Аляксандр Пятровіч Пацалуеўскі нарадзіўся ў в. Букмуйжа Рэжыцкага павета Віцебскай губерні (цяпер Латвія) у сям’і сельскага настаўніка. Скончыў Віцебскую класічную гімназію (1914), Лазараўскі інстытут усходніх моў у Маскве (1918). У 1918‒1922 гг. працаваў выкладчыкам англійскай і французскай моў у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1922‒1923 гг. з’яўляўся лектарам, затым выкладчыкам на курсах Віцебскага губернскага аддзела народнай адукацыі. У 1921 г. Аляксандр Пятровіч наведаў Ташкент, дзе назіраў жыццё мясцовага насельніцтва і вывучаў методыку выкладання моў у мясцовых школах, пазнаёміўся з дзейнасцю Туркестанскага Усходняга інстытута і Ваенных курсаў усходазнаўства. З 1923 г. па запрашэнні ад Службы асветы Сярэднеазіяцкай чыгункі Ашхабада працаваў інструктарам-метадыстам. Адначасова выкладаў замежныя мовы ў вучэбных установах Ашхабадскага гарадскога аддзела народнай адукацыі. З 1926 па 1928 г. быў навуковым супрацоўнікам секцыі нацыянальнай культуры Дзяржаўнага Вучонага савета пры Народным камісарыяце асветы Туркменскай ССР. У 1928‒1932 гг. ‒ загадчык кабінета мовазнаўства Інстытута туркменскай культуры. З 1932 г. кіраваў сектарам мовы Туркменскага дзяржаўнага навукова-даследчага інстытута мовы і літаратуры, з 1940 г. ‒ сектарам мовы Інстытута гісторыі, мовы і літаратуры Туркменскага філіяла Акадэміі навук СССР. У 1943 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Аляксандр Пятровіч ‒ аўтар больш за 70 навуковых прац, прысвечаных граматыцы туркменскай і цюркскіх моў. Сярод іх ‒ «Руководство для изучения туркменского языка» (1929), «Фонетика туркменского языка» і «Диалекты туркменского языка» (1936), «Основы синтаксиса туркменского литературного языка» (1943) і інш. У 1975 г. выйшлі яго «Избранные труды». Вучоны ўнёс значны ўклад у распрацоўку новага туркменскага алфавіта на аснове лацініцы, што паспрыяла спрашчэнню і паляпшэнню якасці выкладання туркменскай мовы, павышэнню ўзроўня граматнасці насельніцтва, развіццю навуковых даследаванняў у галіне туркменскага мовазнаўства. Ён упершыню распрацаваў вучэбны курс туркменскага фальклору, выявіў наяўнасць танічнага вершаскладання ў туркменскай народнай паэзіі.
Мовазнавец актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. З 1935 па 1937 г. быў вучоным сакратаром Цэнтральнага камітэта новага алфавіта і моўнага будаўніцтва пры Прэзідыуме Цэнтральнага выканаўчага камітэта Туркменскай ССР. У 1935 г. прызначаны членам Савета пры Народным камісары асветы Туркменскай ССР. З 1940 г. быў членам Урадавай камісіі па ўвядзенні новага туркменскага алфавіта на аснове рускай графікі, членам Прэзідыума камітэта па справах навукі пры Савеце народных камісараў Туркменскай ССР, членам Вучонага савета Туркменскага філіяла АН СССР.
У 1943 г. за плённую навуковую і педагагічную дзейнасць Аляксандр Пятровіч удастоены звання заслужанага дзеяча Туркменскай ССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.