Дата рождения: 19.01.1939 Шпакоўшчына, в., Смалявіцкі раён, Мінская вобласць
Краткая справка: актрыса тэатра і кіно, народная артыстка Беларусі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2017)
Имена на других языках: Мархель Татьяна Григорьевна (русский);
Ёсць артысты, павага да якіх узнікае натуральна, а любоў з боку публікі замацоўваецца кожнай сыгранай роллю. Выклікаць такія пачуцці – вялікі дар, калі ж ён спалучаецца з акцёрскім талентам, тады пачынаюць разважаць пра адметны творчы лёс. Таццяна Рыгораўна Мархель адносіцца менавіта да такіх майстроў сцэны. Яна падобна толькі да самой сябе, таму і створаныя актрысай вобразы ўражваюць кідкай маляўнічасцю абрысаў, тонкай псіхалагічнай прарысоўкай характараў. Гераіні Т. Мархель застаюцца ў памяці назаўжды.
Актрыса нарадзілася ў в. Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. З восьмага класа ўдзельнічала ў самадзейнасці. У аматарскім спектаклі “Хірургія” паводле апавядання А. Чэхава сыграла фельчара Кураціна. Гэта была яе першая ў жыцці роля.Пасля заканчэння медыцынскага вучылішча два гады працавала медсястрой у Мінску. Паступіла ў медыцынскі інстытут, але кінула вучобу, бо зразумела, што гэта не яе прызванне. У 1959 г. Т. Мархель стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.
У Гродзенскі абласны драматычны тэатр яна трапіла ў 1963 г. па размеркаванні. Дэбютам маладой актрысы стала роля японскай шпіёнкі Куін-Сан у спектаклі “Порт-Артур” І. Папова паводле А. Сцяпанава. Таццяна Мархель была занята таксама ў пастаноўках “Экстранны выклік” Л. Мітрафанава, “Снежная каралева” Я. Шварца, “Разбуджанае сумленне” В. Шаўрына, “Пятроўка, 38” паводле Ю. Сямёнава, “Сэрца на далоні” паводле І. Шамякіна. З 1966 па 1967 г. працавала ў Алма-Аце ў Дзяржаўным тэатры для дзяцей і юнацтва Казахстана, потым іграла ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры, з 1970 г. у Беларускім тэатры імя Я. Коласа ў Віцебску, дзякуючы якому стала характарнай актрысай высокага ўзроўню. Яна выконвала розныя ролі – Кручыніна (“Без віны вінаватыя” А. Астроўскага), лэдзі Капулеці (“Рамэа і Джульета” У. Шэкспіра), Іхменева (“Прыніжаныя і зняважаныя” паводле Ф. Дастаеўскага), пані Проціч (“Доктар філасофіі” Б. Нушыча) і інш. Найбольш ярка раскрыўся талент Т. Мархель у творах нацыянальнай драматургіі. Мастацкім адкрыццём сталі вобразы Ганны (“На дарозе жыцця” паводле Я. Коласа), Вольгі Усцінаўны (“Снежныя зімы” паводле І. Шамякіна), Бажашуткавай (“Амністыя” М. Матукоўскага), Ганны (“Вечар” А. Дударава). Лепшым спектаклем быў “Сымон-музыка” паводле Я. Коласа, дзе Т. Мархель сыграла Маці і ўпершыню на сцэне заспявала. Яна выконвала беларускія народныя песні, што ўзмацнялі фальклорна-паэтычнае і эпічнае гучанне пастановак. Таццяна Рыгораўна – непаўторны інтэрпрэтатар абрадавых цыклаў. Яна прадстаўляла Беларусь на міжнародных фальклорных фестывалях у Таліне, Маскве, Адэсе, а таксама Польшчы, ЗША і іншых краінах. У 1984 г. актрыса атрымала званне “Заслужаная артыстка Беларусі”.
У 1987 г. Т. Мархель пераехала ў Мінск, дзе пачала працаваць у Тэатры-студыі кінаакцёра. Лепшай работай гэтага часу стала роля Батлейшчыцы ў спектаклі “Дзіця з Віфлеема” паводле біблейскага сюжэта і беларускіх народных песень, запісаных актрысай. З 1994 г. Т. Мархель – у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Дасягнуўшы акцёрскага майстэрства ў народных вобразах з твораў Я. Купалы, Я. Коласа, У. Галубка, У. Караткевіча, А. Дударава, яна звярнулася да сусветнай драматургіі і з бляскам сыграла гангстара Гіры (“Узлёт Артура VI, які можна было спыніць” Б. Брэхта), Ведзьму, герцагіню Ёркскую (“Макбет”, “Рычард ІІІ” У. Шэкспіра), Пані, Наркацарыцу (“Шлях у Царград” З. Косціча) і інш. Асобнае месца ў творчасці актрысы займае спектакль “Жанчыны Бергмана” М. Рудкоўскага. У ім была сыграна роля сусветна вядомай спявачкі Інгрыд, якая страціла голас і трапіла ў шпіталь для псіхічнахворых. Стварэнне вобраза без слоў – яшчэ адно дасягненне Т. Мархель. Усю гісторыю гераіні п’есы яна данесла бязгучна. Гэта работа была высока ацэнена на многіх прэстыжных міжнародных фестывалях, дзе актрыса атрымлівала прызы за лепшую жаночую ролю. Таццяна Рыгораўна і сёння працуе на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Яна з поспехам іграе Маці, Зіму (“Адвечная песня” паводле Я. Купалы), Бабулю (“Белы анёл з чорнымі крыламі” Д. Балыка), Жызэль асеннюю (“Тры Жызэлі” А. Курэйчыка) і інш. У 2011 г. актрыса атрымала званне “Народная артыстка Беларусі”.
Імя Т. Мархель добра вядома і аматарам кіно. Яна здымалася ў фільмах “Трэцяга не дадзена”, “Людзі на балоце”, “Ідзі і глядзі”, “Подых навальніцы”, “Радаўніца”, “Маці Урагану”, “Яўдоха” і інш. Пра жыццё і творчасць актрысы таксама пастаўлены дакументальныя фільмы “І мацярынскі чуецца напеў” (1984), “Вось такі лёс” (1994) і інш.
За высокі прафесіяналізм, плённую дзейнасць у галіне культуры Т. Мархель узнагароджана шматлікімі дыпломамі, граматамі. У 2004 г. удастоена медаля Францыска Скарыны. У 2012 г. стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “Жанчына-легенда – 2012”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.