Краткая справка:
вучоны-матэматык, фізік-тэарэтык, асістэнт А. Эйнштэйна ў Берліне (1915–1928)
Варианты имени:
Громер Якуб
Имена на других языках:
Grommer Jakob (немецкий); Громмер Яков Пинхусович (русский);
1804 символа
Справка
Якаў Громер нарадзіўся ў Брэст-Літоўску (цяпер Брэст) у рэлігійнай сям’і. З дзяцінства займаўся вывучэннем Талмуда, бо бацькі бачылі сына рабінам. Аднак з-за праблем са здароўем, малады чалавек вымушаны быў адмовіцца ад гэтай мэты і ў 1905 г. выехаў у Германію каб заняцца адукацыяй.
У дваццацішасцігадовым узросце Я. Громер пачаў вывучаць матэматыку, фізіку і філасофію спачатку ва ўніверсітэтах Берліна і Марбурга. У 1907 г. пераехаў у матэматычную сталіцу Еўропы Гётынген, дзе слухаў лекцыі вядомых матэматыкаў таго часу Ф. Клейна, Г. Мінкоўскага, Д. Гільберта. У Гётынгенскім універсітэце пад кіраўніцтвам Д. Гільберта ў 1912 г. абараніў доктарскую дысертацыю па тэорыі цэлых і трансцэндэнтных функцый. Дысертацыя была настолькі выдатнай, што дала яму магчымасць атрымаць ступень доктара філасофіі (1913) без прадастаўлення атэстата сталасці. Праца адразу была надрукавана ў матэматычным часопісе, а крыху пазней выйшла ў Берліне асобнай кнігай.
У 1914 г. Я. П. Громер знайшоў неабходныя і дастатковыя ўмовы справядлівасці гіпотэзы Рымана ў аналітычнай тэорыі лікаў (няроўнасці Громера). У 1915 г. быў запрошаны ў Берлін на пасаду асістэнта А. Эйнштэйна – аднаго з заснавальнікаў сучаснай тэарэтычнай фізікі. Ён дапамагаў славутаму вучонаму ў распрацоўцы тэорыі адноснасці, у суаўтарстве з ім апублікаваў шэраг навуковых прац. Займаўся таксама складаннем падручнікаў па фізіцы і матэматыцы на іўрыце для сярэдніх школ Палесціны.
У 1928 г. Я. П. Громер па рэкамендацыі А. Эйнштэйна быў запрошаны на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У якасці прафесара матэматыкі педагагічнага факультэта чытаў курсы механікі, дыферэнцыяльных вылічэнняў і тэорыі імавернасцяў. З 1931 г. з’яўляўся таксама вядучым супрацоўнікам Фізіка-тэхнічнага інстытута Акадэміі навук БССР.