Дата рождения:
23.01.1959 Орша, г., Віцебская вобласць
Краткая справка:
спартсмен (плаванне), майстар спорту СССР міжнароднага класа, заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў (1980, Масква), сярэбраны прызёр ХХІ і ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў (1976, Манрэаль; 1980, Масква), чэмпіён (1977) і бронзавы прызёр (1981) чэмпіянатаў Еўропы, чэмпіён СССР (1978, 1981)
Имена на других языках:
Koplyakov Sergey (не определен); Копляков Сергей Викторович (русский);
2091 символ
Справка
Сяргей Каплякоў нарадзіўся 23 студзеня 1959 г. у г. Орша Віцебскай вобласці. У плаванне прыйшоў, каб перамагчы страх перад вадой, пасля таго, як выпадкова ледзь не патануў. У секцыі плавання Сяргея заўважыў трэнер Эдуард Станіслававіч Чавус. Ужо ў 10 гадоў пад яго кіраўніцтвам юны спартсмен выйграў першынства Беларусі сярод школьнікаў. У няпоўныя 15 гадоў ён стаў майстрам спорту СССР. Пасля такога поспеху на Каплякова звярнулі ўвагу маскоўскія і ленінградскія школы плавання. Ужо з'яўляючыся членам нацыянальнай зборнай СССР, Сяргей Каплякоў пераехаў у Ленінград, дзе стаў трэніравацца пад кіраўніцтвам Генрыха Яроцкага.
Напярэдадні XXI Алімпійскіх гульняў у Манрэалі ў 1976 г. па патрабаванні трэнера беларускага спартсмена ўключылі ў склад алімпійскай эстафетнай каманды 4х200 метраў вольным стылем. Партнёрамі Каплякова сталі майстры спорту СССР міжнароднага класа Андрэй Крылоў, Уладзімір Раскатаў і Андрэй Багданаў. На XXI летніх Алімпійскіх гульнях савецкая каманда заваявала ў эстафеце сярэбраны медаль, а беларускі спартсмен ужо ў 17 гадоў стаў прызёрам Алімпіяды.
Праз 4 гады на XXII летніх Алімпійскіх гульнях у Маскве савецкай эстафетнай камандзе з удзелам Сяргея Каплякова ўдалося заваяваць “золата” ў эстафеце 4х200 метраў вольным стылем і “серабро” ў эстафеце 4х100 метраў камбінаваным. Таксама беларус заваяваў залаты медаль у індывідуальным спаборніцтве на 200 метраў кролем. На гэтай Алімпіядзе Каплякоў пабіў свой жа сусветны рэкорд, устаноўлены годам раней. У 1979 г. у матчавай сустрэчы спартсменаў СССР і ГДР на дыстанцыі 200 м вольным стылем Каплякоў устанавіў сусветны рэкорд – 1 хвіліна 49,83 секунды. А на Алімпіядзе яго вынік быў ужо 1 хвіліна 49,81 секунда.
Нягледзячы на выдатныя поспехі на Алімпійскіх гульнях, спартсмен пакінуў вялікі спорт вельмі рана – у 23 гады. Пазней Сяргей Каплякоў стаў старэйшым трэнерам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі ў Мінску, быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.