Дата рождения:
10.03.1929 Варонаўшчына, в., Капыльскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
13.10.2002
Краткая справка:
мовазнавец, педагог, даследчык культуры мовы, яе стылістыкі і граматыкі, выдатнік адукацыі Беларусі
Имена на других языках:
Наркевич Аркадий Иосифович (русский);
3561 символ
Справка
Вядомы мовазнавец Аркадзь Іосіфавіч Наркевіч унёс значны ўклад у развіццё беларускай лінгвістычнай навукі. Нарадзіўся ён у в. Варонаўшчына Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (1951). На працягу года працаваў настаўнікам Грэскай сярэдняй школы (Слуцкі раён). У 1952–1955 гг. вучыўся ў аспірантуры ў Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР. У 1956 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Способы выражения определения в современном белорусском литературном языке: (на материале произведений Я. Коласа)», у 1973 г. – доктарскую на тэму «Система словосочетаний в современном белорусском литературном языке: (структурно-семантическое описание)». У 1974 г. стаў доктарам філалагічных навук, у 1977 г. – прафесарам. З 1965 па 2002 г. працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ), дзе займаў пасаду дацэнта кафедры беларускай мовы філалагічнага факультэта, затым – кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання факультэта журналістыкі.
Галоўнымі аб’ектамі навуковых даследаванняў А.І. Наркевіча былі культура мовы, стылістыка і граматыка беларускай мовы. Ён з’яўляецца аўтарам кніг «Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове: (структурна-семантычнае апісанне)» (1972), «Назоўнік. Граматычныя катэгорыі і формы» (1976), «Практыкум па курсу «Сучасная беларуская літаратурная мова» (1985), «Практычны курс сучаснай беларускай мовы» (1992). У манаграфіі «Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове: (структурна-семантычнае апісанне)» навуковец на багатым фактычным матэрыяле разгледзеў уласцівыя беларускай літаратурнай мове словазлучэнні з боку іх структуры, семантыкі і стылістыкі. У кнізе «Назоўнік. Граматычныя катэгорыі і формы» аналіз назоўнікаў паказаў, што яны належаць да ліку найбольш багатых і разнастайных па сваёй змястоўнай структуры і форме часцін мовы. Дапаможнік для студэнтаў «Практычны курс сучаснай беларускай мовы» пабудаваны ў форме разгорнутых тэматычных пытанняў з заданнямі па ўсіх праграмных раздзелах сучаснай беларускай мовы. Вядомы мовазнавец з’яўляецца суаўтарам кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: сінтаксіс» (1959) і «Граматыка беларускай мовы» (т. 1–2, 1962–1966). Усяго ім напісана каля 400 навуковых работ, у тым ліку 20 навукова-метадычных і папулярных брашур. Друкаваў рэцэнзіі на працы многіх даследчыкаў.
Навуковыя інтарэсы А.І. Наркевіча былі звязаны таксама з культурай маўлення журналістаў. Ён аналізаваў моўныя працэсы, якія выклікаюць з’яўленне новых слоў і словазлучэнняў, узбагачаюць семантычную структуру і лексіка-спалучальныя магчымасці слоўнікавага складу. Вучоны меў непасрэднае дачыненне да стварэння кафедры стылістыкі на факультэце журналістыкі БДУ. Быў адным з ініцыятараў выпуску зборнікаў навуковых артыкулаў «Культура мовы журналіста = Культура речи журналиста» (1982–1992), на старонках якіх надрукаваны цікавыя назіранні над мовай прэсы, радыё і тэлебачання. З’яўляўся членам Беларускага саюза журналістаў.
Аркадзь Іосіфавіч быў членам спецыялізаваных саветаў па лінгвістыцы пры ўніверсітэце і Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР, саветаў па абароне дысертацый, экспертных саветаў Вышэйшага атэстацыйнага камітэта БССР. Вучоны ўзнагароджаны нагрудным знакам «За выдатныя поспехі ў працы», а таксама граматамі Міністэрства народнай адукацыі БССР і рэктарата ўніверсітэта. У юбілейныя дні вучонага праводзіцца Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Слова ў кантэксце часу».