Дата рождения:
18.07.1809 Мсціслаў, г., Магілёўская вобласць
Дата смерти:
02.06.1886 Мсціслаўскі павет, Магілёўская губерня
Краткая справка:
расійскі і беларускі вучоны-гісторык, педагог, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН
Имена на других языках:
Куторга Михаил Семёнович (русский);
3552 символа
Справка
Адным з пачынальнікаў вывучэння гісторыі старажытнай Грэцыі ў рускай гістарычнай навуцы ў сярэдзіне XIX ст. стаў Міхаіл Сямёнавіч Кутарга.
Нарадзіўся будучы вучоны ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобласці. У 1813 г. сям’я пераехала ў Пецярбург. Пасля заканчэння гімназіі юнак паступіў у Пецярбургскі універсітэт на славеснае аддзяленне. У 1828 г. па распараджэнні цара была выбрана група найбольш здольных студэнтаў для навучання за мяжой – у Дэрпцкім універсітэце (цяпер Тартускі універсітэт у Эстоніі), а ў перспектыве на замежную стажыроўку. Сярод іх апынуўся і М. Кутарга. Ён быў накіраваны вывучаць усеагульную гісторыю ў створаны пры мясцовым універсітэце Дэрпцкі прафесарскі інстытут, які рыхтаваў прафесараў для вышэйшых навучальных устаноў. Магістэрскі экзамен М. Кутарга здаў у 1832 г. і ў гэтым жа годзе пасля абароны дысертацыі атрымаў ступень магістра філасофіі. Беларус у ліку лепшых выпускнікоў быў накіраваны ўдасканальваць веды ў Берлін. У 1833–1834 гг. працягваў адукацыю ў Парыжы, Гейдэльбергу, Мюнхене. Матэрыялы, сабраныя за мяжой, былі пакладзены ім у аснову манаграфіі “Политическое устройство германцев до VI ст.”, якая выйшла ў 1837 г., а праз год за дысертацыю “Колена и сословия аттические” аўтару была прысуджана навуковая ступень доктара філасофіі.
Яшчэ ў 1835 г. М. Кутарга пачаў працаваць выкладчыкам гісторыі ў Пецярбургскім універсітэце, з якім звязаў свой лёс на 34 гады. У 1869 г. вучоны перайшоў на кафедру ўсеагульнай гісторыі ў Маскоўскі універсітэт. Прытрымліваючыся ліберальных поглядаў, ён на працягу не толькі выкладчыцкай дзейнасці, а і ўсяго жыцця выступаў супраць прыгонніцтва і царскага самадзяржаўя. Аналізуючы працэсы, што адбываліся ў сівой мінуўшчыне, М. Кутарга праводзіў паралель з расійскай сучаснасцю. Не абыходзіў вучоны ўвагай і паняцце свабоды ў грамадстве, супастаўляючы яе з законнасцю. Захоплены гісторыяй, М. Кутарга не мог не задумвацца аб яе прызначэнні і ролі ў жыцці грамадства. Асноўныя свае меркаванні наконт гэтага вучоны выклаў у працы “О науке и ее значении в государстве” (1873). Першым у сусветнай гістарычнай навуцы вучоны пачаў даследаваць становішча рабоў і вольнаадпушчаных. Вынікам гэтай працы, якая заняла шмат гадоў, стала манаграфія “История афинской республики от убиения Иппарха до смерти Мильтиада” (1848). Ён пакінуў пасля сябе і такія выдатныя працы, як “Персидские войны” (1858), “Об историческом развитии понятия истории от древнейшей эпохи на Востоке до нашего времени” (1868).
М. Кутарга не належыў да “кабінетных вучоных”. Для яго на першым плане нязменна было знаёмства з першакрыніцамі. Неабходныя матэрыялы імкнуўся адшукаць у бібліятэках, архівах, у прыватных калекцыях. Практыкаваў і замежныя камандзіроўкі. Толькі ў Грэцыі пабываў тройчы. Вынікам паездак сталі шматлікія артыкулы па гісторыі Грэцыі, Егіпта, Персіі, што змяшчаліся ў асноўным на старонках “Современника”. Працуючы ў Расіі, М. Кутарга не забываў ніколі пра Беларусь. Разам са сваім братам Сцяпанам Сямёнавічам праводзіў вялікую культурна-асветніцкую работу сярод жыхароў Мсціслава і навакольных населеных пунктаў. У 1874 г. ён пакінуў Маскоўскі універсітэт і апошнія свае гады правёў на Бацькаўшчыне – у маёнтку Боркі, што знаходзіўся ў Мсціслаўскім павеце.
За сваё жыццё М. Кутарга напісаў вельмі шмат, нават збор яго твораў, што выйшаў у 1894–1896 гг., складаецца з двух тамоў, а для гісторыка гэта нямала. Навуковая дзейнасць вучонага не страціла сваёй пазнавальнай вартасці і ў наш час – з’яўляецца невычэрпнай крыніцай для даследчыкаў.