Дата рождения:
14.05.1814 Полацк, г., Віцебская вобласць
Дата смерти:
07.02.1883
Краткая справка:
беларускі і расійскі вучоны ў галіне ўсходазнаўства, адзін з першых санскрытолагаў Расіі, член Рускага геаграфічнага таварыства
Псевдонимы:
Белорусс К.К. (?)
Имена на других языках:
Коссович Каэтан Андреевич (русский);
4931 символ
Справка
Каятан Андрэевіч Касовіч – адзін з першых санскрытолагаў Расійскай Імперыі. Ураджэнец Віцебшчыны пакінуў яркі след у вывучэнні гісторыі, літаратуры, культуры народаў усходніх краін.
Нарадзіўся ён у Полацку ў сям’і свяшчэнніка. Вучыўся ў Полацкай уніяцкай школе піяраў, якую закрылі ў 1829 г. Цяга да навукі прывяла хлопца ў Віцебск, каб прадоўжыць адукацыю ў гімназіі. Менавіта тут ён захапіўся вывучэннем лацінскай і грэчаскай моў. Добрым веданнем лацінскай мовы К. Касовіч звярнуў на сябе ўвагу, і папячыцель Беларускай навучальнай акругі дапамог паступіць у Маскоўскі ўніверсітэт. З 1832 па 1836 г. ён вучыўся на філалагічным факультэце (за кошт Беларускай навучальнай акругі), дзе праявіліся незвычайныя лінгвістычныя здольнасці. За кароткі тэрмін К. Касовіч авалодаў англійскай, італьянскай, арабскай, стараяўрэйскай і іншымі мовамі. Антычных пісьменнікаў ведаў настолькі, што мог гадзінамі чытаць іх творы на памяць. У час вучобы ўваходзіў у тайнае студэнцкае таварыства аматараў польскай літаратуры (разам з Т. Лада-Заблоцкім, І. Савінічам), потым у гурток М. Станкевіча.
Тры гады пасля заканчэння Маскоўскага ўніверсітэта К. Касовіч даваў прыватныя ўрокі, бо іншай работы не было. Затым выкладаў грэчаскую мову ў Цвярской і Другой Маскоўскай гімназіях. У гэты перыяд пачаў вывучаць і даследаваць яўрэйскую і арабскую мовы, потым санскрыт. Апошняй мовай валодаў так добра, што свабодна чытаў на ёй такія творы, як “Махабхарата”, “Рамаяна”. Пераклаў на рускую мову і выдаў старажытнаіндыйскія драмы “Сунд и Упесунд” (1844), “Сказание о Дгруве” (1848), “Васантазена” (1849) і іншыя, што давала магчымасць чытачу шырэй пазнаёміцца з антычнай культурай і літаратурай. Разам з братам І. Касовічам ён выдаў “Греческо-русский словарь” (1848). Дзейнасць К. Касовіча не атрымала падтрымкі ў Маскве. Паваротным у лёсе вучонага стаў 1850 г., калі пачаў працаваць у Публічнай бібліятэцы Санкт-Пецярбурга. Праз некалькі гадоў узначаліў у ёй аддзел усходніх кніг і рукапісаў. Тут працаваў да апошніх гадоў свайго жыцця і зрабіў вельмі многа, каб папоўніць бібліятэчную калекцыю помнікамі індыйскай літаратуры: склаў каталог на 2000 назвы друкаваных усходніх тэкстаў, знайшоў невядомае арабскае Евангелле, датаванае 1708 г., падрыхтаваў шэраг каштоўных крытыка-бібліяграфічных аглядаў старажытных і іншамоўных тэкстаў, што тычыліся расійскай гісторыі. Праца ў бібліятэцы адкрыла перад К. Касовічам магчымасць для паездкі за мяжу, аб чым марыў шмат гадоў. Ён наведаў Англію, Германію, Францыю, дзе знаёміўся з вядомымі індолагамі, збіраў падрабязныя звесткі пра тыя помнікі старажытнай індыйскай літаратуры, якіх тады не было ў Расійскай Імперыі. З 1857 г. стаў чытаць на грамадскіх пачатках лекцыі па санскрыцкай мове і літаратуры ў Імператарскім Санкт-Пецярбургскім універсітэце. Па прапанове Расійскай акадэміі навук склаў “Санскритско-русский словарь” (1854, выданне не закончана). Каятану Касовічу належаць і такія працы, выпушчаныя асобна ў 1853–1860 гг., як “Филологические поиски”, “Две публичные лекции о санскритском эпосе”, пераклад “Наль и Дамаянти”. Дзякуючы даследчыку чытач пазнаёміўся з перакладам эпізоду з “Махабхараты” – “Легенда об охотнике и паре голубей”. Да арыгінальнага санскрыцкага тэксту была дададзена яго руская транскрыпцыя, таксама лацінскі і рускі пераклады, слоўнік і кароткі граматычны даведнік. У гэты перыяд даследчык пачаў настойліва хадайнічаць аб стварэнні пры ўніверсітэце кафедры санскрыцкай мовы, якая была адкрыта ў 1859 г., і першым прафесарам па санскрыце стаў беларус К. Касовіч. Першыя агульнадаступныя лекцыі вучонага аб значэнні параўнальнага мовазнаўства сталі сенсацыйнымі ў культурным жыцці Санкт-Пецярбурга. Іх тэксты былі надрукаваны ў папулярных грамадскіх часопісах. На той час у Расійскай Імперыі не было элементарных дапаможнікаў для вывучэння мовы санскрыту, таму даследчык выдаў некалькі эпізодаў з “Махабхараты”, забяспечыўшы іх рускай транскрыпцыяй і лацінскім перакладам. Адначасова К. Касовіч выкладаў ва ўніверсітэце і зенд (мову аднаго з іранскіх плямёнаў), для гэтага зрабіў і выпусціў “Свод древнеперсидских клиноподобных надписей” (1872). У 1874 г. у яго перакладзе выйшла “Еврейская грамматика” Г. Ф. В. Гезеніуса, праз год – “Еврейская хрестоматия…”, якія былі прыняты ў якасці падручнікаў у духоўных семінарыях.
Навуковыя дасягненні К. Касовіча былі ацэнены Харкаўскім Імператарскім універсітэтам: у 1864 г. атрымаў званне ганаровага доктара параўнальнага мовазнаўства. У 1865 г. заняў пасаду штатнага прафесара ў Імператарскім Санкт-Пецярбургскім універсітэце. Таксама ён з’яўляўся правадзейным членам Усходняга аддзялення Імператарскага Рускага археалагічнага таварыства, Рускага геаграфічнага таварыства, Парыжскага азіяцкага таварыства, Нямецкага ўсходняга таварыства. На даследаванні вучонага ў галіне персідскай філалогіі звярнулі ўвагу і ў Іране. Яго ўзнагародзілі ордэнам Льва і Сонца I ступені.