гімназію. На працягу 17 гадоў Ю.М. Дрэйзін працаваў у навучальных установах Магілёва і меў рэпутацыю аднаго з лепшых выкладчыкаў лацінскай мовы ў віленскай навучальнай акрузе. Адначасова вёў музычна-асветніцкую дзейнасць: арганізаваў у горадзе аматарскі квартэт, дзіцячы хор пры агульнаадукацыйнай школе № 4 імя Чарльза Дарвіна, прафесійны гарадскі сімфанічны аркестр (1919). Выступаў з публічнымі лекцыямі, змяшчаў у перыядычным друку рэцэнзіі на тэатральныя пастаноўкі, палемічныя, даследчыя і іншыя артыкулы музыказнаўчай тэматыкі. У 1921 г. была выдадзена яго кніга «Музыка і рэвалюцыя» – адно з першых даследаванняў у савецкім навуковым музыказнаўстве.
У 1925 г. Ю.М. Дрэйзін пераехаў у Мінск. Ён выкладаў гісторыю і тэорыю музыкі ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, Беларускім музычным тэхнікуме, Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, антычныя мовы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і Камвузе. Адначасова працаваў у Інстытуце беларускай культуры, Беларускай акадэміі навук, Беларускім радыёкамітэце. Юльян Мікалаевіч – аўтар прац па актуальных пытаннях развіцця беларускага музычнага мастацтва (усяго больш за 1200 публікацый). Сярод іх – «Беларуская музыка» (1925), «Праблемы нацыянальнае музыкі» (1926), «Кастрычнік і беларуская музыка» (1927), артыкулы пра творчасць кампазітараў М. Аладава, Р. Пукста, А. Туранкова, У. Тэраўскага і інш. Распрацаваў беларускую музычную тэрміналогію, у 1926 г. склаў слоўнік «Музычныя тэрміны». У 1927 г. напісаў лібрэта оперы «Тарас на Парнасе» М. Аладава.
Акрамя музыказнаўчай дзейнасці Ю.М. Дрэйзін займаўся перакладамі. Вядома больш за 800 яго перакладаў, звязаных з музыкай, у тым ліку на беларускую мову: лібрэта класічных опер «Кармэн» Ж. Бізэ, «Фаўст» Ш. Гуно, «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні, «Русалка» А. Даргамыжскага, «Залаты пеўнік» М. Рымскага-Корсакава, тэксты рамансаў, песень, арый з опер, араторый, кантат і інш. Выдатны лінгвіст (валодаў сямю замежнымі мовамі) і знаўца антычнасці, Юльян Мікалаевіч перакладаў таксама і творы мастацкай літаратуры, сярод якіх «Антыгона» Сафокла, «Вакханкі» Эўрыпіда, урыўкі з «Іліяды» Гамера і інш. Пасля выхаду з друку яго артыкула «Музычнае жыццё Беларусі» (1934) пачаліся абвінаваўчыя нападкі крытыкаў, якія вымусілі навукоўца пакінуць краіну і пераехаць у Расію. З 1935 г. жыў у пасёлку Нямчынаўка пад Масквой, выкладаў гісторыю тэатра, грэчаскую і лацінскую мовы ў Маскоўскім універсітэце, Педагагічным інстытуце і іншых, займаўся перакладамі.
Чалавек глыбокіх ведаў, шырокіх навуковых інтарэсаў, разнастайных творчых захапленняў Ю.М. Дрэйзін музычна-асветніцкай, педагагічнай і перакладчыцкай дзейнасцю ўнёс значны ўклад у развіццё беларускай музычнай культуры.