Дата рождения:
22.06.1951 Бабруйск, г., Магілёўская вобласць
Краткая справка:
кампазітар, аўтар апрацовак беларускіх народных песень для хору, музычных перадач радыё, стваральнік і кіраўнік першай на Беларусі прафесійнай дзіцячай вакальна-эстраднай студыі "Званочкі"
Варианты имени:
Серых Валянціна Васілеўна
Имена на других языках:
Серых Валентина Васильевна (русский);
2348 символов
Справка
«Ёсць нешта ўдумлівае, чыстае і неспакойнае ў яе чалавечым і музычным абліччы. Глыбокі і пільны позірк – і боязь гучных фраз. ...Знешне пазбаўленая эфектыўнасці і бляску, музыка … паступова раскрывае слухачам сваю глыбіню і змястоўнасць, сваю сціплую прыгажосць», – такую характарыстыку дала музыказнавец Ніна Юдзеніч кампазітару Валянціне Васільеўне Сярых у пачатку яе творчага шляху.
Валянціна Сярых нарадзілася ў Бабруйску. Вучылася ў музычнай школе, Мінскім музычным вучылішчы імя М. Глінкі. Педагогі заўважылі здольную вучаніцу і накіравалі яе ў Музычна-педагагічны інстытут імя Гнесіных (Масква). У гады вучобы В. Сярых узначальвала інстытуцкі клуб кампазітарскай моладзі, арганізоўвала канцэрты, сустрэчы з музыкантамі і кампазітарамі. Пасля вяртання ў Мінск працягвала актыўную творчую і выканальніцкую дзейнасць: выступала ў школах, дамах культуры, на прадпрыемствах, ладзіла аўтарскія вечары. З 1975 г. працавала ў Мінскім інстытуце культуры, з 1981 г. – у Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага. З 1986 г. выкладала кампазіцыю ў дзіцячых музычных школах Мінска.
Адным з першых твораў кампазітара, які прыцягнуў увагу прафесіяналаў і аматараў, стала Фартэпіяннае трыо. Твор вылучаўся сапраўднай сімфанічнасцю, сталасцю мыслення, прадуманасцю і рэжысурай. У 1978 г. В. Сярых была прынята ў Саюз кампазітараў Беларусі. У 1985 г. скончыла аспірантуру, пасля чаго стварыла сімфанічныя паэмы, цыкл фартэпіянных п'ес, вакальныя і харавыя творы на вершы М. Багдановіча, В. Фёдарава, М. Танка, Н. Гілевіча. Асаблівую ўвагу В. Сярых надавала вывучэнню фальклору. Вынікам сталі паэма для сімфанічнага аркестра, створаная на аснове калядных песень Палесся, песенныя цыклы на вершы Н. Гілевіча, «Вясковыя песні» (апрацоўка беларускіх народных песень).
Асобае месца ў творчасці кампазітара займае музыка для дзяцей. Яна з’яўляецца аўтарам шэрагу камерна-інструментальных мініяцюр і песень, якія вызначаюцца меладычнасцю, лірычнай напоўненасцю. Гэта песні «Залаты карасік», «Луна і слон», «Ручаёк», п'еса «Танец маленькага медзведзяня», песні-маналогі, песні-замалёўкі, музычныя жарты.
Творы Валянціны Васільеўны Сярых выконваюцца ў канцэртах, гучаць па радыё, уваходзяць у рэпертуар дзіцячых харавых калектываў.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2013 г.