Краткая справка:
акцёр тэатра і кіно, народны артыст Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны (2020)
Имена на других языках:
Помазан Арнольд Кондратьевич (русский);
3422 символа
Справка
Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Я. Купалы заўжды шанцавала на таленавітых акцёраў. Сярод яго славутых прадстаўнікоў асаблівае месца займае Арнольд Кандратавіч Памазан, які стварыў цэлую галерэю запамінальных, яркіх вобразаў.
Нарадзіўся ён у г. Камсамольску-на-Амуры (Расія) у сям’і рабочага. Пасля вайны бацьку накіравалі на аднаўленне разбуранай гаспадаркі ў г. Судова Вішня Львоўскай вобласці (Заходняя Украіна). Арнольд Памазан упершыню выйшаў на сцэну, калі займаўся ў драматычным гуртку мясцовай школы. Сыграў Сяргея Цюленіна ў аматарскім спектаклі “Маладая гвардыя” паводле рамана А. Фадзеева. Пасля заканчэння школы бацькі забаранілі паступаць у тэатральны інстытут, і А. Памазан пайшоў вучыцца ў Львоўскае тэхнічнае вучылішча. Некалькі гадоў працаваў памочнікам машыніста паравоза, аднак пра сцэну не забываў і без дазволу бацькоў паступіў у акцёрскую студыю пры Львоўскім тэатры імя М. Занькавецкай, потым паехаў у Маскву. У Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва імя А.В. Луначарскага яго не прынялі толькі таму, што палічылі прафесійным акцёрам. Пасля няўдачы ў Маскве А. Памазан накіраваўся ў Мінск, дзе стаў вольным слухачом, а потым студэнтам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (курс Р. Качаткова і Б. Эрына).
У Беларускі тэатр імя Я. Купалы ён прыйшоў у 1967 г., адразу пасля заканчэння вучобы. Яшчэ студэнтам палюбіў вострахарактарныя і камедыйныя ролі. На сцэне Купалаўскага тэатра А. Памазан дэбютаваў у камедыі Ж.Б. Мальера “Мешчанін у дваранстве”. Потым былі створаны сцэнічныя вобразы з беларускага рэпертуару: Поп (“Тутэйшыя” Я. Купалы), Навум (“Ідылія” В. Дуніна-Марцінкевіча), Міхалка (“Ажаніцца – не журыцца” Далецкіх і М. Чарота), Гарык (“Пагарэльцы” А. Макаёнка), Косця (“Госці” І. Чыгрынава) і інш. Усе ролі А. Памазана – галоўныя і эпізадычныя – напоўнены жыццёвай праўдзівасцю, творчай імправізацыяй, гратэскавыя прыёмы спалучаюцца ў іх з тонкім аналізам і псіхалагічнай глыбінёй. Найбольш поўна талент акцёра праявіўся ў ролі Адольфа Быкоўскага ў камедыі “Паўлінка” Я. Купалы. Наследуючы набыткі сваіх славутых папярэднікаў Б. Платонава і З. Стомы, А. Памазан адкрыў шэраг новых рыс і фарбаў у характарыстыцы гэтага персанажа. На працягу 30 гадоў ён іграў Адольфа Быкоўскага і ў кожным спектаклі быў розным і непаўторным. Ад ролі да ролі крышталізавалася акцёрская індывідуальнасць А. Памазана, з’яўлялася ўпэўненасць у сваіх сілах, выпрацоўвалася асабістае бачанне вобраза. Дапытлівасць, удумлівасць, сур’ёзны падыход да справы сталі неад’емнымі якасцямі артыста. Асабліва яны праявіліся ў спектаклях па творах рускай і замежнай драматургіі – Кудраш (“Навальніца” А. Астроўскага), Алёша (“На дне” М. Горкага), Верхавод папаўнення анархістаў (“Аптымістычная трагедыя” У. Вішнеўскага), Баба Яга (“Пунсовая кветачка” Л. Браўсевіча і І. Карнавухавай), купец Абдулін (“Рэвізор” М. Гогаля), Марцін (“Валенсіянскія вар’яты” Лопэ дэ Вэгі), Незнаёмец (“Жанчына з мора” Г. Ібсена) і інш.
Акцёр зняўся ў кіна- і тэлефільмах “Я, Францыск Скарына” (1969), “Нас выбраў час” (1976), “Чужая бацькаўшчына” (1982), “Паміж жыццём і смерцю” (2002), “Вам – заданне” (2004) і інш.
Творчасць А. Памазана – своеасаблівая з’ява ў беларускім мастацтве. Надзелены ад прыроды вялікім талентам, ён цалкам аддае сябе любімай справе, і гэта дапамагло ўзняцца да вышынь творчасці і атрымаць у 1999 г. званне народнага артыста Беларусі.