Вучоны ў галіне тэрапіі Рыгор Паўлавіч Мацвяйкоў нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыўшы сярэднюю школу ў 1948 г., паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. Пасля інстытута з 1954 па 1956 г. загадваў Мур-Ашмянскім сельскім урачэбным участкам Гродзенскай вобласці.
У 1956–1958 гг. з'яўляўся аспірантам кафедры шпітальнай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута. У 1959 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Функциональное состояние печени у больных хроническим тонзиллитом». Спачатку працаваў асістэнтам, а потым дацэнтам кафедры шпітальнай тэрапіі. У 1963 г. Р.П. Мацвяйкоў стаў загадчыкам 2-й кафедры шпітальнай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута, якой кіраваў на працягу 30 гадоў. У 1967 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Клинико-электрофизиологический анализ сердечной деятельности при хроническом тонзиллите». У 1969 г. вучоны стаў прафесарам. У перыяд з 1968 па 1990 г. быў галоўным тэрапеўтам Міністэрства аховы здароўя БССР, адначасова ў 1973–1994 гг. – галоўным рэўматолагам Міністэрства аховы здароўя БССР. З 1994 па 2002 г. з'яўляўся прафесарам 2-й кафедры ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Рыгор Паўлавіч Мацвяйкоў займаўся вывучэннем праблем рэўматызму: прафілактыкай, дыягностыкай, клінікай, арганізацыяй медыцынскай дапамогі, лячэннем. Даследаваў пытанні танзілярнай паталогіі, цесна звязаныя з функцыянальным становішчам розных органаў. Распрацаваў дыферэнцыяльна-дыягнастычныя крытэрыі танзілагенных і рэўматычных паражэнняў сэрца. Распрацаваная і эканамічна абгрунтаваная схема лячэння хворых рэўматызмам была ўдастоена бронзавага медаля ВДНГ СССР (1973). Вучоным арганізавана навуковая лабараторыя па вывучэнні калагенозаў (1973), у якой выкарыстоўваліся ўсе даступныя ў айчыннай і сусветнай рэўматалогіі методыкі дыягностыкі рэўматычных хвароб. Лабараторыяй распрацаваны імунагенетычныя фактары рызыкі рэўматычныя хвароб, вызначаны крытэрыі ранняй дыягностыкі асноўных дыфузных хвароб злучальнай тканкі (сістэмнай чырвонай ваўчанкі, сістэмнай склерадэрміі, дэрматаміязіту, рэўматоіднага артрыту) і прапанаваны дыферэнцыраваныя схемы іх лячэння, у тым ліку праграма лячэння сістэмнай чырвонай ваўчанкі. Распрацавана і ўкаранёна ў практыку новая арганізацыйная структура – сістэма тэлетайпнай кансультатыўнай дапамогі хворым рэўматычнымі хваробамі (сярэбраны медаль ВДНГ СССР, 1982).
Вучонаму належаць больш за 300 навуковых прац, у іх ліку манаграфіі «Клиническая реография» (у суаўтарстве, 1976), «Ревматизм» (у суаўтарстве, 1979), «Тонзиллогенные поражения сердца» (1979), «Справочник по организации терапевтической помощи» (1988). Пад рэдакцыяй Р.П. Мацвяйкова выходзілі даведачныя выданні «Справочник ревматолога» (1983), «Справочник участкового терапевта» (1986), «Справочник по дифференциальной диагностике внутренних болезней» (1990), «Справочник семейного врача» (1992), «Практические навыки терапевта» (1993) і інш. Вучоны з'яўляецца аўтарам шэрага метадычных рэкамендацый. Мае 13 вынаходніцтваў і 15 рацыяналізатарскіх прапаноў. Каля 30 навуковых прац апублікавана за мяжой. Пад яго кіраўніцтвам абаронены доктарскія і кандыдацкія дысертацыйныя работы. Таксама Р.П. Мацвяйкоў прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскіх навуковых з'ездаў і канферэнцый. З праграмнымі дакладамі выступаў на XIV–XVI Усесаюзных з'ездах тэрапеўтаў. Прымаў удзел у рабоце міжнародных кангрэсаў і канферэнцый. Чытаў лекцыі па пытаннях лячэння рэўматоіднага артрыту ў медыцынскіх цэнтрах ЗША (1989).
На працягу многіх гадоў Р.П. Мацвяйкоў узначальваў Беларускае навуковае таварыства тэрапеўтаў, быў членам прэзідыума Усесаюзнага навуковага таварыства рэўматолагаў, намеснікам старшыні прэзідыума Усесаюзнага навуковага таварыства тэрапеўтаў, членам Міжнароднай лігі інтэрністаў, Еўрапейскай лігі рэўматолагаў, рэдакцыйнай калегіі часопіса «Терапевтический архив», рэдакцыйных саветаў часопісаў «Ревматология», «Здравоохранение Белоруссии», савета па тэрапіі пры АМН СССР, старшынёй спецыялізаванага вучонага савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, навуковага савета па тэрапіі Вучонага медыцынскага савета Міністэрства аховы здароўя БССР, Беларускага аддзялення Савецкага камітэта «Урачы за прадухіленне ядзернай вайны».
За актыўную і плённую работу Р.П. Мацвяйкоў узнагароджаны медалямі, ганаровымі граматамі, значком «Выдатнік аховы здароўя» (1974). У 1979 г. прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР, а ў 1997 г. ён стаў ганаровым акадэмікам Беларускай Акадэміі медыцынскіх навук.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.