Дата рождения:
12.07.1894 Мішуковічы, в., Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
11.01.1980 Брэст, г.
Краткая справка:
мастацтвазнавец, літаратуразнавец, аўтар артыкулаў па пытаннях беларускага і рускага выяўленчага мастацтва і літаратуры, удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі
Имена на других языках:
Us Anton Antonavitch (английский); Усс Антон Антонович (русский);
2446 символов
Справка
Сярод дзеячаў беларускай мастацкай культуры XX ст. вылучаецца асоба Антона Антонавіча Уса, тэарэтыка-даследчыка выяўленчага мастацтва Беларусі і Расіі.
Нарадзіўся ён у в. Мішуковічы Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і. У час Першай сусветнай вайны служыў у арміі. У 1919 г. уступіў у партыю бальшавікоў. Скончыў рабфак у Омску. У 1925‒1929 гг. вучыўся ў 2-м Маскоўскім дзяржаўным універсітэце на філалагічным аддзяленні педагагічнага факультэта, у 1929‒1932 гг. ‒ у аспірантуры Інстытута Чырвонай прафесуры ў Маскве. Пасля заканчэння ўніверсітэта А. Ус кіраваў сектарам масавай прадукцыі ў адным з цэнтральных выдавецтваў краіны (ИЗОГИЗ), сустракаўся з вядомымі мастакамі. У 1930‒1932 гг. загадваў кафедрай мастацтвазнаўства Маскоўскага ўніверсітэта. У 1932‒1934 гг. працаваў загадчыкам сектара літаратуры і мастацтва ЦК КП(б)Б. У 1934‒1935 гг. з’яўляўся дырэктарам Інстытута выяўленчых мастацтваў у Ленінградзе. Адначасова загадваў аддзелам рускага мастацтва другой паловы ХІХ ст. у Дзяржаўным Рускім музеі. У 1935 г. быў рэпрэсіраваны, да 1940 г. знаходзіўся ў зняволенні (рэабілітаваны ў 1956 г.). У канцы 1943 г. А. Ус вярнуўся ў Беларусь. Выкладаў у Гомелі рускую літаратуру па партыйных курсах, гісторыю мастацтваў – у Мінскім педагагічным інстытуце. У 1945 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў. Быў удастоены звання прафесара. Вучоны з’яўляўся старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (1945‒1947), працаваў у Брэсцкім педагагічным інстытуце на кафедры рускай літаратуры (1951‒1959).
З 1930 г. А. Ус актыўна публікаваўся на старонках рэспубліканскіх і ўсесаюзных часопісаў і газет («Мастацтва і рэвалюцыя», «Звязда», «Беларусь» і інш.) і ўнёс значны ўклад у папулярызацыю сучаснага беларускага мастацтва. Мастацтвазнавец развіваў канцэпцыю эстэтычнага пераўтварэння жыцця беларускага грамадства, падкрэсліваў важную ролю мастака-творцы і яго значнасць. Беларускае мастацтва разглядалася ім у кантэксце развіцця агульнаеўрапейскай мастацкай культуры. Даследчык аналізаваў творчасць Н. Сілівановіча, І. Рэпіна, В. Сурыкава, В. Пярова, І. Левітана, І. Шышкіна, С. Малюціна. Сапраўдную навуковую каштоўнасць мае перапіска А. Уса з Я. Коласам. Частка пісем апублікавана ў 13-м і 14-м тамах Збора твораў пісьменніка, якія выйшлі ў 1977 і 1978 гг. Мастацтвазнавец узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі.