Дата рождения:
22.04.1854 Ружаны, г. п., Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
09.01.1927
Краткая справка:
географ, краязнавец, этнограф, педагог, даследчык Табольскага краю (Расія), узнагароджаны ордэнамі Святой Ганны, Святога Уладзіміра і Святога Станіслава розных ступеняў, медалямі
Варианты имени:
Дунін-Гаркавіч Аляксандр Аляксандравіч
Имена на других языках:
Дунин-Горкавич Александр Александрович (русский);
4274 символа
Справка
Першыя падрабязныя даследаванні па гісторыі, геаграфіі, эканоміцы і этнаграфіі Табольскага краю (Расія) у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. былі зроблены нашым земляком Аляксандрам Аляксандравічам Дуніным-Горкавічам.
Нарадзіўся будучы даследчык у збяднелай шляхецкай сям’і ў мястэчку Ражаны Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак Ружаны ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў дома, затым вучыўся ў Гродзенскай класічнай гімназіі. Пасля заканчэння Лісінскага ляснога вучылішча (1873) у якасці ляснога кандуктара праходзіў стажыроўку ў Царскасельскім лясніцтве. У 1875 г. быў прызваны на вайсковую службу. У час руска-турэцкай вайны 1877–1878 гг. ваяваў на Балканах, атрымаў званне унтэр-афіцэра і ўзнагароджаны медалём «За храбрасць». Пасля дэмабілізацыі працаваў ляснічым на Разаншчыне.
У 1890 г. атрымаў накіраванне ў Табольскую губерню. Як спецыяліст з вялікім вопытам працы А.А. Дунін-Горкавіч узначаліў тут адно з самых буйных лясніцтваў Расійскай імперыі – Самараўскае. Гэта была аддаленая, суровая і нязведаная зямля ў басейнах рэк Іртыша і Обі. У якасці ляснічага і чыноўніка па асобых даручэннях Міністэрства земляробства (1908–1918) шмат падарожнічаў па краі. Адначасова з выкананнем непасрэдных службовых абавязкаў пачаў збіраць калекцыі зброі, прадметаў працы, побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва карэнных народаў. У 1896 г. на Усерасійскай мастацка-прамысловай выстаўцы ў Ніжнім Ноўгарадзе сабраны ім матэрыял быў адзначаны дыпломам «За навуковую каштоўнасць». У далейшым А.А. Дунін-Горкавіч мэтанакіравана сістэматызаваў і ўдакладняў звесткі аб краі. У 1898–1911 гг. на ўласныя сродкі здзейсніў шэраг маштабных экспедыцый па даследаванні прыродных і эканамічных умоў Табольскай Поўначы. Пераадолеў за гэты час больш за 50 тыс. км, сабраў унікальныя матэрыялы па геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, эканоміцы, духоўнай культуры асцякоў (хантаў), вагулаў (мансі), самаедаў (ненцаў), зыран (комі), правёў фота- і тапаграфічную здымку мясцовасці, вывучыў магчымасці развіцця суднаходства, чыгуначнага транспарту, раслінаводства, агародніцтва, жывёлагадоўлі, звярынага і рыбнага промыслаў і інш. Па выніках экспедыцый даследчык стварыў падрабязную карту Табольскай губерні са звесткамі аб сельскагаспадарчых, лясных і прамысловых угоддзях, населеных пунктах, колькасці і складзе мясцовага насельніцтва, падрыхтаваў больш за 60 рукапісных і друкаваных работ. Найбольш грунтоўным стала даследаванне энцыклапедычнага характару «Тобольский Север» (т. 1–3, 1904–1911). Валодаючы хантыйскай і ненецкай мовамі, выдаў таксама «Русско-остяцко-самоедский практический словарь наиболее употребительных слов» (1910).
Займаўся А.А. Дунін-Горкавіч таксама і грамадскай дзейнасцю: з’яўляўся членам Расійскага таварыства рыбалоўства і рыбаводства, Таварыства суднаходства, Табольскага губернскага статыстычнага камітэта, выконваў абавязкі ганаровага міравога суддзі Табольскага акруговага суда, кіраваў падрыхтоўкай і правядзеннем усерасійскага перапісу насельніцтва ў Сургуцкай акрузе (1896–1897) і інш. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. даследчык жыў і працаваў у Табольску. З’яўляўся памочнікам начальніка ўпраўлення землекарыстання, экспертам і навуковым кансультантам у дзяржаўных установах па пытаннях Поўначы, выступаў з паведамленнямі для грамадскасці, чытаў курсы аленегадоўлі і краязнаўства ў Табольскім зоаветэрынарным тэхнікуме і інш.
За вялікі ўклад, унесены ў даследаванне Табольскага краю, А.А. Дунін-Горкавіч быў узнагароджаны Малым залатым і Вялікім сярэбраным імя М.М. Пржавальскага медалямі Расійскага геаграфічнага таварыства, ордэнамі Святой Ганны, Святога Уладзіміра і Святога Станіслава розных ступеняў і інш. Ён з’яўляўся членам-карэспандэнтам Музея антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага Расійскай акадэміі навук, сапраўдным членам Заходне-Сібірскага аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства. За шматгадовую дзяржаўную службу яму быў нададзены чын стацкага саветніка. У гонар нашага земляка названы востраў у дэльце р. Обі, вуліцы ў Табольску і Ханты-Мансійску. У 2007 г. у Ханты-Мансійску ўстаноўлены помнік (скульптар У. Саргсян), у 2010 г. у былой сядзібе даследчыка ў Табольску адкрыты Музей гісторыі асваення і вывучэння Сібіры імя А.А. Дуніна-Горкавіча.