Дата рождения:
24.03.1949 Бераснёўка, в., Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць
Краткая справка:
пісьменнік, сцэнарыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (2002), Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2015)
Имена на других языках:
Саламаха Владимир Петрович (русский);
3425 символов
Справка
Нарадзіўся Уладзімір Пятровіч Саламаха ў в. Бераснёўка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння Скачкоўскай сярэдняй школы Кіраўскага раёна (1966) быў залічаны на працу карэктарам у рэдакцыю раённай газеты «Зара» (з 1969 г. мела назву «Кіравец»). У 1968–1970 гг. служыў у арміі. У 1975 г. скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў старшым рэдактарам у Дзяржаўным камітэце Беларусі па кінематаграфіі (1975–1983). З 1983 г. – у часопісе «Маладосць». З 2003 г. У. Саламаха з’яўляўся намеснікам дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і Мастацтва», з 2004 г. быў галоўным рэдактарам часопіса «Вожык», з 2008 г. – выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». З 2010 г. працуе рэдактарам аддзела прозы ў часопісе «Полымя». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1982 г.).
Першыя апавяданні У. Саламахі «Блізкі далёкі бераг», «Яўменава хата» надрукаваны ў 1977 г. у часопісе «Маладосць». Першы зборнік «На ўзмежку радасці» выйшаў з друку ў 1980 г. Многія раннія творы былі падпісаны псеўданімамі У. Дабаснянскі, М. Печань, У. Бераснёўскі, У. Берасневіч, У. Масткоўскі. Ён аўтар зборнікаў «Заўтра ў дарогу» (1985), «Кавалёк – лесавая былінка» (1988), «Цяпло чужога сэрца» (1990), «Прывід у скураным крэсле» (1994), «Апазнаецца асоба мужчыны...» (1998), «Напрадвесні» (2001), «Там, дзе самота і радасці...» (2010), «І няма шляху чужога» (2014; Нацыянальная літаратурная прэмія, 2015). Апавяданні і аповесці У. Саламахі прасякнуты глыбокім псіхалагізмам. Героі – сучаснікі аўтара, якія шукаюць сваё месца ў жыцці. Творчым дасягненнем У. Саламахі стала апавяданне «Жыць тры дні», напісанае пісьменнікам у пачатку літаратурнай дзейнасці. Вобраз галоўнай гераіні Вольгі атрымаўся надзвычай праўдзівым і пераканаўчым. На думку некаторых даследчыкаў літаратуры, гэта «адзін з лепшых твораў «малога жанру» аб Вялікай Айчыннай вайне»*. Уладзімір Саламаха – аўтар нарысаў «Лесарубы», «На маёй зямлі», «Зямныя сімвалы», «На зялёных промнях Бярозы», «У кожнага чалавека свая рака» і інш. Многія з іх – сапраўдны гімн Радзіме. Аўтар піша аб прыродзе, яго хвалюе пытанне захавання экалагічнай раўнавагі на зямлі. Некаторыя празаічныя творы пісьменніка перакладзены на рускую, украінскую, эстонскую і іншыя мовы. Ён напісаў сцэнарыі, па якіх былі зняты дакументальныя і мультыплікацыйныя фільмы.
Уладзімір Саламаха вядомы таксама як таленавіты публіцыст. Ён напісаў шмат артыкулаў аб літаратуры, стварыў літаратурныя партрэты многіх беларускіх і рускіх пісьменнікаў (А. Грачанікава, У. Дамашэвіча, В. Гардзея, Ю. Зарэцкай, М. Грыбава, Я. Сіпакова і інш.). З’яўляецца аўтарам рэцэнзій на кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў. У выніку плённай працы У. Саламахі ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства былі выдадзены кніга літаратурнай публіцыстыкі і рэцэнзій «Званыя і выбраныя» (1999), зборнікі «Сусвет дабрыні» (2005) і «Літаратура: застаецца сапраўднае» (2014), куды ўвайшлі эсэ, артыкулы і дыялогі. У 1985 і 1987 гг. з’яўляўся лаўрэатам Міжрэспубліканскага конкурсу публіцыстыкі, у якім прымалі ўдзел пісьменнікі і журналісты Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Уладзімір Саламаха – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (2002), Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2015).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.
* Марціновіч А. Бяссонне Млечнага Шляху : выбр. старонкі беларус. літ. / Алесь Марціновіч. Мінск, 2016. С. 470.