Васіля Юр'евіча Ткачова, празаіка, паэта, драматурга, публіцыста, дзіцячага пісьменніка, добра ведаюць у Беларусі. Яго творы прысвечаны простым, сціплым людзям, іх вечным жыццёвым праблемам.
Будучы пісьменнік нарадзіўся ў в. Гута Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. У 1966 г. скончыў Ільічоўскую сярэднюю школу. Працаваў у раённых газетах «Кастрычнік» (г. Івацэвічы) і «Зара над Сожам» (г. п. Карма). Потым на два гады быў прызваны ў армію. Служыў у Расіі, Казахстане. У 1969 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палiтычнага вучылішча, якое скончыў у 1973 г. Быў накіраваны ў Ашхабад, дзе на працягу некалькіх гадоў з'яўляўся ваенным карэспандэнтам. У 1978 г. звольнены ў запас. Некаторы час працаваў старшым рэдактарам газетна-часопіснай рэкламы камбіната «Туркменгандальрэклама». У жніўні 1980 г. пераехаў у Гомель, дзе стаў карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Сельмашавец». З 1983 г. стыльрэдактар, спецыяльны карэспандэнт абласной газеты «Гомельская праўда». У 1989 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. У гэтым жа годзе выбраны сакратаром Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Удзельнічаў у рабоце ІХ з'езда Саюза пісьменнікаў СССР (Масква, 1992 г.). У 2006 г. стаў членам Саюза тэатральных дзеячаў.
Друкавацца В. Ткачоў пачаў з 1965 г. Першае апавяданне «Шчарбаты нож» было апублікавана ў 1966 г. у часопісе «Вясёлка». У 1975 г. выйшла кніга для дзяцей «Хітры Данік». Юным чытачам адрасуюцца таксама зборнікі «Партрэт салдата» (1984), «Вятрак – птушка вольная» (2003), «Незвычайны дыктант» (2004), п'есы-казкі з кнігі «Жыла-была Ёлачка» (2013). Працуючы ў дзіцячай літаратуры, пісьменнік стварае вершы, казкі, жарты, апавяданні, п'есы. Усё напісана вобразнай мовай, прасякнута любоўю і пяшчотай да маленькага чытача, тонкім адчуваннем псіхалагічных асаблівасцей дзяцей. Першыя празаічныя творы для дарослых увайшлі ў зборнік «Дзень у горадзе», які быў надрукаваны ў 1985 г. Потым з'явіліся кнігі «Мой рай зямны» (1997), «Тратнік» (2002), «Снукер» (2008), «Дом коммуны» (2010), «Под городом Горьким» (2011), «Так і жывём, брат» і «Варона» (2013), «Высокі страх» (2014), «На все село один мужик» (2015) і інш. Проза В. Ткачова прываблівае любоўю да чалавека, свежасцю думкі, вобразнасцю, каларытнымі запамінальнымі персанажамі. Аўтар з любоўю піша пра сваю малую радзіму і яе жахароў, на долю якіх выпалі нялёгкія жыццёвыя выпрабаванні. Яго героі – простыя людзі, якіх у народзе часта называюць дзівакамі. Аднак, В. Ткачоў, тонкі псіхолаг, раскрывае багацце іх унутранага свету, перажыванні, настрой душы. Пісьменнік падкрэслівае, што калі трэба, то яго героі гатовы пастаяць не толькі за сябе, але і выручыць з бяды іншых. Заявіў пра сябе В. Ткачоў і як таленавіты публіцыст. Яго кніга-дзённік «Пахвалі пражыты дзень» (1988) адразу прыцягнула ўвагу аматараў гэтага жанру. Васіль Ткачоў з'яўляецца таксама аўтарам кніг гумару «Карасі на пяску» (1977), «Смех на прызбе» (1995), «Крутыя хлопцы» (2001), «Булочка» (2011). Асобнай старонкай літаратурнай дзейнасці В. Ткачова сталі творы для тэатра. Ён напісаў народную драму пра пасляваенную беларускую вёску «Сівы бусел» і п'есу «Вокны» (пастаўлены ў 1985 г.), камедыі «Прыгоды з Канапухіным» і «Лесвіца» (пастаўлены ў 1988 г.), «Кветкі-ягадкі, або Курорт для зяця» (пастаўлена ў 1990 г.), «Шкірдзюкі займаюць абарону» і трагікамедыю пра паслячарнобыльскую бяду «Усмiхаўся месяц белай вiшнi» (пастаўлены ў 1996 г.), п'есы «Блакада ў Кругліцы» (1994), «Дурная баба» (1997), «Дрэва, альбо Жыццё ў адсутнасці дажджу» (1998), «Нехта праходзіць за аеном...» (2000), «Слуп» (2001) і іншыя, шматлікія аднаактоўкі «Дублёр», «Кубік Рубіка», «Неяк аднойчы», «Дублёр», «У лодцы без вясла», «Белы дрозд», «Арышт»і інш. Пісьменнік выдаў зборнікі п'ес «Последний» (2013), «Характары» (2016). У беларускіх тэатрах былі пастаўлены спектаклі для дзяцей па казкам В. Ткачова «Два мяхі цукерак» (2005), «Вушасцік» (2006), «Дзе жыве Некукарэка» (2008). Ён з'яўляецца таксама аўтарам радыёп'ес «Стары і дарога» (1995), «Мелодыя глінянай скрыпкі» (2005), тэлеп'ес «Добрае стаўленне да сабакі» (1996) і «Следчы эксперымент» (1999). На беларускую мову пісьменнік пераклаў п'есы «Маскоўскі хор» Л. Петрушэўскай (пастаўлена ў 1989), «Сцэны каля фантана» С. Злотнікава (пастаўлена ў 1991), казку «Старамодныя цуды» (2003). Ён з'яўляецца ўкладальнікам і рэдактарам шматлікіх калектыўных літаратурна-мастацкіх зборнікаў, у тым ліку «Настрой», «Вуліца Настаўніцкая», «Магістраль», «Пад небам Палесся» і інш. На абласным тэлебачанні вёў аўтарскую літаратурна-мастацкую праграму «На прызбе з Васілём» (2001–2003). Некаторыя творы В. Ткачова перакладзены на рускую, украінскую, польскую, туркменскую, удмурцкую і марыйскую мовы. Асобныя апавяданні ўключаны ў падручнікі для вучняў малодшых класаў.
Васіль Ткачоў прымаў удзел у многіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Ён з'яўляецца лаўрэатам шматлікіх літаратурных прэмій (імя І. Мележа, А. Капусціна, М. Доўнар-Запольскага, Кірылы Тураўскага, В. Віткі, расійскай прэміі Баяна). Па выніках драматургічнага конкурсу «Армия России: война и мир», які быў арганізаваны Упраўленнем культуры Міністэрства абароны Расіі да 70-годдзя Перамогі, п’еса «Марш Шульгіна» была рэкамендавана для пастаноўкі тэатрам Расіі. На Міжнародным фестывалі лялек «Ассаламалейкум-2015» (Казахстан) спектакль па п'есе В. Ткачова «Не все зайцы–кролики» прызнаны лепшым. У 2017 г. пісьменнік атрымаў Нацыянальную прэмію па літаратуры ў галіне драматургіі за зборнік пъес «Характары» (2016), у 2011г. прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за кнігу прозы «Снукер» (2011), у 2012 г. узнагароджаны знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру», у 2007 г. Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Ён з'яўляецца ганаровым грамадзянінам Рагачоўскага раёна (2016). У Быхаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі створана экспазіцыя, дзе шырока прадстаўлены матэрыялы пра жыццё і творчасць В. Ткачова.
Матэрыл падрыхтаваны ў 2018 г.