Дата рождения:
23.05.1959 Барысаў, г., Мінская вобласць
Краткая справка:
спартсмен (веласпорт), спартыўны дзеяч, заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён ХХІІ Алімпійскіх гульняў (1980, Масква), сярэбраны (1981) і бронзавы (1982) прызёр чэмпіянатаў свету, чэмпіён Еўропы (1979, 1980), чэмпіён СССР (1979, 1980), кавалер ордэна "Знак Пашаны", ганаровы грамадзянін Барысава
Имена на других языках:
Logvin Oleg (не определен); Логвин Олег Николаевич (русский);
2466 символов
Справка
Алег Логвін нарадзіўся ў Барысаве. У канцы 1960-х прыйшоў у секцыю веласіпеднага спорту ў родным горадзе.
У 1977 г. у складзе зборнай БССР Алег Логвін стаў другім на саюзным першынстве, а затым заняў другое месца на юніёрскім чэмпіянаце свету, у 1979 г. разам з партнёрамі па камандзе заваяваў сярэбраны медаль на Спартакіядзе народаў СССР. Тады ў беларускага спартсмена з'явілася надзея трапіць у склад алімпійскай каманды Савецкага Саюза.
У 1980 г. пасля перамогі ў галандскай шматдзёнцы “Алімпійскі велатур”, у якой удзельнічалі мацнейшыя велагоншчыкі свету, Алег Логвін быў уключаны ў склад зборнай СССР. Каманду рыхтаваў да спаборніцтваў вядомы велагоншчык і трэнер Віктар Капітонаў, пад кіраўніцтвам якога савецкія спартсмены двойчы выйгравалі залатыя медалі на Алімпійскіх гульнях у 1972 і 1976 гг. Гульні ў Маскве не сталі выключэннем: апярэдзіўшы сваіх галоўных сапернікаў – спартсменаў з каманды ГДР – на 1 хвіліну і 31 секунду, каманда СССР стала пераможцам у шасейных гонках на дыстанцыі 100 км. На п'едэстал гонару падняліся Юрый Кашырын, Алег Логвін, Сяргей Шалпакоў і Анатоль Яркін.
Наступны трыумф Алега Логвіна адбыўся ў маі 1981 г. на Велагонцы Міру. Маршрут яе пралягаў праз Берлін, Прагу, Варшаву і складаў 1 887 км. У складзе зборнай СССР спартсмен з Барысава стаў пераможцам. У гэтым жа годзе Алег Логвін у складзе каманды СССР заваяваў сярэбраны медаль на чэмпіянаце свету, у наступным годзе беларускі велагоншчык разам з камандай заняў трэцяе месца.
На чэмпіянаце СССР 1984 г. Алег Логвін заняў другое месца ў групавой гонцы і пацвердзіў сваё права на ўдзел у Алімпійскіх гульнях, аднак з-за байкоту XXIII Алімпійскіх гульняў у Лос-Анджалесе савецкая зборная не прымала ўдзел у спаборніцтвах. У 1984 г. зборная СССР зноў выйграла Велагонку Міру. У склад савецкай каманды велагоншчыкаў уваходзіў і Алег Логвін.
У 1986 г. знакаміты велагоншчык завяршыў спартыўную кар'еру і паступіў у Вышэйшую школу МУС, аднак у 1987 г. аднавіў трэніроўкі і праз год разам з камандай “Працоўныя рэзервы” заваяваў бронзавы медаль чэмпіянату СССР. Пасля вяртання ў вялікі спорт Алег Логвін увайшоў у першую савецкую прафесійную каманду “Альфа Люм”, з якой ён выступаў у Галандыі, Бельгіі, Францыі, Партугаліі.
Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры Алег Мікалаевіч Логвін стаў трэнерам.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.